утра́ціць, утрачу, утраціш, утраціць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і страціць. Пацее Яська, чуць не плача, Сказаць штось хоча і баіцца Утраціць гонар, памыліцца. Колас. «Усё мудруе нейкай трасцы, усё яму [Юзіку] трэба не так, як людзі робяць! Нейкі воз сена ўтраціў, не дадуць цяпер», — думаў стары. Крапіва. — Ну, акурат казачны паляшук [дзядзька], што і чорта ашукае, і богу не дадасць, і пана ў лыжцы вады ўтопіць, а свайго не ўтраціць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мі́стыка ’вера ў надпрыродныя, таямнічыя сілы і зносіны з імі чалавека’, ’нешта загадкавае, нерастлумачальнае’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое праз зах.-еўр. мовы прыйшло са ст.-грэч. μυστικός ’таямнічы’. Не выключана ў якасці пасрэдніцы польск. мова, як у лексемы містэрыя ’тайныя абрады ў гонар бажаства ў старажытных краінах’, ’рэлігійная драма ў сярэднія вякі’, ст.-бел. мистерия ’містэрыя, таінства’ (XVI ст.), якое са ст.-польск. misteryjum < с.-ням. Mysterium (мн. л. Mysteria) < лац. mystērium < ст.-грэч. μυστήριον ’тайна, таінства’ (Булыка, Лекс. запазыч., 179; Фасмер, 2, 627) < ст.-грэч. μύω ’закрываю вочы, стульваю губы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыу́мф ‘урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай’, ‘бліскучы поспех, выдатная перамога’ (ТСБМ), ‘урачыстасць’ (Некр. і Байк.); ст.-бел. трыумфъ, триумфъ ‘урачыстасць з выпадку перамогі’ (1580 г.), мн. л. трыумпы (Золтан, Athila). Запазычана са ст.-польск. tryumf ‘тс’ або непасрэдна з лац. triumphus ‘трыумф’, ‘урачысты ўезд’ < вокліч triumpe! (які выкрыкваўся ў дзень свята ўрадлівасці) < ст.-грэч. νρίαμβος ‘гімн у гонар Вакха’, ‘які трыумфуе, святкуе’ < τρί‑ομφος ‘трайны крок’ (Вальдэ, 1906, 637–638; Фасмер, 4, 103; ЕСУМ, 5, 646; Булыка, Лекс. запазыч., 66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

восстанови́ть сов.

1. в разн. знач. аднаві́ць; вярну́ць;

восстанови́ть в до́лжности аднаві́ць на паса́дзе;

восстанови́ть честь вярну́ць го́нар;

восстанови́ть в па́мяти аднаві́ць у па́мяці;

2. (сооружение, хозяйство, промышленность) адбудава́ць, аднаві́ць;

3. (против кого, чего) настро́іць; (подстрекнуть) падбухто́рыць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Калі́нкі ’свята ў гонар маладой, калі яна аказалася нявіннай’ (З—ч). Рус. арэнб. калинка, параўн.: «Пирушка на второй день свадьбы, когда присутствующим показывают свадебную сорочку новобрачной, свидетельствующую о ее невинности, а родителей новобрачной угощают калиновой настойкой» (СРНГ, 12, 356), варонеж. распивать калинку (пра абрад на трэці дзень вяселля) больш далёкае, аднак таксама звязана з калінай. Калину ломати — у вясельных песнях: ’губляць нявіннасць’, калину стратити ’згубіць нявіннасць’. Семантыка, відаць, усх.-слав., аднак што датычыць бел. калінкі і рус. паралелі, цяжка сцвярджаць, што тут утварэнне таго ж перыяду, хутчэй за ўсё інавацыя ў абмежаваным арэале з наступнай экспансіяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

накпі́ць, ‑кплю, ‑кпіш, ‑кпіць; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.

Злосна пасмяяцца, паздзекавацца з каго‑, чаго‑н. Ашукаць або хоць накпіць з акупанта быў немалы гонар. Лужанін. А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву, Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.

Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́ньба, ‑ы, ж.

1. Бясслаўнае становішча, якое выклікае крайняе асуджэнне, пагарду. — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Бядуля. Лепш са славаю памерці, Як жыць у ганьбе пад ярмом. Глебка. // Пра дзеянні, учынкі, якія выклікаюць пагарду, асуджэнне. Лічылася ганьбай, калі хто выдасць паліцыі зборшчыка. Машара. // Тое, што знеслаўляе, прыніжае чыю‑н. годнасць. — П’янства — гэта ганьба, і з ім мы змагацца будзем, — спакойна прамовіў Дзімін. Карпаў.

2. Загана, недахоп. Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапс[а]рдак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяргі́ня ’кветка, Dahlia Cav., Dahlia variabilis Desf.’ (БРС, Кіс., Шат., Касп.; глус., Янк. Мат.), укр. жоржина, рус. георги́н(а), польск. georgina, в.-луж. jurina, чэш. jiřina, славац. georgína, славен. georgina, серб.-харв. георги́на, макед. георгина, балг. георгина. Кветка Dahlia ў ням. мове была названа ў гонар рускага батаніка І. Г. Георгі ў 1801 г. Georgine (Клюге, 119; Фасмер, 1, 402) і ў першай палавіне XIX ст. запазычана ў рус. мову (Гараеў, 1896; Шанскі, 1, Г, 55–56). У бел. гаворкі — з польск. або з рус. мовы. Пачатковае г‑ (g‑) вымаўлялася як [й] або [г], якія замяніліся прыстаўным в‑. Глус. вяргі́ня ’табака з прыемным пахам’ (Янк. Мат.) з’яўляецца пераносам паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

о́пера, ‑ы, ж.

1. Музычна-драматычны твор, у якім выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра. Оперы С. Манюшкі. Оперы П. І. Чайкоўскага. Оперы Ю. Семянякі. // Такі твор, пастаўлены на сцэне. Скончыўся другі акт оперы, абвясцілі перапынак. Шамякін.

2. Тэатр, дзе выконваюць такія творы. Пайсці ў оперу. □ У канцы.. інфармацыі паведамлялася, што сёння ў тэатры Оперы ў гонар гасцей адбудзецца ўрачысты канцэрт. Самуйлёнак. // Оперная трупа. Міланская опера.

•••

З другой (не з той) оперы (жарт. або іран.) — аб тым, што не мае дачынення да справы або размовы.

[Іт. opera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)