шкло, ‑а, н.

1. Цвёрды празрысты матэрыял, які атрымліваецца шляхам плаўлення і спецыяльнай хімічнап апрацоўкі кварцавага пяску з дабаўленнем некаторых іншых рэчываў. Бутэлечнае шкло. Каляровае шкло.

2. Тонкі ліст ці выраб, прадмет іншай формы з гэтага матэрыялу. Аконнае шкло. Лямпавае шкло. □ Адна фортка ў акне знята з крукоў і стаіць з пабітым шклом пры сцяне. Чорны. Віцінг сядзеў на заднім сядзенні, пазіраючы, як на ветравым шкле, перад тварам шафёра, гойдаецца, падскоквае на гумавай нітачцы Санта-Клаус — пацешны, чырванатвары гномік. Асіпенка. // зб. Посуд, мастацкія вырабы, упрыгожанні з гэтага матэрыялу. Гісторыю, Славу І сэрца народа Я ўбачыў і вызнаў На выстаўцы шкла! Гілевіч. // зб. Асобныя кавалкі такіх вырабаў; асколкі чаго‑н. Бітае шкло звонка храбусціць пад нагамі. Лынькоў.

3. перан.; чаго або якое. Пра тое, што сваёй празрыстасцю, лёгкасцю, крохкасцю і пад. нагадвае такі матэрыял. Глядзяцца — адбітыя ў завадзяў шкле — З нябёс у люстраную плошчу, Красу сваю бачаць, блакіт свой. Але Я воблакам тым не зайздрошчу. Куляшоў. Вятры і сонца струны павялі, На шкле азёр намецілі надрэзы, А заадно да горнаў кавалі Прыйшлі, каб іскры выкрасаць з жалеза. Калачынскі.

•••

Аптычнае шкло — выпуклае або ўвагнутае шкло ў аптычных прыладах; лінза.

Арганічнае шкло — сінтэтычны моцны празрысты матэрыял, падобны на звычайнае шкло; шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы і быце.

Бемскае (багемскае) шкло — аконнае шкло, якое адрозніваецца ад звычайнага вялікімі памерамі лістоў, чысцінёй і таўшчынёй.

Вадамернае шкло — шкляная трубка, злучаная з закрытай пасудзінай для непасрэднага назірання за ўзроўнем вады ў ім.

Венецыянскае шкло — мастацкая, галоўным чынам дутая пасуда, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстры і пад. вырабы, вытворчасць якіх пачалася з канца 13 ст. у Венецыі.

Люстранае шкло — тоўстае, паліраванае з двух бакоў шкло, якое скарыстоўваецца для вырабу люстраў, абсталявання вітрын і пад.

Павелічальнае шкло — лінза, якая дае павялічанае адлюстраванне прадмета.

Прадметнае шкло — шкляная пласцінка, на якой размяшчаюцца зрэзы тканак, мазкі крыві і пад. для вывучэння пад лупай або пад мікраскопам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бок, бо́ка і бо́ку, М на баку́, мн. бакі́, бако́ў, м.

1. -а. Правая або левая частка цела.

Адлежаць б.

2. -у. Напрамак у прасторы, месца.

Пайсці ў розныя бакі.

Паўднёвы б. лесу.

3. -у. Прастора злева ці справа ад сярэдзіны.

Па другі бок вуліцы.

4. -у, перан. Становішча па-за галоўнымі падзеямі чаго-н.

З боку лепш відаць.

5. -у. Адна з дзвюх паверхняў чаго-н.

Не дакрылі другі б. страхі.

Добры б. матэрыі.

6. -у, перан. Якія-н. рысы, асаблівасці.

Паказаць сябе з лепшага боку.

7. -у. Чалавек ці група асоб, якія супрацьстаяць іншаму чалавеку або групе.

Спрэчкі бакоў.

8. -у, перан. Пункт гледжання, погляд на што-н.

Абмяркоўвалася тэма з усіх бакоў.

9. -у. Ступень роднасных адносін.

Дзядзька з боку маці.

Бокам вылезці (выйсці) (разм.) — не прайсці дарэмна для каго-н.; адплаціцца.

Бок у бок — побач, адзін пры адным (стаяць, размяшчацца і пад.).

