фі́рма, ‑ы, ж.

1. У капіталістычных краінах — прамысловае ці гандлёвае прадпрыемства, пад маркай якога прадаюцца ці вырабляюцца тавары. Замежныя машыны відны ў вялікіх люстраных вітрынах — іх прадаюць іншакраінныя фірмы. Мележ. Зоркай ён [Хендрыкс] стаў дзякуючы бясспрэчнаму музычнаму таленту, на якім нажываліся менэджэры, фірмы грамзапісаў, буйнейшыя выдаўцы. «ЛіМ».

2. У Савецкім Саюзе — аб’яднанне аднародных або сумежных прадпрыемстваў.

3. перан. Разм. Знешні выгляд, прыкрыцце чаго‑н. Пустая забава пад фірмай кахання.

[Іт. firma — подпіс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́федра ’ўзвышэнне, памост для лектара або прамоўцы’; ’аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе’; ’пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа)’ (ТСБМ). У царкоўным значэнні гэта запазычанне, як мяркуе Шанскі, 2, К, 100–101, з с.-грэч. і ў форме катедра ўпершыню адзначаецца ў Бярынды. Але форма катедра адлюстроўвае, хутчэй, лац. форму cathedra (< грэч.). Параўн. адносна ўплыву на націск слова лац. мовы (ка́федра замест старога кафе́дра) Фасмер, 2, 212. Сучасныя формы слова сустракаюцца з 1686 г. (ка́федра). Гл. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́нак, ‑нку, м.

1. Месца рознічнага гандлю спажыўнымі прадуктамі і іншымі таварамі; базар. Усё лета вазілі гуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Якімовіч. Пакуль [Маша] схадзіла на рынак, купіла свежай гародніны ды бялізну памыла, і дзень праляцеў. Гроднеў.

2. Спец. Сфера таварнага абарачэння, сістэма эканамічных сувязей паміж таваравытворцамі. Знешні рынак. Унутраны рынак. Сусветны рынак.

•••

Агульны рынак — міжнароднае дзяржаўна-манапалістычнае аб’яднанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страфа́, ы́; мн. стро́фы (з ліч. 2, 3, 4 страфы́), строф; ж.

У вершаскладанні — інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі ці клаўзуламі. Байка [Багушэвіча] складаецца з чатырохрадковых строф з перакрыжаванай рыфмоўкай. Казека. // Адносна закончаная частка вершаванага твора. Я ні сабе, ні другу дараваць Больш не магу страфы ніводнай дрэннай. Панчанка. І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту. Колас. Строфы Купалы даводзілася сустракаць нават на сценах камер многіх астрогаў, куды толькі траплялі беларускія рэвалюцыянер ы. Таўлай.

[Грэч. strophē — кружэнне, абарот.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

царква́, ‑ы; мн. цэрквы, ‑аў; ж.

1. Рэлігійнае аб’яднанне духавенства і веруючых на аснове агульнасці веры, вучэння і абрадаў набажэнства. Праваслаўная царква. Каталіцкая царква. Будыйская царква. □ Царква ў Расіі была неад’емнай часткай дзяржавы, адным з яе ведамстваў. «Звязда».

2. Будынак, у якім адбываецца праваслаўнае набажэнства. [Надзя:] А куды вы цяпер маліцца хадзіць будзеце: у царкву ці ў касцёл? Козел.

•••

Евангелічная царква — агульная назва рада пратэстанцкіх (галоўным чынам лютэранскіх) цэркваў.

Адлучыць ад царквы гл. адлучыць.

Адлучэнне ад царквы гл. адлучэнне.

[Ад грэч. kyriakē літаральна — божы дом.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атра́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Часовае ці пастаяннае аб’яднанне ўзброеных сіл. Партызанскі атрад. Дэсантны атрад. Атрад тарпедных катэраў. // Група людзей, арганізаваная для выканання якога‑н. задання. Санітарны атрад. Атрад па барацьбе са шкоднікамі палёў.

2. Частка якога‑н. вялікага калектыву, аб’яднаная адзінай прафесіяй, задачамі, імкненнямі. Настаўнікі — адзін з самых буйных атрадаў савецкай інтэлігенцыі. Камуністычная партыя — перадавы атрад працоўных.

3. У піянерскай арганізацыі — падраздзяленне піянерскай дружыны, якое аб’ядноўвае звычайна піянераў аднаго класа.

4. Спец. Падраздзел класа ў сістэматыцы жывёл. Атрад грызуноў. Атрад матылёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшчы́на, ‑ы, ж.

1. У дакласавым і як перажытак у класавым грамадстве — форма аб’яднання людзей, якой характэрна калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, сумесная праца з ураўняльным размеркаваннем, а таксама частковае або поўнае самакіраванне. Першабытная абшчына. Сямейная абшчына. Сялянская абшчына. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталіам, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы. Ларчанка.

2. Добраахвотнае аб’яднанне для сумеснай дзейнасці; брацтва, садружнасць, арганізацыя. Раскольніцкая абшчына. Абшчына хрысціян.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Нізкарослая дравяністая расліна, у якой галіны пачынаюцца амаль ад самай паверхні глебы. Куст бэзу. Куст парэчак. Куст маліны.

2. Травяністая расліна, сцябліны якой растуць пучком. Куст быльніку. Куст суніц.

3. перан. Аб’яднанне якіх‑н. прадпрыемстваў, арцелей і пад.

•••

Какаінавы куст — трапічная расліна сямейства какаінавых, лісце якой утрымлівае какаін і іншыя алкалоіды; кока ​2.

Глядзець (пазіраць) у кусты гл. глядзець.

У кусты (хавацца, уцякаць і г. д.) — далей ад адказнасць ад непасрэднага ўдзелу ў справе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манта́ж, ‑у, м.

1. Зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак у адпаведнасці з планамі і чарцяжамі. Галя вельмі любіла ўвесь працэс наладкі лініі — ад мантажу станкоў да наладкі інструментаў на дэталі. Арабей. Сёння .. [Максім Сцяпанавіч] вырашыў пачаць абход з ліцейнага: трэба было праверыць, як ідзе мантаж новых, больш магутных вагранак. Карпаў.

2. Падбор і аб’яднанне асобных частак фільма, літаратурных або музычных твораў у адно цэлае ў мастацкіх і сэнсавых адносінах. // Фільм, літаратурны твор і пад., складзеныя такім чынам. Падрыхтаваць літаратурны мантаж. Фатаграфічны мантаж.

[Фр. montage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́цтва, ‑а, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнню, жыхарству да адной мясцовасці (вобласці, сяла і пад.). Як і часта бывае між людзьмі, зямляцтва яшчэ больш зблізіла нас, гаворка пайшла шчыра і непасрэдна. Кулакоўскі.

2. Аб’яднанне землякоў, адарваных ад радзімы, для ўзаемнай дапамогі. Ліскоўскія.. гаварылі многа. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі [А]лаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Колас. Дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)