Варо́ты ’вароты’, ворота ’дзверы ў хляве’ (Шушк.). Ст.-рус. ворота, рус. воро́та, укр. воро́та, польск. wrota, чэш. vrata, ст.-слав. врата, балг. врата́, серб. вра́та ’дзверы’ і г. д. Прасл. *vorta ’вароты, дзверы’ (мн. л. да назоўніка н. р. *vorto ’тс’, які не захаваўся) — утварэнне суфіксам ‑t‑ да прасл. кораня *ver‑: *vor‑ ’адкрываць, закрываць і да т. п.’ Падобныя ўтварэнні ёсць і ў іншых і.-е. мовах: літ. var̃tai мн. л., лат. vàrti мн. л. ’вароты, дзверы’, прус. warto, ст.-англ. weorð, worð ’агароджа каля будынка’, тахар. B wärto, warto ’сад’, ст.-інд. vr̥tís ’агароджа’ (Фасмер, 1, 354–355; Траўтман, 353; Махэк₂, 699; Шанскі, 1, В, 168; Брукнер, 632–633 і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́да1 ’рама, аснова акна, воза, сельскагаспадарчых прылад; драўляная частка сякеры’, ’паліца каля акна’, матэрыял для рам’ (Янк. II). Укр. осада ’ложа ў ружжа’, ’аснова воза’, ’частка (аснова) млына’. Аддзеяслоўны назоўнік ад слова асадзіць ’змясціць нешта на месца’ (параўн. рус. у Даля асаживать токарные колодочки ’стаўляць іх у калодкі, ручкі’).

Аса́да2 ’аблога’, стар. ’сядзіба, пасяленне, умацаванае месца’ (Нас., Гарб.), дыял. насаджэнні вакол сядзібы, саду’ (Янк. II). Рус. осада (ваен.), укр. асада ’сядзіба’, ст.-рус. осада ’аблога; абарона ўмацаванага месца, пасяленне’. Польск. osada ’пасяленне, сядзіба, асада, калонія, група людзей’, чэш. osada ’пасяленне, калонія, група людзей’, славац. osada ’пасяленне, калонія’, в.-луж. wosada ’абшчына, калонія’. Паўночнаславянскае бязафікснае ўтварэнне ад дзеяслова асаджвацца ’сяліцца’, адкуль развіццё іншых значэнняў, у тым ліку ваеннага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суга́ ’мыс’ (Ласт.). Параўн. укр. карп. суг ’упадзіна ў зямлі’. Няясна. Магчыма, тое ж, што і аргат. суга́ ’вада’ (дрыб., шкл., навазыбк., Рам. 8–9), якое выводзіцца з тур. асман. su ’вада’ (гл. Горбач, Арго, 34), г. зн. ’месца каля вады’; назва па сумежнасці? Менш верагодная сувязь з укр. суга́ ’ржавая вада на балоце’, ’асадак у алеі’, балг. съ́га ’плесня на паверхні віна’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *sǫga, гл. Пятлёва, Этимология–1976, 45; ЕСУМ, 5, 465. Можа быць і адваротным дэрыватам ад сузок (гл.) з “этымалагічным” узнаўленнем ‑г‑. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 170) выводзіць з сугба́ ’выгін знутры’ (ад гібаць, гбаць ’згінаць’), у такім выпадку трэба дапусціць атаясамліванне фіналі -ба з адпаведным суфіксам і яго адсячэнне, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твань ’дрыгва, багністае месца; гразь; ціна’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк., Гарэц., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. ПЗБ, Ск. нар. мовы), ’іл’ (бых., бялын., клім., петрык., ветк., светлаг., ЛА, 2; Сцяшк.), ’плаў на балоце, каля возера’ (кругл., мазыр., хойн., ЛА, 2), ’невялікі прыродны вадаём’ (маг., ЛА, 2; Мат. Гом.), ’моцны смурод; ціна, балота’ (Растарг.), ’ціна, глей, мул, буза’ (Нас.), ’водарасці’ (Мат. Гом.). Укр. твань, рус. дыял. твань ’твань’. Лічыцца, што паходзіць з літ. tvãnas ’патоп’ < tvìnti ’разлівацца, выходзіць з берагоў’ (Коген, Запіскі, 2, 9, 90; Буга, Rinkt. 2, 639; Гутшміт, ZfSl, 19, 2, 269; ЕСУМ, 5, 530; Фасмер, 4, 31; Лаўчутэ, Балтизмы, 40). Адносна фанетычных і семантычных цяжкасцей пры запазычанні гл. Талстой, Геогр., 166–167; Анікін, Опыт, 285.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Паўторнае перажоўванне жвачнымі жывёламі ежы, якая адрыгаецца ў поласць рота. Згубіць жвачку. // Ежа, якая паўторна перажоўваецца. Падласка ляжыць каля плота, на сонейку, спакойна глядзіць і перажоўвае жвачку. Брыль.

