ла́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак., да каго і без дап.

З ласкаю гарнуцца да каго‑н.; старацца ласкай выклікаць ласку ў адказ. Сузан хадзіў на працу.. Дома быў негаваркі, агрызаўся нават на дзяцей, калі тыя спрабавалі лашчыцца да яго. Лынькоў. Лыска падскочыў да Грышкі, пачаў лашчыцца і лізаць яму рукі. Чарот. // Паддобрывацца да каго‑н., ласкаю, ліслівасцю старацца выклікаць прыхільнасць да сябе. [Андрэй:] — Людзі ашукваюць адзін другога за вочы, а ў вочы лашчацца адзін да другога, словы добрыя кажуць... Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захо́длівы, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Які робіцца, ствараецца з вялікай сілай, пачуццём і пад. [Клён] то ледзь варушыць асобнымі лістамі, то раптам заходзіцца, зашуміць ад дыхання ракі ўсім багатым шатром, і тады ўжо не так ляскоча ў вушах страснае і заходлівае крумканне жаб, ад якога аж звініць начное паветра. Ракітны. Іграе Андрэй Андрэевіч, ходзяць ходырам рукі, з імі ў руху вясёлым, заходлівым скачуць ногі. Лынькоў.

2. Які лёгка паддаецца раздражненням, часта заходзіцца ад плачу, гневу і пад. Заходлівае дзіця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́цаць, мацаю, мацаеш, мацае; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся, распазнаваць што‑н., упэўнівацца ў чым‑н. Падарункі пайшлі па руках жанчын і дзяўчат, яны мацалі, разглядалі, прыцэньваліся да іх. Сабаленка. [Сярожа] аглядаў і мацаў кожную рэч, нібы правяраючы якасць усяго, што было ў пакоі. Шамякін.

2. Шукаць вобмацкам. У цёплыя дні Міколжа лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Лынькоў.

3. перан. Абшукваць. Роўнядзь ракі лізнуў кінжал пражэктара і некалькі хвілін асцярожна мацаў партызанскі бераг. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́жа, ‑ы, ж.

Тое, што ядуць і п’юць; прадукты харчавання. Мясная ежа. □ Упершыню за многа дзён у нас была сапраўдная вячэра, але елі мы вельмі асцярожна. Я часам забываўся і з прагнасцю накідваўся на ежу. Шамякін. [Дзяншчык] прынёс добры кавалак свініны і усякай другой ежы — у кансервавых бляшанках, у папяровых пакеціках, у шкляных пасудзінках. Лынькоў. Ад ежы аж гнуліся ў хаце сталы. Быў піва і мёду расход не малы. Хведаровіч.

•••

Грубая ежа — простая, цяжкая для перастраўлення ежа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́жыцца, ‑важуся, ‑важышся, ‑важыцца; зак., з інф.

Намерыцца нешта зрабіць. Камендант наважыўся ўласнаручна адабраць сцягі і стаў праціскацца праз натоўп. Пестрак. Усе бачаць, як бусел наважыўся быў ужо сесці на гняздо, але раптам узляцеў угору і доўга лятаў. Лынькоў. // Рашыцца, адважыцца на што‑н. Карызна прыехаў з пэўным рашучым намерам: ён наважыўся, нарэшце, пагаварыць начыста з Рачкоўскім, адкрыць яму ўсе свае сумненні. Зарэцкі. Цымончык перасунуў трохі ногі, адклаў убок беражліва шапку, .. але казаць не наважыўся. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начле́г, ‑у, М ‑лезе, м.

1. Прыпынак нанач для сну, адпачынку; начны адпачынак. Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Лынькоў. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на .. начлег у карчме. Якімовіч. // Месца для начнога сну, адпачынку (не ў сваім доме). Шлях перасякае бор, ляжыць за паўвярсты ад стаянкі. Але начлег тут выбралі. Навуменка.

2. Пасьба коней ноччу. Учора Пятрусь доўга ўпрошваў бацьку ўзяць яго з сабой на начлег, пасвіць калгасныя коні. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

незразуме́лы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які цяжка, немагчыма зразумець. Незразумелае пытанне. Незразумелая мова. □ Я прагна прыслухоўваўся да гутарак, да незразумелых мне слоў. Бядуля. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Яшчэ не выцвіў лак на ім, не пасц[іра]ліся незразумелыя жоўтыя літары і знакі. Лынькоў. // Такі, які цяжка дакладна вызначыць, ахарактарызаваць; загадкавы, дзіўны. Лемяшэвіч падымаўся па лесвіцы з нейкім незразумелым хваляваннем. Шамякін. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́чысць, ‑і, ж., зб.

Разм.

1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.

2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.

3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нырэ́ц, ‑рца, м.

1. Скачок у ваду з галавой. Даць нырца.

2. Той, хто ўмее ныраць, хто добра нырае. Нік крышачку зайздросціў ім, гэтым вялізным жывёлінам. Зайздросціў іх спрыту, іх майстэрству нырцоў. Лынькоў. [Язэп] кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога: дужа глыбокую зрабілі копанку для нырцоў. Ваданосаў.

3. Вадаплаўная птушка сямейства качыных, якая здабывае сабе корм, ныраючы пад ваду. Чырвананосы нырэц.

4. У боксе — прыём, калі баксёр хутка прыгінаецца, каб ухіліцца ад бакавых удараў у галаву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няздо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае здольнасцей, таленту. Няздольны вучань. // да чаго і з інф. Які не мае якой‑н. здольнасці, умення рабіць што‑н. Няздольны да музыкі. Няздольны маляваць.

2. Які не ўмее рабіць чаго‑н., не мае якасцей, уласцівасцей, патрэбных для чаго‑н. Васіль адступіўся ад натоўпу, павалокся на сваё поле. То стаяў, то тупаў, няздольны стрымаць.. непатрэбную кволасць. Мележ. Вялікае.. было ў.. [немцаў] расчараванне, калі яны заспелі пустыя шчыліны, разбітыя, няадольныя да бою гарматы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)