том, ‑а; мн. тамы, ‑оў; м.
Частка якога‑н. збору твораў, што складае асобную кніжку, а таксама асобная кніжка якога‑н. выдання. Раман у трох тамах. Том энцыклапедыі. □ Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны .. Антон Несцяровіч пайшоў проста к сталу і ўбачыў там разгорнуты том Маркса. Чорны. // Асобная кніжка ў якім‑н. зборы кніг, бібліятэчным фондзе. У калекцыі прадстаўлена каля 1000 тамоў, выдадзеных пачынаючы з X да першай чвэрці XVIII стагоддзя. «Звязда». // Кніга (звычайна тоўстая). Падвярнуўся мне на пазіцыі Абшарпаны старэнькі том Пра іспанскую інквізіцыю, Пра мадрыдскі таемны дом. Панчанка.
[Грэч. tomos — аддзел.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́нты, ‑аў; адз. няма.
Разм.
1. Лахманы; старая падраная адзежа, бялізна. [Марына:] — Былі б грошы, узяла б у Сомавай крэпжаржэтавы адрэз.. Даведаецца Андрэй, злаваць будзе. Ну і няхай злуе, не хадзіць жа мне ў старых трантах. Шахавец. [Іваноў:] — Адзін наш хлопец у трантах ходзіць, а зіма на дварэ. Новікаў. Калі той, хто назваўся шафёрам, скінуў з сябе абледзянелыя транты, перад позіркам паўстаў страшэнна схуднелы, змізарнелы чалавек. Навуменка.
2. Зневаж. Жаночыя ўборы. [Верхаводка да Дар’і:] Транты твае прадаваць пачну. Назапасіла, дзякуй богу, што хоць універмаг адкрывай. Губарэвіч. [Карніцкі:] — Няхай бы яна [Паліна] лепш патраціла свае грошы на кнігі, а не на мяшчанскія транты. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траскатня́, ‑і, ж.
1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.
2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.
•••
Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.
Выйсці з узросту гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.
2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уключы́ць, уключу, уключыш, уключыць; зак.
1. што. Далучыўшы да крыніцы энергіі, прывесці ў дзеянне, рух. Уключыць станок. □ Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі. Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома. Шыцік. Вадзіцель ускочыў у кабіну і ўключыў матор. Машына кранулася. М. Ткачоў. // Далучыць да сістэмы дзеючых апаратаў; падключыць. Уключыць першую скорасць. Уключыць тэлефон.
2. каго-што. Увесці, прыняць у склад, лік каго‑, чаго‑н. Уключыць у рацыён жывёлы соль. □ [Бялькевіч:] — Збяру .. брыгаду, уключу туды Мацея з баянам і паеду. Савіцкі. Дырэкцыя адразу ўключыла «Ірынку» у рэпертуарны план тэатра і са згоды аўтара даручыла мне яе ставіць. Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умя́ць, умну, умнеш, у мне; умнём, умняце; пр. умяў, умяла; заг. умні; зак., што.
1. Прымяўшы, уціснуць, увагнаць у што‑н., куды‑н. Дзядзька.. выплюнуў з рота папяросу, спакваля расцёр яе, умяў наском бота ў пясок. Сачанка.
2. Націскаючы, зрабіць больш шчыльным. Умяць тытунь у люльцы. // Прымяць хадою, яздою; утаптаць, уездзіць. Умяць зямлю гусеніцамі трактара. □ Падэшвы яго [Шпакевіча] ботаў глыбока ўмялі намыты пясок на беразе. Чыгрынаў.
3. Разм. З’есці вялікую колькасць чаго‑н., прагна з’есці што‑н. Умяць цэлы бохан хлеба. □ [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрэн, ‑у, м.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.
2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.
•••
Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.
1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.
•••
Біць чалом гл. біць.
На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.
Стаць на чале ўлады гл. стаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чужані́ца, ‑ы, м. і ж.
1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.
2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.
3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)