праці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Прабрацца, пранікнуць у што‑н. вузкае, цеснае ці паміж кім‑, чым‑н. Таццяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Ёй удалося праціснуцца. Васілёнак. Свідраль устаў, апрануў паліто і праціснуўся праз парадзелы натоўп да дзвярэй. Дуброўскі. Статкевіч праціснуўся між лавак. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссунуць.

2. у знач. прым. Набліжаны адзін да другога. На [дзвюх] ссунутых лаўках, там, дзе звычайна стаіць стол, ляжала Таня. Шамякін. // Насуплены, нахмураны (пра бровы). Ссунутыя бровы, маршчакі на лбе і нейкі шкляны бляск вачэй столькі выказвалі болю душы, што Ахтан баяўся паварушыцца. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.

Даваць, дастаўляць каму‑н. ежу; карміць. Харчаваць усю сям’ю. □ Тут кожны быў другому друг, Тут харчавалі партызанаў, Тут раздавалі сотням рук Вінтоўкі, кольты і паганы. Таўбін. Калі нас так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́карабкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. З вялікімі цяжкасцямі вылезці, выбрацца адкуль‑н. [Піліп Андрэевіч:] — Пакаціліся — то я.. [Сеньку] пад сябе падбяру, то ён наверх выкарабкаецца. Краўчанка. Міша сутаргава хапаўся рукамі за лёд, але выкарабкацца [з вады] не мог. Шыловіч. // перан. Выйсці, вызваліцца з цяжкага становішча. Як бы сабе ні было, а ён [Арцыховіч] выкарабкаўся з непрыемнага становішча. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак.

Зрабіць (рабіць) імклівы напад на пазіцыі праціўніка. [Сцяпанаў] паспеў ужо атакаваць чацвёрку «фокераў», аб якіх папярэджваў наводчык. Алешка. / У спартыўных гульнях. Пешкі белых атакавалі пазіцыю чорнага караля. // перан. Разм. Настойліва і неаднаразова дамагацца чаго‑н. Забыўшыся на свае абавязкі гаспадара,.. [Лявон] атакаваў свайго госця безліччу пытанняў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заро́бак, ‑бку, м.

Разм.

1. Тое, што і заработак (у 1 знач.). [Механік] паведамляў, што працуе на трактарным заводзе ў Харкаве. Работа па душы, заробак — дай бог! Алешка.

2. звычайна мн. (заро́бкі, ‑аў). Тое, што і заработак (у 2 знач.). Старэйшы брат Васіля, які штогод выязджаў на заробкі ў Данбас, прывёз летам гармонік. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сінізна́, ‑ы, ж.

Разм. Сіні колер чаго‑н. Калі ўвесь час глядзець угору, то можна ўбачыць, як на лёгкай сінізне неба гэтак жа павольна, як і хмаркі, ляціць бялюткае павуцінне. Алешка. // Сіняватае адценне чаго‑н. Чалавек у пенснэ разгарнуў зялёную папку, выцягнуў батыставую хустачку, правёў ёю па чорных да сінізны вусах. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смо́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смалісты. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас. Ад смольнага паху, разамлелай гарачыні злёгку кружыцца галава, стукае ў скронях. Навуменка. Ведай — лесаруба цяжкая работа, Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. Святло падала на шчаку з ямачкай, на смольныя валасы і зграбную белую шыю. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэнірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад трэніраваць.

2. у знач. прым. Які прайшоў добрую трэніроўку. Вышыня была вялікая, але ж для трэніраванага і здаровага чалавека яна не небяспечная. Алешка. // Добра развіты сістэматычнай трэніроўкай. [Юткевічу] здавалася, што бацька прыходзіць сюды для таго толькі, каб выхваляцца перад ім сваім дужым і трэніраваным целам. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаі́ць, утаю, утоіш, утоіць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Захаваць у тайне, скрыць ад іншых. Далажыў [Пішчыкаў], чым займаўся полк. Нічога не ўтаіў, усё расказаў. Алешка. Не ўтаю, што часамі журыўся Я вясенняю звонкай парой. Астрэйка. Салдаты стрымлівалі слёзы, стараючыся ўтаіць іх ад камандзіра. «ЛіМ».

2. Прысвоіць. Утаіць чужыя грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)