спі́на, ‑ы, ж.

1. Задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава ад шыі да крыжа. Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі. Гуз паморшчыўся — ён абдзёр спіну і плячо, калі лез пад нары. Шашкоў. Заклаўшы рукі за спіну, .. [Булай] задаволена пазіраў на квяцісты графік. Шыцік. Я схапіў сачок, ускочыў у ваду .. і ўбачыў побач з сабою доўгую цёмную спіну шчупака. Якімовіч. / у перан. ужыв. Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Быкаў. Хвалі паўзуць няўмольна, Калматыя спіны іх гнуцца. Свірка. Сонца аглядае развітальным позіркам [в]острыя спіны стрэх. Крапіва.

2. Тое, што і спінка (у 3 знач.). Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль.

•••

Вецер у спіну каму гл. вецер.

Вывезці на спіне гл. вывезці.

Выехаць на чужой спіне гл. выехаць.

Гнуць спіну гл. гнуць.

Ездзіць на чыёй спіне гл. ездзіць.

За спінай — а) каго, чыёй, у каго таемна, без ведама каго‑н. [Джвучка:] — Вы мне тут сёння ўвесь вечар чаўплі, што за маім старшынствам жыццё было. Каму? Вам! Вы нажываліся за маёй спінай. Пташнікаў; б) каго, чыёй, у каго на чые‑н. сродкі; пад апекай каго‑н. [Якуб] жа робіць вялікую справу — адвучвае такіх лайдакоў, як ты, жыць за чужой спінай. Васілёнак; в) у мінулым. У Куляшова ўзлятаюць да зорак людзі, якія маюць за спінай вялікі, вопыт барацьбы за зямлю. Бярозкін; г) за сабой, ззаду. За спінаю ў мяне апынуўся горад, а наперадзе поле. Кавалёў. [Да салдат] дайшла вестка аб тым, што непадалёку, можна сказаць, за іх спінаю, размясціліся танкавая брыгада і полк «кацюш». Сіўцоў.

За спінай каго; з-за спіны каго — ззаду каго‑н., з-за каго‑н. Стоячы за спінай свайго незнаёмага таварыша, Сцёпка то ўсміхаўся, то паціскаў плячыма, калі чуў няправільныя адказы. Колас. Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога і паплыла, паплыла, паплыла ўправа. Брыль.

Мароз па спіне ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне гл. мурашка.

Не разгінаючы спіны гл. разгінаць.

Нож у спіну гл. нож.

Павярнуцца спінай да каго-чаго гл. павярнуцца.

Стаяць за спінай чыёй, у каго гл. стаяць.

Удар у спіну гл. удар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ствары́ць, ствару, створыш, створыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць існуючым. Савецкая дзяржава першая стварыла штучныя спадарожнік Зямлі і Сонца. «ЛіМ». Вынаходнікі і канструктары стварылі са шкла і металу штучнае чалавечае сэрца. Матрунёнак. Нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах. Шыцік. / Пра чалавека, жывыя істоты і пад. [Зямля] ж у малады свой век Стварыла цуд, які ўзвялічан Вялік[і]м імем — Чалавек. Чарнушэвіч. Не могуць кветкі гэткія дружыць І разам у адным букеце жыць, — Такімі ўжо стварыла іх прырода. Корбан. // Пакласці пачатак. Руднік .. успомніў словы Тарасіхі: «А ты ж ствары тут новае жыццё...» А як стварыць? Кірэенка. // Набыць, здабыць працай. Людзі стварылі багацце калгаса. «Работніца і сялянка». // Напісаць (навуковы, літаратурны, музычны твор, карціну); скласці. Натуральна, што стварыць адразу добры ва ўсіх адносінах падручны — справа цяжкая. Шкраба. Максім Багдановіч стварыў гэтыя радкі ў перыяд, калі эстэтычныя погляды аформіліся і ўстанавіліся. Майхровіч. // Намаляваць мастацкі вобраз сродкамі мовы. Аўтар «Тараса на Парнасе» першы ў нашай літаратуры стварыў канкрэтны, «жывы» вобраз беларускага працоўнага селяніна. Казека. / Пра іншыя мастацкія вобразы. [Архітэктары] стварылі адухоўлены высокай мастацкай праўдай вобраз паэта-барацьбіта, вешчуна, гуманіста [Янкі Купалы]. «Помнікі». // Паказаць, сыграць (па сцэне). С. Бірыла стварыў і іншыя цікавыя вобразы ў п’есах Галубка. «ЛіМ».

