да́ўкі, ‑ая, ‑ае.
Які перасядае ў горле, выклікае аскому. Даўкі яблык. // Горкі, едкі (пра дым, пах і пад.). Запахла даўнім прагорклым дымам, нібы гарэла дзе старая зляжалая салома. Лынькоў. У горадзе яшчэ стаяў пах гару, цяжкі і даўкі. Арабей. // перан. Выкліканы горам, крыўдай і пад.; гнятлівы, цяжкі. Так захацелася дамоў, аж нешта даўкае заказытала ў горле. Грахоўскі. Даўкі камяк стаяў у горле, ныла сэрца, хацелася заплакаць ад роспачы і бяссілля. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драма́ць, драмлю, дрэмлеш, дрэмле; незак.
Быць у паўсонным стане, нямоцна спаць. І тут Ігнась заўважае, што бацька прытуліўся плячамі да палукаша і дрэмле, і галава яго, як нежывая, ківаецца ва ўсе бакі. Чарнышэвіч. Абапёршыся локцямі на стол, .. [Сяргей], здавалася, пачаў драмаць. Шахавец. / у перан. Быць у стане спакою, бяздзейнасці, нерухомасці. Ціха драмала Палессе пад цёплым дыханнем сонца. Лынькоў. Гарадок драмаў у млявай цішыні, не паказваючы адзнак чаго-небудзь жывога. Ракітны.
•••
Не драмаць — дзейнічаць, праяўляць і актыўнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гне́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., на каго-што і без дап.
Быць у стане гневу, выказваць гнеў; абурацца, злаваць. — Ты чаго тут! — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук. [Бабуля] усё вохкала на возе, гневалася: — Бачыш ты яго, старац, а яшчэ дабром грэбуе. Лынькоў. // Разм. Крыўдзіцца. — Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. Колас. — А за што на мяне крыўдзіцца-гневацца? — з неўразуменнем спытаў Варанецкі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зво́ддаль, зво́ддалі і зво́ддаля, прысл.
1. З далёкай адлегласці; здалёку. Моўчкі далучыўшыся да астатніх, Пятро і сакратар райкома пачалі пазіраць за падзеямі зводдаль. Ваданосаў. [Сярод азярцо] густа тырчаць купіны, так што, калі глядзець зводдалі, дык здаецца, там наогул няма ніякай вады... Шуцько. Сілівон пайшоў назад. Заклапочаная Аксіння, якая зводдаля ўвесь час пазірала за ім, спаткала яго на вуліцы. Лынькоў.
2. На некаторай адлегласці; у аддаленні. Зводдаль ад жыллёвых будынкаў — цэлая сістэма будынкаў гаспадарчых. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зразуме́ла,
1. Прысл. да зразумелы (у 1 знач.).
2. у знач. пабочн. Вядома, канечне. Дакументы ў .. [парушальнікаў], зразумела, былі ў поўнай спраўнасці. Брыль.
3. у знач. вык. Ясна. І гэта зусім зразумела, Напісана чорным па белым: — Наш Ленін — свабода і мір, Працоўных усіх правадыр! Бялевіч. На.. плошчы.. салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю.. Усё гэта так зразумела і так проста. Лынькоў. / у безас. ужыв. — Так, зразумела, — быццам нешта падагульваючы ў сваіх развагах, прамовіў Камлюк. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зусі́м, прысл.
1. Абсалютна, поўнасцю. Дзверы неўзабаве зачынілі, і ў вагоне стала цёмна зусім. Самуйлёнак.
2. Разм. Назаўсёды. — Цяпер от, у гэтую хвіліну, я збіраюся ісці з дому зусім. Чорны.
3. (з адмоўем: не зусім). Не вельмі, не поўнасцю. Не зусім здаровы. Не зусім разумны. □ Няскладны машыніст у пацёртай нямецкай форменцы быў заняты не зусім звычайнай для яго працы справай. Лынькоў.
4. Вельмі, дужа. Ладымер насупраць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інстру́кцыя, ‑і, ж.
1. Кіруючыя ўказанні, падрабязныя настаўленні. Гэта быў нават не даклад, а хутчэй інструкцыя: што рабіць камуністам і камсамольцам у гэтыя дні па вёсках, занятых гітлераўцамі. Лынькоў.
2. Даведачнае выданне ў выглядзе брашуры або лістоўкі, якое змяшчае ўказанні па рэгуляванню грамадскай ці вытворчай дзейнасці або правілы карыстання прамысловым вырабам. Інструкцыя па ўкладанню слоўніка. Інструкцыя да тэлевізара. Рабіць па інструкцыі. □ Мы перачытвалі інструкцыю, мянялі шчоткі і ледзь не спалілі матор. Жычка.
[Ад лац. instructio — наказ, настаўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інтэрва́л, ‑у, м.
1. Адлегласць, прамежак, прастора, якая аддзяляе адзін прадмет ад другога. Паходныя інтэрвалы. □ Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў.
2. Перапынак, прамежак часу. Дзесяцісекундны інтэрвал. □ — Мы ідзём не па раскладу, і прапускаць наш састаў будуць у інтэрвалах між другімі цягнікамі. Пальчэўскі. [Мішка], не спяшаючыся, з пэўнымі інтэрваламі, старанна нацэльваючыся, страляў са сваёй ракетніцы. Лынькоў.
3. Розніца па вышыні паміж двума гукамі, утворанымі паслядоўна або адначасова.
[Лац. intervallum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсве́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Тое, што і адсвечваць (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом, рассякаючы ясную гладзь ціхай Свіслачы, у якой як у люстры, адсвечваліся водбліскі полымя. Якімовіч. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвалася яно і аж калола ў вочы. Чорны. Вочы чалавека .. гарэлі.. дзіўным бляскам.. Ці то застыглая жорсткасць.., ці то захапленне бойкай адсвечвалася ў іх позірку. Лынькоў.
2. Адліваць якім‑н. колерам. Смуглявы твар адсвечваўся бронзай. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсве́чваць, ‑ае; незак.
1. Адбіваючы святло, свяціцца, даваць водсвет. Конь прыціх, супакоіўся, ледзь адсвечвала нерухомая падкова. Лынькоў. // Адліваць колерам чаго‑н. або якім‑н. колерам. Золатам адсвечвала пажоўклае лісце вішняку. «Маладосць».
2. Адбівацца на чым‑н. Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Брыль. [Міхалковіч:] Унь, бачыш, бляск. Гэта, мусіць, сонца ад шыб адсвечвае. Чорны. // перан. Адбівацца (у вачах, на твары — пра душэўны стан). Але ў [Рыгоравай] ухмылцы адсвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)