Пад (самым) бокам (разм.) — зусім блізка.

|| памянш. бачо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. бакавы́, -а́я, -о́е (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

васьмёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Разм. Лічба 8. // Назва некаторых прадметаў (трамвая, аўтобуса і пад.) пад нумарам 8. // Група з васьмі адзінак. Васьмёрка самалётаў.

2. Ігральная карта з васьмю ачкамі. Званковая васьмёрка.

3. Фігура, падобная на лічбу 8, якая апісваецца прадметам пры яго руху. Самалёт зрабіў васьмёрку.

4. Разм. Пагнутасць у веласіпедным коле. Выгнаць васьмёрку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

1. Паправіць, прывесці ў парадак адзенне і пад., пацягнуўшы ўніз. [Жэнька] глянула з замілаваннем на сваю ляльку Ганульку, якая спала побач з ёю, абцягнула на ёй сукенку. Крапіва.

2. Туга нацягнуўшы, абшыць, абабіць што‑н. тканінай і пад. Абцягнуць скурай крэсла.

3. Апусціць, адцягнуць. Бялізна абцягнула вяроўку.

4. Абвесці што‑н. чым‑н.; абгарадзіць. Абцягнуць агарод дротам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. зб. Тонкія дошчачкі для крыцця даху або для абівання сцен пад тынкоўку. Хаты крыты саломаю або дранкай сасновай, і на дахах старых ад поўначы парос густы буры мох. Галавач.

2. Кожная з такіх дошчачак. Тынк у розных мясцінах быў абабіты. З-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмакта́ць 1, ‑смокча; зак., каго-што.

Уцягнуць, увабраць у сябе (пра багну, пясок і пад.). Адразу збоку грэбелькі млела дрыгва, зманліва зялёная, з буйнай травою; ступі — і не выберашся, зацягне, засмокча навек. Мележ. // перан. Уцягнуць у сваё асяроддзе, узяць пад сваю ўладу. Засмактала, закружыла жыццёвая віхура хлапчыну з глухога кутка па-над Віліяй. Мехаў.

засмакта́ць 2, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак.

Разм. Пачаць смактаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Цягацца некаторы час. Таксама Уладзя да работы Больш, чым да кніжак, меў ахвоты: Любіў ён з цэпам завіхацца, Або па лесе пацягацца. Колас.

2. Памерацца сіламі; паспаборнічаць. — А давайце, Паўліна Сямёнаўна, пацягаемся, хто каго перагоніць, — прапанаваў сакратар. Дуброўскі. Адны [са шпакоў] падладжваліся пад жаваранкаў, другія — пад драздоў, а некаторыя спрабавалі нават пацягацца ў песенным майстэрстве з салаўямі. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашто́вы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з поштай, з перасылкай пісьмаў, пасылак, грошай і пад. Паштовая сувязь. Паштовае агенцтва. □ Мне трэба .. напісаць пісьмо аднаму чалавеку, але я не ведаў, ці ёсць там у іх паштовае аддзяленне, ці трэба пісаць на горад. Чорны. // Прызначаны для адпраўленняў па пошце (пісьмаў, пасылак і пад.). Паштовыя маркі. Паштовы поезд. Паштовая скрынка. // Які абслугоўвае пошту. Паштовы служачы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ручні, ‑яў; адз. поручань, ‑чня, м.

1. Прут, брусок на трапах, пры дзвярах вагона і пад., за якія трымаюцца рукамі пры спуску, пад’ёме; парэнчы. Наташа схавалася ў пад’ездзе чужога дома і прытулілася да поручняў на лесвіцы. Гарбук.

2. Апора для рук у крэсле, калясцы і пад. [Андрыяну Цітавічу] нязвычна было ў сваім кабінеце сядзець з боку стала, не на сваім вышліфаваным крэсле з поручнямі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шво́ран, ‑рна, м.

Жалезны стрыжань, які з’яўляецца вертыкальнай воссю перадка павозкі або паваротнай часткі лакаматыва, аўтамабіля і пад., што забяспечвае паварот на хаду. Конь звярнуў з дарогі, усцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і пакінуў драбіны з Петрусём сярод лесу. Колас. Падгоняць пад кузню благія калёсы — Атосы на гора, Пакрыўлены шворан, Разбіты драбіны Ды колы без шынаў. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)