дзеравя́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Невялікі кавалак дрэва; драўляная частка чаго‑н. Глуха ляпаюць адна аб адну дзеравяшкі прыкладаў. Паўлаў.

2. Штучная драўляная нага. Вунь ідзе дзядзька Пракоп на дзеравяшцы... Па ўезджанай коўзкай саннай дарозе ён неяк смешна ступае. Сабаленка. У вялікім утульным крэслі драмаў вартаўнік — яшчэ не стары чалавек з дзеравяшкаю, прывязанаю да калена. Грахоўскі.

3. мн. (дзеравя́шкі, ‑шак). Абутак на драўлянай падэшве. Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кінуў дзеравяшкі пад прызбу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.

2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.

3. Звінець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.

2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустава́ць, ‑туе; незак.

Быць пустым, незанятым кім‑, чым‑н. Гасцініца другі дзень пуставала: старыя жыхары раз’ехаліся, а новыя не прыехалі. Асіпенка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Колас. Андрэй сядзеў у вагоне прыгараднага цягніка, які памалу рухаўся ад станцыі да станцыі. Амаль палова лавак пуставала. Чарнышэвіч. // Быць неапрацаваным, незасеяным (пра поле, зямлю). Другі б на месцы старой разгубіўся, кінуў агарод пуставаць і зараз бы пайшоў у старцы. Сяркоў. [Старшыня:] — Вунь за вузкай, пад балотцам, цэлых паўгектара пустуе... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Легчы, шырока раскінуўшы рукі, ногі. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек. Лынькоў. // Шырока, у розныя бакі працягнуць свае галіны, лісты; пышна разрасціся. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу. Колас.

2. Размясціцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; далёка працягнуцца. Вунь аж да Нёмана раскінуўся бяскрайні луг. С. Александровіч. Ад вакзала да самага Амура раскінуўся вялікі новы горад. Грахоўскі.

3. Разм. Патраціцца на што‑н. Гаспадарлівы не надта раскінецца. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Адзі́н, ст.-рус. одинъ, рус. один, укр. один, чэш. jeden, славац. jeden, польск. jeden, в.-луж. jedyn, н.-луж. jaden, ст.-слав. ѥдинъ, балг. един, макед. еден, серб.-харв. јѐдан, славен. eden. Прасл. edinъ < ed‑inъ, у якім першы кампанент той жа, што і ў рус. едва і інш., лац. ecceвунь’ (і.-е. заім. e‑). Гл. Бругман, IF, 23, 310; Бернекер, 1, 262; Мікала, Ursl. Gr., 3, 56 (параўн., аднак, Пізані, Paideia, 8, 2, 111); або ідэнтычны ст.-інд. ādíḥ. Гл. Ван–Вейк, IF, 30, 384, супраць Бернекер, там жа, 263, Гуер, Slavia, 2, 560; другі кампанент параўноўваецца з гоц. ains, лац. ūnus (< *oinos) і інш. Гл. Мейе, MSL, 14, 348; Бернекер, там жа, 262. Вайян (WS, 7, 4, 342) выводзіць jedinъ з *jedьjinъ, прычым першы кампанент да с.-балг. еде кой такі ці такі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лён, лёну і ільну́; мн. льны (ільны́), ‑о́ў; м.

1. Травяністая расліна сямейства лёнавых, са сцяблоў якой атрымліваюць валакно, а з семя — алей. Сеяць лён. Рваць лён. Лён-даўгунец. □ Зацвітае ў палях нашых лён, Валакністы лянок сінявокі. Хведаровіч. Я іду... Рассцілаюць дзяўчаты ільны — Нібы гаці пракладваюць простыя. Панчанка. // толькі мн. (льны́ (ільны́), о́ў). Пасевы, усходы гэтай расліны. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера, мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка.

2. Валакно, якое вырабляецца са сцяблоў гэтай расліны. Прасці лён.

•••

Горны лён — від азбесту, здольнага расшчапляцца на вельмі тонкія валокны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.

2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падму́рак, ‑рка, м.

1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.

2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.

•••

Закласці падмурак гл. закласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)