Андрэ́йка, андрэй, андручок, андрэйка‑калода, андрэйка‑канарэйка, андрэйка‑купарэйка, андрэйка‑лябёдка і інш. ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (Шаталава, Веснік БДУ, 1970, 3, 65). Упадабненне імені — другасная з’ява, як і ў шэрагу іншых назваў насякомых, напр.: хвэдорко, пятрушачка, пэтрык, федарка, федрык, матрунька, пятрок, пэтрычок, пятрук, петрачка, петра, пытро і інш. Магчыма, назва паралельная да бэдрык, бэндрык, едрайко, едранец, вэдрык, ветрык, вадрык, відрык, параўн. польск. biedronka і wiodrunka. Напярэдадні дня св. Андрэя (29 лістапада) у палякаў моладзь варажыла пра будучага жаніха (andrzejki), а ў рускіх з гэтым днём звязаны народныя (павер’і аб надвор’і зімой (Даль, 1, 17); цікава адзначыць у сувязі з гэтым наўрад ці выпадковае выкарыстанне адной з назваў божай кароўкі ўкр. ведрик або бедрик у зімовых каляндарных песнях-шчадроўках. Але зімой, звычайна, андрэйкі не лятаюць, таму адзначым, што другі Андрэй святкаваўся 4 ліпеня. Усё гэта дае падставу для пераносу ўласнага імя Андрэй на насякомае і семантычных кантамінацый. Гл. ведрык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праца, занятак у якой‑н. галіне. Грамадская дзейнасць. Гаспадарчая дзейнасць. □ Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.

2. Сукупнасць дзеянняў, мерапрыемстваў якога‑н. прадпрыемства, установы, арганізацыі. З кожным годам актывізуецца дзейнасць бібліятэк. «Звязда». Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі.

3. Работа, функцыяніраванне якіх‑н. органаў, арганізма. Сардэчная дзейнасць. Дзейнасць кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга. // Дзеянне сіл прыроды. Разбуральная дзейнасць ветру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напярэ́дадні, прысл. і прыназ.

1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяплі́цца, цепліцца; незак.

1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.

2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.

3. Зал. да цяпліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

О́тхлань ’супакаенне душы на тым свеце, чысцец’ (Нас., Багд., Федар. I). Параўн. вотхлань (гл.) ’чысцец’ (Шэйн. 2). Значэнне ’чысцец’ не зусім дакладнае. Федароўскі (1, 221) дае для гэтага слова наступны кантэкст: «У ночы між Усіх святых а Задушным днём, душы змарлые з неба, з пекла, з атлхлані і з чысьца прыходзяць да дому», з якога відаць, што отхлань і чысцец — розныя сферы таго свету. Насуперак Булыку (Запазыч., 232) нічога агульнага з польск. otchłań ’бездань’ не мае. Аб гэтым сведчаць іншыя значэнні гэтага слова і ў першую чаргу ’адпачынак, перапынак’ (Нас.). Параўн. без атхлані ’без перапынку’ (Нас., Яруш.). Не даваць атхлану ’адбывацца бесперапынна’. Звязана па паходжанню з адхлан (гл.) ’адпачынак, перапынак’ (Нас., ТС), ’прахалода, халадок’ (Нас.). Магчыма, што ў ТС (3, 290) прадстаўлена таксама гэта другое значэнне: не даваць атхлану ’не даваць прахалоды’. Параўн. адзіны кантэкст: «Дождж не дае нам атхлану». Тады ўся гэта група слоў да *ад‑халод‑нь/*ад‑халод‑н. Параўн. халонна ’холадна’, халонны ’халодны’ (Бяльк., 470), гл. халонуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

день в разн. знач. дзень, род. дня м.;

выходно́й день выхадны́ дзень;

день о́тдыха дзень адпачы́нку;

День печа́ти Дзень дру́ку;

он пять дней боле́л ён пяць дзён хварэ́ў;

а́вгуста пя́того дня жні́ўня пя́тага дня;

день за днём дзень за днём;

день-друго́й дзень-другі́;

день ото дня́ з ко́жным днём;

и́зо дня в день дзень пры дні;

со дня на́ день з дня на дзень;

день в день дзень у дзень;

день и ночь дзень і ноч;

счи́танные дни лі́чаныя дні;

чёрный день чо́рны дзень;

на днях гэ́тымі дня́мі, (только в прошлом) надо́ечы;

в оди́н прекра́сный день аднаго́ ра́зу, аднаго́ дня, адно́йчы;

средь бе́ла дня сяро́д бе́лага дня;

тре́тьего дня заўчо́ра, пазаўчо́ра;

день-деньско́й цалю́ткі (цэ́лы) дзень, з ра́ніцы да ве́чара;

до́брый день! до́бры дзень!;

по сей день да гэ́тага дня;

не по дням, а по часа́м не па днях, а па гадзі́нах;

в один день за адзі́н дзень.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., з кім-чым.

1. Даглядаць дзіця. — З намі жыла мая маці. Днём яна няньчылася з дзіцем. Васілевіч. Прыйдзе [муж] дахаты змардаваны, павячэрае і лажыцца спаць.. А [жонка] прадзе ды з дзяцьмі няньчыцца. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Празмерна клапаціцца аб кім‑, чым‑н., аддаваць многа ўвагі каму‑, чаму‑н.; вазіцца. Дактары.. [чалавека] з рук не выпускалі. І прафесары і акадэмікі няньчыліся з ім. Паслядовіч. // Гуляць, забаўляцца. [Марына] няньчылася з.. [мопсам], нібы малое дзіця з лялькай, ад душы смяялася з яго забаўных выхадак і нават размаўляла з ім, як з чалавекам. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе ў рэчаіснасці; не ўяўны. Рэальны прадмет. Рэальны факт. □ Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. // Сапраўдны, яўны. «Грамада» з кожным днём расла і набірала сілы, станавілася рэальнай пагрозай для акупацыйных планаў урада на «крэсах усходніх». Машара.

2. Заснаваны на разуменні і ўліку наяўных умоў, абставін. Рэальны погляд на жыццё. Рэальная ацэнка абставін.

3. Які можа быць ажыццёўлены, здзейснены. Рэальныя планы. Рэальны тэрмін.

4. Уст. Тое, што і рэалістычны (у 2 знач.).

•••

Рэальнае вучылішча гл. вучылішча.

Рэальная заработная плата гл. плата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.

2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».

•••

Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грані́ца, ‑ы, ж.

1. Прыродная або ўмоўная лінія, якая раздзяляе два сумежныя ўчасткі зямлі, дзве адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і пад.; мяжа. Рэчка паўставала перада мной не толькі як граніца сенажацей двух калгасаў, а як нейкая своеасаблівая мяжа паміж двума светамі: цяжкім мінулым і шчаслівым сённяшнім днём. Шуцько. // Лінія, якая раздзяляе тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Дзяржаўная граніца. □ Цяпер мяне кліча Радзіма, І я на граніцу іду. Панчанка.

2. Мера дазволенага; край, рубеж. Аўгіння жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Колас.

•••

За граніцай — у замежных дзяржавах.

За граніцу — у замежныя дзяржавы.

З-за граніцы — з замежных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)