2. Арганізаваць, сфарміраваць. Стварыць калгас. □ Ермакоў уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялічкую партызанскую групу. Мележ. На адным са сваіх сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Пальчэўскі.

3. Падрыхтаваць, забяспечыць што‑н., зрабіць магчымым што‑н. Але каб перацягнуць .. [самалёт] .. і стварыць умовы для ўзлёту, трэба папрацаваць не аднаму дзесятку чалавек. Шамякін. Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне, утварэнне сусветнай сістэмы сацыялізма стварылі для .. [вызваленчай барацьбы народаў каланіяльных краін] .. спрыяльную абстаноўку. «Звязда». Узаемная павага, давер’е, сумленнасць — вось якую атмасферу .. удалося стварыць [Дзеншчыкову] сярод брыгадзіраў калгаса. Карпюк. / Пра славу, аўтарытэт, папулярнасць і пад. Усё ж [токі] Ксеркс сваёй расправай стварыў сабе такую славу, што і дарослыя, і дзеці яго ўсе ведаюць на свеце. Дубоўка. // Выклікаць з’яўленне чаго‑н., стаць прычынай чаго‑н. Стварыць цяжкасці.

4. Сфарміраваць, надаўшы адпаведныя рысы. Праца стварыла чалавека. □ Прырода стварыла .. [дзядзьку Язэпа] такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Чорны. // Надаць якія‑н. уласцівасці, рысы ў працэсе развіцця. // Прыдумаць, уявіць сабе. Мы не паклонімся богу, — Бога стварыў чалавек. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сціся, трасуся, трасешся, трасецца; трасёмся, трасяцеся; пр. тросся, трэслася; незак.

1. Часта рухацца туды і назад; хістацца, калаціцца. Лісце шумела і трэслася па ветры. Чорны. Дрэвы паміраюць, як салдаты, Што бароняць зоры ад свінца: Не трасуцца пад пілой зубатай, А стаяць, прамыя, да канца. Цвірка. Асіны трэсліся і, як пляткаркі, шапацелі. Дзяргай. Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, і сябра мой, Жарпак, гудзе — прыдумвае найлепшыя пажаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся. Брыль. // Адчуваць дрыжыкі (ад холаду, ліхаманкі, страху і пад.). Танк быў такі цяжкі, што зямля дрыжала пад ім, і Ганначка па плоце трэслася, як верабей на галінцы. Хомчанка. // Часта, сутаргава ўздрыгваць, калаціцца (пра рукі, ногі, цела і пад.). Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца. Федасеенка.

2. Моцна дрыжаць, калаціцца, хістацца. Выбух!.. Гулка трасуцца абшары. Калачынскі. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Пташнікаў.

3. Разм. Сварыцца, калаціцца. Яны [вада, агонь і вецер] ўступілі трое У спрэчку між сабою, Крычаць, шумяць, трасуцца Ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

4. Хістацца, падскокваць, едучы па няроўнай дарозе. Ехалі, трэсліся па каляіністай дарозе доўга. Навуменка. Буйвалы павольна ішлі наперад, арба трэслася і скрыпела. Самуйлёнак. Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. // Ехаць неахвотна, без жадання куды‑н., далёка куды‑н. Сёння мы павінны .. трэсціся на гэтую нараду дваццаць кіламетраў на грузавой машыне. Васілевіч. Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні. Шашкоў.

5. перан. Хвалявацца за каго‑, што‑н. [Яўхім:] — Не памірае і не памрэ. І няма чаго тут трэсціся ды кідацца на ўсіх!.. Мележ. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Страх перад голадам, нястачаю прымушаў .. [Андрэя] трэсціся над кожнай бульбінай, над кожным сухаром. Капусцін. Жывуць Раманюкі ў дастатку, але над кожнай капейкай трасуцца. Савіцкі.

