начы́нне, ‑я, н., зб.

1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой‑н. работы. Улетку цесляры вандравалі са сваім начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С. Александровіч. Начыння ў кузні было не вельмі многа: два меншыя молаты і адзін вялікі. Сабаленка.

2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага, ваеннага і пад. ўжытку. Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. Асіпенка. Пад нагамі розная вайсковая амуніцыя і начынне: сёдлы для кухань і кулямётаў, лапаты, кіркі і нейкія жалязякі, густа змазаныя аўтолам. С. Александровіч. Усялякія прабіркі, колбы, адным словам — шкляное начынне, патрэбнае для лабараторнай працы, дзяўчаты стаўлялі на паліцы ў кладоўцы. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недарэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Някемлівы, няўмелы чалавек; недалуга (у 2 знач.). [Юрку] здавалася, што ў яго нічога па-людску не выйдзе, і ён будзе выглядаць недарэкам. Карпаў. // Адсталы чалавек. Студэнт размаўляў са мной у манеры чалавека, перад якім хоць і добры вясковы хлапец, але ж .. недарэка ў параўнанні з ім, гарадскім бітым воўкам. Карпюк.

2. Тое, што і няўклюда. Апранутая ў заваляшчую сялянскую вопратку, Алімпа сапраўды мела выгляд нейкай вясковай недарэкі. Сабаленка.

3. Слабы, хваравіты, непрацаздольны чалавек; інвалід; недалуга (у 1 знач.). [Міканор:] — Паехалі.. [у Амерыку] здаровымі хлапцамі, а прыехалі адтуль хворымі, старымі недарэкамі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́мач, ‑ы, ж.

Разм.

1. Недамаганне, слабасць; хвароба. Маці.. забывалася на немач, увіхалася ля печы, цешылася з сустрэчы. Вышынскі. [Шэмет:] «Што, ужо начальства немач бярэ? Дваццаць метраў прайсці не можа?» Лобан. [Кац] прайшоў не адну царскую ссылку, і, відаць, арганізм яго выпрацаваў у сабе здольнасць незвычайна супраціўляцца рознай немачы. Сабаленка.

2. Гора, няшчасце. [Юстына:] — Неўзабаве і Мікіта прыйшоў, што быў у матросах. Ды на табе, зноў немач — паны нахлынулі. Гурскі. Аляксандр Іванавіч быў добрай душы чалавек, але вось гэтая немач — немач, насланая вайною... Пестрак.

•••

Каб на яго (яе, іх, цябе, вас) немач; няхай яго (яе, іх, цябе, вас) немач — праклён са значэннем «чорт яго (яе, іх, цябе, вас) бяры».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няге́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, слабы; няўдалы. Нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва,.. стаіць побач з машынай. Брыль. Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі трапляў каму на вочы, дык рабіў уражанне вар’ята. Броўка.

2. Непрыгожы з выгляду, нязграбны; няўклюдны. Мікодым пры газоўцы слібізаваў па літары пратакол вобыску, падпісваў яго крывымі, нягеглымі лацінскімі літарамі. Сабаленка. Фурман, сівавусы чалавек, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нягеглы, кідаўся ва ўсе бакі. Караткевіч.

3. Няўмелы, ні да чаго не здатны. Нельга сказаць, каб Марына была нікуды не вартая. Не! У сям’і Рамана наогул нікога не было нягеглага або недалужнага. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.

2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.

3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.

2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.

3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. кім-чым. Кіраваць на працягу нейкага часу. За адзін учарашні дзень Грышка паспеў пабываць у кабіне магутнага тралёвачнага трактара і пакіраваць лесавозам. Паслядовіч. — Дык от, Галіна Казіміраўна, .. вам давядзецца пакіраваць калгасам, пакуль вернецца Леўчык. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і накіраваць (у 1, 2 знач.). Шашура прайшоў у канец палоскі, налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край вагона і накіраваў назад. Мележ. Людзі з першай жа хвіліны пакіравалі свае думкі да пераспелага жыта. Чорны.

3. Разм. Тое, што і накіравацца (у 1 знач.). [Зося] прабегла ўсю сценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.

2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.

пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.

1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.

2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́саны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пісаць.

2. у знач. прым. Напісаны ад рукі (у адрозненне ад друкаванага). Пісаныя кнігі. // у знач. наз. пі́санае, ‑ага, н. Тэкст, напісаны ад рукі. Па друкаваным разбірае, а па пісаным — з вялікай натугай. Навуменка.

3. у знач. прым. Уст. Размаляваныя якімі‑н. узорамі. Пісаныя дэкарацыі.

•••

Віламі па вадзе пісана — аб чым‑н. мала магчымым.

Закон не пісан гл. закон.

Пісаная прыгажуня гл. прыгажуня.

Пісаны прыгажун гл. прыгажун.

Як па пісаным — гладка, бойка (гаварыць, расказваць і пад.). Затое калі я ўжо блізка знаёміўся з людзьмі, дык тады знаходзіліся і дасціпныя словы, і сур’ёзныя гісторыі, якія магу расказваць, як па пісаным. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́цца, пішуся, пішашся, пішацца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Ужывацца на пісьме; перадавацца на пісьме пэўным чынам. На канцы слова «вугаль» пішацца мяккі знак. □ Падыходзіў бліжэй дзядзька Антось, і мужчыны наладжвалі вучням і дарэктару «экзамент». Пыталіся, як пішацца тое ці іншае слова. С. Александровіч.

2. безас. Разм. Аб магчымасці або жаданні пісаць. Пісалася добра, Бо золкі Дождж рытм адбіваў. Калачынскі.

3. Уст. Лічыцца кім‑, чым‑н., называць сябе як‑н. у дакументах, афіцыйных паперах. — Ты як пішашся: па бацьку ці па матцы? — запытаўся .. [старшыня]. Якімовіч.

4. Разм. Запісвацца, уступаць. Адзін за адным каралінцы пачалі пісацца ў калгас. Сабаленка.

5. Зал. да пісаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)