2. Разм. Гумка, табака і інш., якія ўжываюцца для жавання. Гум[а]вую жвачку жуе У крэсле заморскім палкоўнік. Калачынскі. // перан. Нуднае, надакучлівае паўтарэнне аднаго і таго ж. Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

•••

Жаваць жвачку гл. жаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуз, ‑а, м.

Пукатасць, нараст на целе чалавека або жывёлы ад удару, запалення і пад. Набіць гуз. □ Дужай мужчынскай рукою, якой так даўно не было на светлай галаве Даніка, Мікола правёў па «сівых» валасах малога, намацаў гуз ад кія і, заплюшчыўшы вочы, праз зубы ціха вылаяўся. Брыль. // Пукатая няроўнасць на чым‑н. Снегу было мала, на каляіністых дарогах чарнелі мёрзлыя земляныя гузы. Чорны. Скрыпучым голасам зарыпіць журавель над студняю з трухлявым дзер[а]вяным зрубам і гузамі лёду каля яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Рытмічны, роўны. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару, ды прыслух[оў]ваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец. Сцёпка трохі падумаў. Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты. Колас.

2. Які служыць для вымярэння чаго‑н. Мерны ланцуг. Мерная рэйка.

3. Разм. Сярэдні па сіле, памерах. Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невясёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які сумуе; сумны. [Сярго:] Вы што ж такі пануры, невясёлы? [Бэсман:] У нас вясёлага не вельмі шмат. Глебка. Убачыўшы свайго сябра невясёлым, Ціма запытаў: — Чаго такі кіслы? Шчарбатаў. // Які выражае смутак, журбу. Невясёлая ўсмешка. Невясёлыя вочы.

2. Які выклікае смутак, журбу; непрыемны. Невясёлы мой лёс, невясёлы... Пакідаю я родныя сёлы. Куляшоў. Покут голы, невясёлы, Як у той павеці. Крапіва. Ноччу Мікола не спаў. Сядзеў каля папялішча пад уцалелай яблыняй і думаў невясёлую думу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да павярнуцца (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе б .. [Анісімаў] ні паварочваўся, каля яго заўсёды збіраліся людзі. Паслядовіч. [Даніла:] — Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся? Крапіва.

3. Разм. Рабіць, выконваць што‑н. [Сякач:] — Наперадзе ў вас многа спраў. Весялей паварочвайцеся. Алешка. — Каб яны спрахлі, гэтыя скаргі. Толькі паспееш разабрацца з адной, як табе падсоўваюць другую. Адно паварочвайся! Паўлаў.

4. Зал. да паварочваць.

•••

Язык не паварочваецца гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павіва́цца, ‑аецца; незак.

1. Пралягаць, ісці павіляста. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Наперадзе ў лагчыне луг, а далей між зялёных кустоў павіваецца рэчка. С. Александровіч.

2. Расці павіваючыся, віцца. Хмель зялёны каля тыпу павіваўся. Ставер. Раскідаў разлапістае галлё волат-дуб, павіваліся нейкія невядомыя казачныя расліны. Даніленка. // Быць пакручастым. [Чалавек] быў без шапкі, мяккія валасы павіваліся дробнымі кудзерамі, дзюбаты насок не псаваў аліўкавага аблічча. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)