6. Разм. Няўмела або абы-як танцаваць. Злавалася .. [Марфа] і за тое, што Ромацка толькі тросся.., а хораша ісці танец не хацеў, ды, мабыць, і не ўмеў. Кулакоўскі.

•••

Паджылкі трасуцца гл. паджылкі.

Трэсціся за сваю шкуру — баяцца за сваё жыццё, дабрабыт і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́ціць, трачу, траціш, траціць; незак., каго-што.

1. Расходаваць грошы, сродкі на што‑н. з пэўнай мэтай, патрэбай. Мішка пачынае ўспамінаць Кірылу .. Калі яны з Кірылам зараблялі дзе грошай, то заўсёды трацілі іх сумесна. Лупсякоў. [Іван Маеўскі:] — Вось няхай яны мне адкажуць, адукаваныя... Іх савецкая ўлада вучыла, мільёны траціла на іх. Шамякін.

2. Марна, без толку расходаваць. [Бацька:] — Яшчэ там дзесятка залатая ёсць, то яе да вяселля свайго не граць. Чарнышэвіч. [Начальнік варты:] — Таварыш камандзір, гэта Цыганок пайшоў на пост і вось траціць дарма патроны. Шчарбатаў.

3. Пазбаўляцца ад каго‑, чаго‑н., страчваць, губляць каго‑, што‑н. Траціць здароўе. Траціць зрок. □ Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Брыль. Заўважыўшы велічную постаць Палаткі, вясёлы расказчык адразу траціў сваё красамоўства. Лынькоў. Прымірыўшыся з мужавым парадкам, Таццяна не траціла ўсё ж надзеі: «Калі ж небудзь задаволіць ён сваю прагнасць, стане чалавекам». Пальчэўскі. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімалася трывога, усё змрачнела навокал, траціла цікавасць. Карпаў. Многія рэчы ў працэсе карыстання трацяць прыгажосць і свой першапачатковы колер. «Звязда». Скажы матулі мілай, хай не плача І слёз сваіх не траціць без прычын. Астрэйка.

4. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад. [Шкурапкоў:] Мне шкада траціць прыяцеля, але жыццё мне даражэй вашай рукі. Крапіва. Хлопец траціць каханую і засынае неабудным сном на могілках, поруч з абранніцай, яна таксама не стрывала цяжару жыцця. Лужанін.

5. Пераставаць уладаць якімі‑н. матэрыяльнымі каштоўнасцямі; несці страту ў чым‑н. Траціць маёмасць. □ Сярэдніх сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць, якія прадаваліся з малатка. «Весці».

6. Праводзіць час бязмэтна, марна, дарэмна. І усе ведалі, што дзейнічаць трэба хутчэй, што нельга траціць часу. Галавач. Калі [Вашчанюк] браўся за што — траціў цэлыя гады, перабіраў дзесяткі варыянтаў, адхіляў нават тое, што ўхвалілі сябры, і дасягаў свайго. Гроднеў.

7. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад. Тварыцкі пачаў траціць логіку, якую меў, у сваёй гаворцы. Чорны.

•••

Няма чаго траціць (губляць) каму — можна на ўсё пайсці, бо горш ужо не будзе.

Траціць галаву (розум) — тое, што і губляць галаву (гл. губляць).

Траціць голас — а) страчваць здольнасць гаварыць, крычаць, пець (у выніку прастуды, хвалявання і пад.); б) страчваць гучнасць, чыстату і пад. (пра голас спевака).

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Траціць уладу над сабой — губляць самакантроль, бянтэжыцца.

