стылісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стылю (у 1, 2 знач.), звязаны з ім. Стылістычныя памылкі. □ Амаль кожная праўка ў рукапісе — вынік карпатлівай работы над словам, сведчанне незвычайна тонкага стылістычнага пачуцця і літаратурнага майстэрства У.І. Леніна. «Полымя». // Які мае адносіны да стылю расказвання. Стылістычныя асаблівасці рамана. □ Варта, аднак, зазначыць, што інверсія гэта не просты стылістычны прыём, а глыбокае творчае пранікненне ў сутнасць арыгінала. Палітыка.

•••

Стылістычная памета гл. памета.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры́о, нескл., н.

1. Музычны твор для трох галасоў або музычных інструментаў з самастойнай партыяй у кожнага выканаўцы. Трыо для фартэпіяна, кларнета і фагота.

2. Ансамбль з трох выканаўцаў (спевакоў або музыкантаў). Трыо бандурыстаў. Трыо вакалістаў. / Пра цыркавых артыстаў. Трыо жанглёраў. // Разм., звычайна жарт. Пра трох чалавек, якія звязаны дружбай і часта бываюць разам.

3. Сярэдняя частка музычнага твора (вальса, скерца, марша і пад.), больш спакойная і меладычная, чым крайнія часткі.

[Іт. trio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармо́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для фармоўкі, звязаны з фармоўкай. Фармовачны прэс. □ [Багданоўскі:] — Трэба пусціць.. канвеер, зрабіць механізаваную землечарпалку, паваротныя фармовачныя машыны. «Беларусь». Ланге трапіў на завод з паўднёвага боку. Праз разбураны бомбамі фармовачны цэх выйшаў на вузкі дворык. Асіпенка.

2. Які выкарыстоўваецца пры фармоўцы, адліўцы вырабаў у формах і пад. Фармовачныя сумесі. □ Каля машын і на пралёце валяліся .. пліты, апокі, скрынкі з-пад стрыжняў, чарнелі кучы фармовачнай зямлі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаўко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шоўку (у 1, 2 знач.). Шаўковыя ніткі. Шаўковае валакно.

2. Звязаны з вырабам і апрацоўкай шоўку (у 1–3 знач.). Шаўковая фабрыка.

3. Зроблены з шоўку (у 2, 3 знач.). Шаўковая хустка. / у вобразным ужыв. Сонца кранула косамі струны шаўковыя раніцы. Васілёк.

4. перан. Разм. Лагодны, паслухмяны, добры (пра чалавека). — От бачыш [Генадзь], і начальнік дэпо цяпер шаўковы зрабіўся, — кажа Мікола. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць. // Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак... Чарнышэвіч. У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу. Марціновіч. // Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.

2. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце. Колас. З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол. Корбан. // Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў. Бялевіч.

3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы... Прануза. [Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе. Мікуліч. Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты. Брыль. // Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае. Дубоўка.

4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны. Русак. Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду. Шамякін. // Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны. Купала. Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню. Васілевіч.

5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Савіцкі. Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар. Панчанка.

6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух? Колас.

7. у знач. наз. сардэ́чны, ‑ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю. Куляшоў.

•••

Сардэчная сарочка гл. сарочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саніта́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да санітарыі. Санітарная асвета. Санітарныя ўмовы работы. Санітарны стан памяшкання. // Які выконваецца паводле патрабаванняў санітарыі, звязаны з ажыццяўленнем мерапрыемстваў па санітарыі. Санітарны рэжым магазіна. Санітарны нагляд за ўмовамі працы на прадпрыемствах. □ Цяпер на парк звярнулі ўвагу. Ачысцілі ад смецця, правод зяць санітарныя рубкі. В. Вольскі. // Які выконвае абавязкі, звязаныя з санітарыяй. Санітарная інспекцыя. Санітарны ўрач. // Які выкарыстоўваецца ў санітарыі. Санітарнае абсталяванне. Санітарная тэхніка.

2. Які звязаны з медыцынскім абслугоўваннем, мае адносіны да медыцынскай службы (у арміі). Санітарная рота. Санітарная часць. Санітарны батальён. □ Усё намервалася [Мурашова] збегаць у санітарны пункт. Але Каця запярэчыла. Скрыган. Маці ляжала ў санітарнай зямлянцы, і навокал нячутна хадзілі людзі ў белым. Шамякін. // Які выкарыстоўваецца пры медыцынскім абслугоўванні. Санітарны поезд. Санітарная сумка. □ Пры адной сцяне ў глыбі пакойчыка стаяў ложак, падобны да санітарных насілак. Колас. Імчаліся то на ўсход, то на захад санітарныя машыны і абозы. Чорны.

•••

Санітарны вузел гл. вузел.

Санітарны дзень гл. дзень.

Санітарны інструктар гл. інструктар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.

2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.

3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.

4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.

•••

Свінцовы блішчак гл. блішчак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зале́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які падпарадкуецца чыёй‑н. уладзе, волі, знаходзіцца ў залежнасці. Залежныя краіны. □ [Алесь] не хацеў верыць гэтаму, бо надакучыла быць залежным, схіляцца перад кожным. Чарнышэвіч. // Абумоўлены чым‑н., звязаны чужой воляй. Залежнае становішча.

2. Які выражае залежнасць (у 3 знач.). Залежнае слова.

3. Здольны паказваць на тое, што аб’ект дзеяння ў сказе з’яўляецца дзейнікам, а суб’ект — прыладай дзеяння (пра дзеяслоўныя формы, канструкцыі і пад.). Залежны стан дзеяслова. Дзеепрыметнік залежнага стану. Залежная канструкцыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́гавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лугу ​2.

лугавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лугу ​1. Лугавыя глебы. □ Эх, прасторы лугавыя, Пакланіцеся касцам. Парахневіч. // Які расце і жыве на лузе. Лугавы матыль. □ Ледзь улоўны пах лугавых красак і траў далятаў адтуль з зарэчных прастораў. Лынькоў. // Які знаходзіцца, размешчаны на лузе. Лугавая дарога.

2. Звязаны з выкарыстаннем ці вывучэннем лугоў. Лугавая гаспадарка. Лугавая доследная станцыя. // Прызначаны для работы на лузе. Лугавая веялка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спарты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спорту, звязаны з ім. Спартыўнае спаборніцтва. Спартыўныя гульні. □ Сёння мы слухалі пытанне аб пастаноўцы спартыўнай работы ў калгасах раёна. Пянкрат. // Прызначаны для заняткаў спортам. Спартыўная пляцоўка. Спартыўная форма. □ Скуратаў быў ужо не ў белым гарнітуры, а ў шэрым спартыўным касцюме. Шашкоў. Пры клубе павінна быць і спартыўная зала. Лыжы, гарнітуры, валейбольная сетка, мячы. Ваданосаў.

2. Разм. Які мае якасці, знешні выгляд спартсмена. Спартыўны хлопец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)