маста́к, ‑а, м.
1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.
2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.
3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зале́жнасць, ‑і, ж.
1. Падпарадкаванасць чужой уладзе, волі. Прыгонная залежнасць. Быць у залежнасці. □ [Пілацееў] адчуў сваю залежнасць .. ад шматлікіх, непадуладных яму сіл, у прыватнасці і ад незнаёмага рыжага насільшчыка. Галавач.
2. Абумоўленасць чаго‑н. якімі‑н. абставінамі, прычынамі. [Дзядам] досыць пабачыць першы вырай журавоў, каб сказаць, які будзе авёс. У залежнасці ад вышыні лёту знаходзіўся і рост аўса: высока ляціць вырай — І высокі вырасце і авёс. Колас.
3. Спосаб злучэння слоў або сказаў, які выражае падпарадкаванасць аднаго слова ці сказа другому. Залежнасць прыметніка ад назоўніка. Залежнасць даданага сказа ад галоўнага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Вызначаць характэрныя рысы чаго‑н., даваць фармуліроўку чаму‑н. Азначаць геаграфію як навуку.
2. Мець значэнне, які‑н. сэнс. Ціток зірнуў на Кандрата і маргнуў яму адным вокам, што азначала: нічога, хлопцы, я вам памагу. Лобан. Аднаго разу, у выхадны дзень,.. [Сяргей Аляксандравіч] тры разы пастукаў у сцяну, што азначала: «Зайдзі да мяне, тэрміновая справа». Ляўданскі. Я зайшоў.. [у бібліятэку], каб заглянуць у энцыклапедыю і даведацца, што азначае на грэчаскай або лацінскай мовах слова «Данута». Карпюк.
3. Незак. да азначыць (у 2, 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́раз 1, ‑а, м.
Выразанае месца; выемка; пройма. Выраз для рукавоў. □ Сукенка мела вялікі выраз на грудзях. Карпюк. Старшыня спыняўся ля некаторых магіл і падоўгу разглядаў здымкі, што былі ўстаўлены ў выразы крыжоў. Сачанка.
вы́раз 2, ‑у, м.
1. Характэрны знешні выгляд, які адлюстроўвае ўнутраны стан чалавека. Выраз вачэй. □ Пятым завознікам была жанчына з выразам нейкай суровай стомленасці ў вачах. Брыль.
2. Слова, моўны зварот. Вобразны, метафарычны, трапны выраз. □ [Сымон] перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.
3. Сукупнасць знакаў, формула, якія адлюстроўваюць пэўныя матэматычныя адносіны. Алгебраічны выраз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
псі́на, ‑ы, ж.
1. Пра сабаку, звычайна вялікага. Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на .. [Лабановіча] і наогул быў смешнаю псінаю. Колас. // Пра пах сабакі, яго поўсці. Смярдзець псінай.
2. Груб. зневаж. Пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці на хвост якой-небудзь псіне. Мядзёлка. Для прадажнай псіны кол з асіны. Прыказка. // звычайна з азначэннем. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — А князеў хлеб дарэмна есці Не будзеш, псіна ты старая! — З апошніх слоў «Памдзея» лае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць смелага. Смеласць выступленне. □ А потым глядзіш, гэты факт, памножаны на смеласць думкі і дасціпнасць домыслу, становіцца ўжо тым грунтам, на якім вырастаюць нарысы, эсэ, манаграфіі. «Маладосць».
2. Смелыя паводзіны; храбрасць, адвага. Смеласць і бясстрашша, якімі валодаў Уладзімір Ільіч, перадаваліся і прысутным. Гурскі. Цяпер адна смеласць [падпольшчыкам] не памагала, патрэбна была яшчэ і хітрасць. Новікаў. У знішчальніка павінна быць дзёрзкая смеласць. Алешка. // Рашучасць. Нініна ўсмешка, мусіць, паддала хлопцу смеласці, ён таксама ўсміхнуўся і сеў каля Ніны. Арабей. А смеласці [у Антона] не хапала падысці, слова сказаць [Паліне]. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.
1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усту́пны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўступа 1. Уступная выемка. // Які мае від уступа, размешчаны ў выглядзе ўступа 1. Калоны рухаліся ва ўступным парадку.
усту́пны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца ўступам 2 да чаго‑н.; пачатковы. Уступнае слова. Уступная частка ўрока. □ Уступная прамова містэра Дэвіда была кароткая, строга афіцыйная. Гамолка.
2. Звязаны з паступленнем, абумоўлены паступленнем куды‑н. Уступны экзамен. □ Грошы ішлі ў касу рознымі шляхамі. Былі членскія ўзносы, якія акуратна запісваліся ў вялікія гросбухі і рэгістраваліся ў адпаведных інстанцыях. Акрамя членскіх узносаў, былі яшчэ аднаразовыя, уступныя. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.
2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматзна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне, важныя вынікі, значны ўплыў на каго‑, што‑н. Шматзначная падзея. □ Усё, што датычыла Іры, было для мяне тады шматзначнае, напоўненае незвычайным сэнсам. Марціновіч.
2. Які робіць намёк на што‑н. важнае; які пра многае гаворыць. Надзя.. не вытрымлівала шматзначнага і ў той жа час іранічнага позірку бацькі. Лынькоў. Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака. Дамашэвіч.
3. У матэматыцы — які складаецца з многіх лічбавых знакаў. Шматзначная лічба.
4. У мовазнаўстве — які мае многа значэнняў. Шматзначнае слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)