Траціць цану — зніжацца ў вартасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за што. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі. — Добра б, каб вы [Цімка] пра гэта Лёдзі расказалі... — сказаў Шарупіч, не зважаючы на тое, што жонка тузае яго за крысо. Карпаў. [Мартыневіч] падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася. Чарнышэвіч. У швачнай гудзелі машыны. Заўважыўшы Ваську, .. [дзяўчаты] кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі. Лынькоў. // Цягаць за валасы, вушы і пад. Раман крыху пастаяў, потым рашуча падышоў да ложка, узяў Сафрона за кучаравую чупрыну і пачаў тузаць. Чарнышэвіч. Машынка [майстра], як і нажніцы, раз-пораз так тузалі мае валасы, што аж іскры мітусіліся ў вачах. Паслядовіч. // Тармасіць, трэсці. Я абшчапіла .. [бацьку] за плечы, тузала, смяялася. Савіцкі. Разбудзілі [Ігната] пасля таго, як доўга тузалі за плечы. Галавач. // Разм. Біць, калаціць, трэсці каго‑н. Тады жонка Змітрака, хітрая жанчына, пачынала тузаць мужчын, даваць то аднаму, то другому ў каршэнь ды выпіхваць з хаты. Кавалёў. // Рэзкім рухам кранаць з месца. [Шафёр:] — Чапляй [трос] там!.. Ды не тузай рыўкамі... Аношкін. [Андрэй] азірнуўся — ззаду падскоквалі ўгару снапы; трактар тузаў воз. Пташнікаў. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі. Вагон хадзіў ходарам. Эшалон тузала, бразгалі буферы. Ставер. // Торгаць сюды-туды, імкнучыся адчыніць што‑н. [Маці] тузала дзверы, бразгала жалезам, пакуль адчыніла. Чорны. // Шавяліць, развяваць, рваць што‑н. (пра вецер). Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад. Караткевіч.

2. каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль). Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі пачуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Чорны. Часам Ганна вярэдзіла .. [пазногаць], і руку ламаў, тузаў моцны боль. Мележ. // безас. Разм. Нудзіць, рваць. Выжлятніка тузала ў качарэжніку ля грубкі. Пташнікаў. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, І чхае, й кашляе народ, Таго ўжо тузае і рве. Крапіва. // безас. Выклікаць рэзкі штуршок. Забыўшы пра гэта, жанчына дакранаецца рукой да металічнага прадмета, і яе тузае электрычным разрадам. Новікаў. // чым. Рабіць рэзкія сутаргавыя рухі якой‑н. часткай цела. [Ігнат] напінаў рукі, тузаў плячыма, ірваўся. Мележ.

3. перан.; каго. Разм. Не даваць спакою каму‑н., дакучаць якімі‑н. патрабаваннямі. Крытык, родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць — то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва. [Ермаліцкі:] — Да таго ж у нас пачынаецца справаздача, і замест работы мы будзем толькі тузаць людзей, а яны і так перагружаны. Скрыган. А жыццё тузае людзей, як захоча. Асіпенка. // Надаядаць каму‑н. шматлікімі пытаннямі, просьбамі. Ганьку тузаюць малыя: — Што ты прынесла? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́цца, удамся, удасіся, удасца; удадзімся, удасцеся, удадуцца; пр. удаўся, удалася, ‑лося; заг. удайся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паспяхова ажыццявіцца, завяршыцца. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай і ўварвацца ў пушчу на гэтым участку — не ўдалася. Брыль. Справа ўдалася, і цяпер .. [Уладзік] ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Крапіва. Узрушаны, задуманы і крыху разгублены, Крывахіж уздыхнуў: палёт у зону ўдаўся. Алешка. // Атрымацца, выйсці вельмі добрым, удалым і пад. Іван Навумавіч не памыліўся: ураджай сапраўды ўдаўся незвычайны. Якімовіч. Аднаго разу ў Лукашыхі не ўдаўся хлеб: чамусьці выйшаў .. з закальцам. Сабаленка. [Сальвэсь:] — Не ўдалося мне жыццё, дык чаму павінны яшчэ бацькі мае пакутаваць? Чорны. // (часцей у пр. часе). Пра людзей, жывыя істоты. З выгляду Пятрок не вельмі прыкметы: ростам не ўдаўся, з твару худы, рыжанькі. Ракітны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца якім‑н. (што мае якія‑н. якасці, уласцівасці). Дзень удаўся дажджлівы. Бядуля. Світанак удаўся пагодны, Звініць на лугах касавіца. Зарыцкі. Для поўнай урачыстасць, для спаўнення чаканай радасці ўсіх удзельнікаў паездкі, пагода ўдалася ціхая і ясная. Грамовіч. // (часцей у пр. часе). Разм. Пра людзей, жывыя істоты. [Сымон:] Які я ўжо ўдаўся, такі і буду. Купала. А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Якімовіч. Пад лета з Мурвы вырас і ўдаўся добры сабака, падгалісты, злы. Капыловіч.

