нала́дзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пайсці на лад; прыняць належны кірунак. Справы наладзіліся. □ Работа ў школе наладзілася. Колас. Размова хутка ў нас наладзілася, і дзяўчына ахвотна разгаварылася. Кухараў. // Устанавіцца, усталявацца. Пагода пасля ўчарашняга дажджу ніяк не наладзіцца — то пакажацца, выблісне на хвіліну з-за хмары сонца, то раптам схаваецца зноў — і непрыветны, хмуры цень праплыве, прабяжыць па зямлі. Сачанка. [Люба:] — Наладзіцца жыццё, абы толькі скончылася вайна. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць прыгодным (для работы, карыстання і пад.). Станок наладзіўся. Наладзілася санная дарога.
3. Сабрацца, прыладзіцца рабіць што‑н. На адным з чарцяжоў [Парфірый] спыняецца. Азіраецца на дзверы, вымае з-за пазухі маленькі фотаапарат. Наладзіўся і здымае чарцёж. Краўчанка. Берагава.. [жонка] наладзілася дахаты. Гартны. Вечарам дацэнт настроіў радыё.. і наладзіўся слухаць канцэрт. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
былы́, ‑ая, ‑ое.
1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.
2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змро́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.
2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.
3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.
4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да гара (у 1, 2 знач.); невялікая гара. Катацца з горкі. Горка папер.
2. Прыстасаванне для сарціроўкі вагонаў на станцыях, якое дазваляе выкарыстоўваць сілу цяжару вагонаў для перамяшчэння іх па схіле чыгуначнага пуці. Сартавальная горка. Механізаваная горка.
го́рка 2,
1. Прысл. да горкі.
2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне гаркоты, горкага смаку. Ад зёлак у роце горка.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё горычы, прыгнечаны настрой, у якім знаходзіцца хто‑н. Некалькі разоў прачытала Аленка гэты ліст. У некаторых момантах чытання ёй то было прыемна, то горка і крыўдна. Колас.
4. у знач. выкл. го́рка! Разм. Вокліч, якім за вясельным сталом просяць маладых пацалавацца. У прасторнай, ярка асветленай зале палаца гучаць вясельныя песні і чуецца традыцыйнае «горка!». Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дапамагаць — дапамагчы; садзейнічанне, падтрымка ў чым‑н. Баец апусціў аўтамат і паспяшыў Пракопу на дапамогу. Якімовіч. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць. Шамякін. // Матэрыяльная падтрымка. Грашовая дапамога. // Садзейнічанне ў лячэнні, у палягчэнні пакут. Медыцынская дапамога.
•••
Выхадная дапамога — грашовая сума, што па савецкаму заканадаўству выплачваецца аднаразова рабочаму ці служачаму, якога звальняюць.
Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.
Першая дапамога — дапамога, якая аказваецца хвораму ці пацярпеўшаму ад якога‑н. няшчаснага выпадку да прыходу доктара.
Хуткая дапамога — а) медыка-санітарная арганізацыя, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу ў неабходных выпадках, а таксама перавозіць хворых у лячэбныя ўстановы; б) аўтамабіль, на якім ажыццяўляецца такая перавозка.
Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму гл. падаць.
Пры дапамозе чаго — выкарыстаўшы што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлі́ў, ‑ліву, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).
2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разлівацца — разліцца (у 2, 3 і 4 знач.). І ў гэтым разліве пяшчоты, дзіцячай ласкі .. [Галя] адчула, што ўжо не можа быць без яго, без хлопчыка, які ёй стаў такі родны. Сабаленка.
3. Выхад з берагоў ракі, возера; паводка. Мне не часта даводзілася бачыць Дняпро ў час яго разліву, ды яшчэ ў такую слаўную ранішнюю пару... Ракітны. // Веснавая вада, а таксама прастора, залітая вадой. [Раўбіч:] — Паколькі пачнём вясной, а разліў .. часам дасягае шасці вёрст ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Караткевіч. Пешаходы сцішалі свае таропкія крокі, спыняліся на мосце і, любуючыся шырокім разлівам, прыслухоўваліся: ні то гэта шуміць веснавая вада, ні то тое новае, што ідзе разам з вясной. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
судзі́цца, суджуся, судзішся, судзіцца; незак.
1. Звяртацца ў суд, мець справу з судом. Пятрусь хадовы чалавек, судзіцца ўмее. Брыль. // Весці судовую цяжбу з кім‑н. Не бярэ ніхто да сэрца, Што ні зробяць прастачкі; З імі біцца Ці судзіцца Не заведзена ў народзе. Жычка. Казалі, што неяк сорам судзіцца за дзесяць снапоў аўса. Крапіва. Нечым халодным, як асенняя шэрань, абдало тады Яніну ад гэтай размовы. Яна ўявіла сабе, як сорамна будзе ёй судзіцца з беднымі людзьмі. Кірэенка. Сам .. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.
2. Быць пад судом, мець судзімасць.
3. таксама зак. Прадвызначыцца, пашанцаваць. [Мушка-зелянушка:] — «Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі, — Што мяне і не сваталі ніколі?» Багдановіч.
4. Зал. да судзіць (у 2, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца, рабіцца чырвоным; афарбоўвацца ў чырвоны колер. Не раз і не два хвалі возера чырванелі ад чалавечай крыві. Даніленка. Брусніцы Даспяваюць, чырванеюць, Як зарніцы. Панчанка.
2. Пакрывацца румянцам, станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Мікіта Мікітавіч чырванеў ад гневу, калі гаворка цяпер заходзіла пра Сасноўскіх. Карпаў. Надзейцы стала горача, твар то чырванеў, то бляднеў, яна зірнула на Калядзіна, шукаючы абароны. Хадкевіч. // перан. Бянтэжыцца, саромецца. [Галя:] — Калі гавораць пра хлопцаў, я заўсёды чырванею. Гарбук. Кухня была агульная, і на гэтай кухні даволі языкатая «палавіна» Івана Леўкіна не раз прымушала чырванець маладзенькую жонку Альберта Аляксандрава. Дадзіёмаў.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім чырвоным колерам, віднецца (пра што‑н. чырвонае). Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. В. Вольскі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
како́в мест. які́;
како́в он собо́й? які́ ён з сябе́;
уже́ сейча́с ви́дно, како́в бу́дет урожа́й ужо́ цяпе́р віда́ць, які́ бу́дзе ўраджа́й;
а пого́да-то какова́! а надво́р’е ж яко́е!, а паго́да ж яка́я!
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
прору́ха ж., разг. (ошибка) памы́лка, -кі ж.; про́мах, -ху м.;
◊
и на стару́ху быва́ет прору́ха посл. ≅ конь на чатыро́х нага́х, і то спатыка́ецца; і хі́тры ліс у па́стку трапля́е; і на дзе́ўку грэх быва́е.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)