бо́ты, ‑аў; адз. бот, ‑а, М боце, м.
1. Абутак з высокімі халявамі (скураны, гумавы і пад.). [Ніна] зняла левы бот і з-пад халявы выняла невялікую паперку — запіску ад Тураўца. Мележ. На будоўлі кожны дзень з’яўлялася сціплая невысокая жанчына ў гумовых ботах і ў цёплай хустцы. Грахоўскі.
•••
Боты-скараходы — у казках: чарадзейныя боты, якія хутка пераносяць на вялікія адлегласці таго, хто іх абуе.
Дурны як бот гл. дурны.
Лізаць боты каму гл. лізаць.
Пад ботам (быць, апынуцца) — апынуцца пад уладай, аказацца ў поўнай залежнасці ад каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парадзе́ць, ‑ее; зак.
Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мале́ча, ‑ы, ж.
Разм.
1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.
2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Міжвольна падымаць і апускаць павекі. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў.., нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько. Юрка маўчаў, толькі неяк жаласліва маргаў вачыма. Кулакоўскі.
2. Падаваць знак каму‑н. рухам павек, падморгваць. Пан Забжэцкі маргаў [дзецям] з-за стала, ківаў, пагражаў, маўляў: «Я вам пакажу!» Сабаленка.
3. перан. Тое, што і міргаць (у 2 знач.). Лямпачка маргае. Газоўка маргае.
4. перан. Разм. Упускаць зручны момант; зяваць. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падэ́шва, ‑ы, ж.
1. Ніжняя частка абутку, якая мае форму ступні. З хаты выйшлі людзі.. Нібы на конскіх капытах, паблісквалі цвікі на падэшвах іх ботаў. Лынькоў. Афіцэры шаркалі падэшвамі і прыстуквалі абцасамі. Навуменка. // Ніжняя частка ступні. Нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Зямля напалілася і, як гарачы прысак, пячэ ў падэшвы ног. Мележ.
2. Ніжняя частка, аснова чаго‑н. Волкаў застагнаў: ён першы ўбачыў і зразумеў, што запрэжка пройдзе міма далёка ад нас, каля падэшвы сопкі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
некрану́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не краналі, да якога не дакраналіся. Некрануты абед. □ У маім некранутым куфлі апала пена, і піва зрабілася светлае, празрыстае. Васілёнак. Жыта зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. // Цэлы, не разбураны. У Магілёў калона прыехала па світанні. Горад быў цэлы, нават мост цераз Дняпро некрануты. Сабаленка.
2. Які не падпадаў пад уздзеянне чалавека; першабытны. Перада мной стаяў некрануты дрымучы лес. Чарнышэвіч. Тут [на будаўніцтве] — гарманічнае спалучэнне некрапутай прыроды і самай дасканалай тэхнікі. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не хоча пакарацца, быць падуладным каму‑н. Тут край мой на самым стаіць рубяжы, і тут вось — маё непакорнае племя. Маракоў. У мінулым.. [Я. Купалу] перш за ўсё цікавяць моцныя духам, валявыя і непакорныя натуры. Шкраба. // Які ўласцівы такому чалавеку. Непакорны характар. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню; непаслухмяны. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Мележ. Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
назіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прызначаны для назірання. Назіральны пункт. Назіральная вышка. □ Партызаны спрабавалі пайсці ў атаку, але частыя кулямётныя чэргі прыціскалі іх да зямлі. З супрацьтанкавага ружжа білі ўвесь час па назіральнай шчыліне, і нарэшце бранявік застыў на месцы. Шахавец.
2. Той, хто валодае назіральнасцю, умее назіраць (у 1 знач.). Назіральны чалавек. Назіральны мастак. □ Назіральны заўсёды, а цяпер асабліва, .. [Аляксей] адчуваў нядобрае. Мележ. Каб Адам быў больш назіральны, то ён бы ўбачыў у затуманеным позірку прыгожых жончыных вачэй нешта падобнае на вінаватасць і папрок. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
З’явіцца перашкодай для каго‑, чаго‑н.; не даць магчымасці здзейсніць што‑н.; не дапусціць чаго‑н. Скончыць інстытут перашкодзіла вайна. □ Цяжкая рана, атрыманая ў баях пад Керчу, перашкодзіла жанчыне застацца ў марскім флоце пасля вайны. Кулакоўскі. Хто перашкодзіць нам прабіць камення грань І долю казачную выткаць? Танк. [Насця:] — У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Мележ. Андрэй Шыбянкоў, цяжка аддыхваючыся, вярнуўся назад з пахмурным выглядам чалавека, якому перашкодзілі зрабіць хоць і жорсткі, але высокасправядлівы ўчынак. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Тое, што і печ (у 1 знач.). Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Мележ.
2. Невялікая або часовая печ, якая ў асноўным служыць для абагравання памяшкання. Каля дзвярэй стаяла чыгунная печка. Такія печкі былі ва ўсім лагеры. Шамякін. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Бядуля. Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)