3. безас. каму і з інф. Аказацца магчымым зрабіць што‑н.; пашчаслівіцца. З вельмі вялікімі намаганнямі .. [радысту] ўдалося прабрацца да ракі. Шамякін. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго [Лабановіча] — маладыя ногі, да хады прывычныя. Колас. Некуды трэба было зайсці [Паходню], бо дома .. пазбавіцца пачуцця адзіноты не ўдасца. Хадкевіч.

4. (часцей у пр. часе), у каго. Урадзіцца, вырасці падобным на каго‑н. [Іваноў:] Ну і характар у цябе. Нябожчыца маці была мяккай душы чалавек. Ты ў каго ўдаўся? Кучар. Максім удаўся не ў шчуплага бацьку. У хлопца былі шырачэзныя плечы, пудовыя кулакі. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Урэзацца, зайсці далёка ў глыб чаго‑н. Бераг удаўся ў мора. // Запасці. Вочы [Петруся] ўдаліся глыбей у арбіты. Гартны.

6. перан.; у што. Унікнуць, паглыбіцца ў што‑н., аддацца якой‑н. дзейнасці; захапіцца чым‑н. Удацца ў сутнасць справы. □ Вера ўдалася ў пісанне, [Марына Паўлаўна] з прагавітай увагай разглядала яе схілены над паперай твар. Зарэцкі. // Аддацца якому‑н. пачуццю, упасці ў які‑н. стан. Удацца ў тугу. Удацца ў фантазію.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укла́сці 1, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., каго-што.

1. Пакласці спаць. Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела. Гаўрылкін. / у паэт. ужыв. Спаць дзяцей уклаў Цёплы летні вечар. Гілевіч. // Уладкаваць на начлег, адпачынак. — А як жа ты [Рыгор] нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго? Галавач. // Прымусіць або памагчы легчы. Утрох, з дапамогай Яругіна, .. [маёра] ледзьве ўклалі, і ён, знямогшыся, тут жа заснуў. Карамазаў. Старэйшая сястра Поля кінулася да .. [Сашы], абняла, памагаючы ўкласці на ложак. Шамякін.

2. Пакрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Укласці стол кнігамі. Укласці дарожку каменнем. Укласці прызбу саломай. □ [Купчын:] — Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх — пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць. Мыслівец.

3. Палажыць у пэўным парадку, размясціць, скласці якім‑н. чынам. Дастаў [бацька] .. смольны аскалёпак, пашчапаў яго на лучыны, якія потым акуратна склаў на спод грубкі, а наўкруг уклаў. «зрубам» абярэмак дроў. Масарэнка. // Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Усё гэта [прадукты] разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок. Чарнышэвіч. // Прычасаць пэўным чынам валасы. Укласці косы вакол галавы.

4. Укладваючы, складваючы, пабудаваць, зрабіць што‑н. Укласці шпалы, Укласці трубы. □ Сонца ўжо садзілася за сасновы бор, калі ўклалі апошні кубаметр. Лукша.

5. Палажыць, змясціць унутр. Следчы ўзяў .. астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту. Машара. // перан. Пранізаць, напоўніць што‑н. якім‑н. сэнсам, зместам, думкамі і пад. Столькі шчырасці хлопец уклаў у песню, што, здавалася, яна сама лілася з сэрца. «Маладосць». Пад такім доўгім .. празаічным загалоўкам нельга ўявіць таго зместу, які хочацца яму ўкласці ў свой твор. Якімовіч. // перан. Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. (сілу, здароўе, жыццё і пад.). Ну хто, скажыце, адважыцца не даць кватэры начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва, чалавеку, які, можна сказаць, кавалак жыцця ўклаў у гэты дом! Арабей. Мо таму ты [мама] так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх. Дамашэвіч. Ён [Шайпак] у станцыю ўсё Сваё ўмельства ўкладзе, Каб стаяла, як лялька, Яна пры вадзе. Куляшоў.

6. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал). Укласці капітал у цяжкую прамысловасць.

7. Разм. Забіць. [Макар Аўдзеевіч:] — Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М. Ткачоў.

8. Разм. груб. З’есці. [Раўбіч:] — А потым зубр пайшоў за санкамі, і еў сена, пакуль не ўклаў усё. Караткевіч.

укла́сці 2, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., што.

Стварыць, напісаць што‑н., падабраўшы і аб’яднаўшы якія‑н. матэрыялы. Укласці слоўнік. Укласці зборнік практыкаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Колер, які атрымліваецца пры змяшэнні чорнага і белага; колер попелу. — А хіба наш Барсік не «вучоны»? — хітравата спытала маці і паклікала з кутка пушыстага шэрага ката. Шыловіч. На фоне шэрага неба Званчэй залаціцца восень, І крык жураўліны нема Для неба сінечы просіць. Тармола. Па цёмным балоце, Дзе шэры лішайнік, .. след у чароце Забыў парушальнік. Куляшоў. // Бледны, як попел (пра твар чалавека, пра чалавека з такім тварам). Твар шэры, скулы завастрыліся, шчокі запалі, пад вачыма мяшэчкі. Хомчанка. Пятро выпусціў лейцы і ўраз абмяк, згорбіўся, твар яго зрабіўся шэрым, як запылены попелам. Шамякін. // у знач. наз. шэ́ры, ‑ага, м.; шэ́рая, ‑ай, ж. Пра жывёлу такога колеру. З-за Урала Пад Ушачы Шэрага [ваўка] Вязуць з пашанай. Барадулін.

2. Хмурны, не сонечны (пра надвор’е). Шэры, непрыветлівы дзень наганяў маркоту. Асіпенка. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Раніца выдалася шэрая, мароз паслабеў, паўднёвы вецер нёс пах блізкай адлігі. Хадкевіч. Грыша толькі цяпер заўважыў, што шэры асенні дзень пасвятлеў і ў суцэльнай пялёнцы туману сям-там віднеліся прагаліны. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. — Той сакавік усім даўно абрыд, Вятры яму хаўтурнае свісталі, І на душы быў шэры краявід З малой надзеяй вельмі на світанне. Лужанін.

3. перан. Бясколерны, бедны зместам, які не ўражвае. Нярэдка з’яўляліся малавыразныя, шэрыя творы. «Полымя». Даўні сябра галоўнага рэдактара прынёс апавяданне. Шэрае, доўгае, нецікавае. Бяспалы. Вершу б не быць неабчэсаным, шэрым І не ляжаць у пісьмовым стале, Калі б не пісалі яго на паперы, А высякалі яго — на скале. Смагаровіч. У яго [Пысіна] няма нудных і шэрых замалёвак, няма траскучых, напыш[лів]ых радкоў, няма доўгіх вершаў-вяровак. Бялевіч. // Аднастайны, будзённы, не напоўнены яркімі падзеямі. І пацягнуліся адзін за адным шэрыя, поўныя трывожнага чакання дні. Бяганская. Мінулася дзяцінства і юнацтва. А было яно шэрае, не сагрэтае ні мацярынскімі клопатамі, ні ласкай. Гаўрылкін. // Змрочны, нярадасны. Эх, агульная кватэра, І далася ты мне ў знак!.. Светлы дзень здаецца шэрым, Як мне быць, скажыце, як? Кляўко.

4. Непрыкметны знешне і ўнутрана, нецікавы. Мужчын-настаўнікаў — трое.. Астатнія — немаладыя жанчыны, шэрыя і нецікавыя. Навуменка. Нікому ніколі тут гэтая шэрая асоба не кідалася ў вочы. Чорны. // Раней — які не адносіўся да прывілеяваных класаў; просты. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец.

5. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шэры папугай. Шэрая качка.

•••

Шэрая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)