катава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Моцна, балюча біць, жорстка мучыць. Вядома, Як допыт чыняць там паны, Як б’юць, катуюць, гнуць і ломяць, Як вінавацяць без віны. Колас. Катавалі [зняволеных] гумовымі кіямі, шампаламі, прыкладамі, калолі іголкамі, расціскалі пальцы дзвярамі. Паслядовіч. // перан. Дакараць, прымушаць пакутаваць, мучыцца. То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохі? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмя́гнуць і засма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Звяць, засохнуць ад недахопу вільгаці. — Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся, — радавалася гаспадыня першаму чэрвеньскаму дажджу. Грахоўскі.

2. Высахнуць, перасохнуць (пра губы, рот). [Хвошч] цяжка, з надрывам соп.., бо не было як дыхаць — у роце ўсё засмягла. Лупсякоў. Засмаглі вусны, і запёкся рот. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затану́ць, ‑тану, ‑тонеш, ‑тоне; зак.

Пайсці, апусціцца на дно ракі, возера, мора і пад.; патануць. Карабель затануў. □ Куст, вырваны.. з зямлі, раптам паплыў на сярэдзіну і там затануў. Лупсякоў. Ці то паром быў перагружаны, а можа проста няспраўны, але ён затануў. Васілеўская. // Загінуць, апусціўшыся ў ваду; утапіцца. На вачах у мяне байдарка і пяць паляўнічых затанулі. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзеся́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Лічба 10. // Разм. Назва розных прадметаў (цэнтра мішэні, аўтобуса, тралейбуса маршруту № 10 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 10. Пацэліць у дзесятку. Прыехаць дзесяткай.

2. Ігральная карта з дзесяццю ачкамі. Храстовая дзесятка.

3. Разм. Тое, што і дзесяцірублёўка. — Можа, ты грошай не маеш, то я магу табе пазычыць дзесятку? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Станавіцца пабрацімамі.

2. Праяўляць братнія пачуцці; уступаць у цесныя сяброўскія адносіны. Ад.. [Віктара] крыху патыхала бензінам. На перапынках [вучні] з ім не надта стараліся братацца, аднак не папракалі, бо ведалі, што калі.. бацька трактарыст, то хто.. вытрымае, каб не падысці да трактара. Кулакоўскі. // Спыняць ваенныя дзеянні, барацьбу і пад., заяўляючы аб узаемных братніх пачуццях, салідарнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., што і без дап.

Невыразна, з адценнем незадаволенасці сказаць што‑н. Адна старая сялянка не выцерпела — буркнула: — Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць! Бядуля. [Глушкевіч] хацеў загаварыць з ёю, але жанчына нешта буркнула ў адказ, і нельга было зразумець, ці то яна павіталася так, ці выказала незадаволенасць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жало́ба, ‑ы, ж.

1. Стан смутку з прычыны чыёй‑н. смерці, народнага гора, бедства, які выражаецца ў нашэнні асобай вопраткі, адмене гулянак і інш. Жалоба па загінуўшых воінах. Прыспусціць у жалобе сцягі. □ — Калі памрэ стары Юстын, то вяселле не скора справіш. Жалоба, цэлы год чакаць. Чарнышэвіч.

2. Чорнае адзенне, павязка, вуаль і пад. як сімвал смутку. Насіць жалобу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыстру́ніць, ‑струню, ‑струніш, ‑струніць; зак., каго-што.

Разм. Прымусіць весці сябе як належыць; праявіць строгасць у адносінах да каго‑н. Прыструніць распусніка. □ Не толькі маці, але і сам Нічыпар Патупчык угаварылі дачку, нават прыструнілі, што калі не паслухаецца, то будзе кепска... Кавалёў. — Правільна! — падняў руку каваль. — Усып яму па самую пятніцу! Хто ж можа прыструніць Алеся... Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расчарава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак., у кім-чым і без дап.

Зведаць пачуццё незадаволенасці з прычыны няздзейсненых спадзяванняў, надзей, мар. Расчаравацца ў чалавеку. □ Калі .. [Магдалена] прыйшла дадому, то ёй прыйшлося расчаравацца адразу: ад Кастуся пісьма яшчэ не было. Чорны. — Мы чакалі вас. А я, праўду кажучы, уяўляла вас крыху іншым. — І зараз крыху расчараваліся? — паціскаючы .. [Евг Аўсееўне] руку, адказаў Максім. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; заг. падладзь; зак., што.

1. Падрамантаваць. Давай лепш падладзім крыху гэтую хату, што нам далі, а то разваліцца. Кулакоўскі. Падладзіць.. [бляхар], скажам, вядро — яно і паслужыць гаспадару яшчэ які год. П. Ткачоў. // Разм. Прывесці ў парадак; паправіць. Падладзіў [Клім] гаспадарку, як кажуць, стаў на ногі. Шахавец.

2. Разм. Настроіць музычны інструмент на пэўны лад. Падладзіць балалайку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)