ро́знасць, ‑і, ж.

1. Якасць, уласцівасць рознага (у 1 знач.); розніца. Нягледзячы на рознасць поглядаў і характараў, мы ўчатырох сыходзіліся ў адным: нельга сядзець склаўшы рукі, трэба дзейнічаць. Навуменка. Рознасць пазіцый Багдановіча і Бадлера, можа, найвыразней раскрываецца якраз у тым, як паэты падаюць малюнкі зла. Лойка.

2. У матэматыцы — вынік адымання. Рознасць двух лікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пару́бшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца парубкай, высечкай лесу. [Турава:] — Гэта ж каб мне ножкі маладыя, хіба не пабегла б я ў лес, да тых парубшчыкаў? Савіцкі. // Той, хто займаецца незаконнай парубкай. Але ляснік мог спяшацца і на засаду супроць парубшчыкаў. Паслядовіч. Шэраг апавяданняў Коласа прысвечаны жыццю леснікоў, людзей, у службовы абавязак якіх якраз і ўваходзіць лавіць парубшчыкаў, зладзеяў. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяскро́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абяскровіць.

2. у знач. прым. Белы, пазбаўлены яркай афарбоўкі; бледны (пра рукі, твар і пад.). Абяскроўлены твар.. [Насці] і рукі былі бялей за прасціну. Шамякін.

3. у знач. прым. перан. Пазбаўлены сілы, жыццяздольнасці. [Вучылішча] якраз толькі што вярнулася з фронту. Вярнулася абяскроўленае, малалікае — большасць курсантаў засталася там, на полі бою... Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балазе́, злучн. далуч.

Разм. Далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі; па значэнню адпавядае словазлучэнням «тым больш што», «добра што», «добра якраз», «добра, што хоць». Электрыфікатар пайшоў да санітара, балазе жыў ён блізка — праз дзверы. Колас. Пан Зяленскі бубніць паціху пра коней, ды пра белых авечак, балазе здаецца яму, што я сплю. Лынькоў. [Жанчына:] — Уцякайце адсюль. Хавайцеся, балазе туман! Корзун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Шматаць, кудлачыць, тармасіць. [Шолам Кац] доўга разгладжваў, калашмаціў клінок барады, быццам шукаючы ў ім прыдатнага слова. Сабаленка. // Моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць. Усхапіўшыся, [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў.

2. Біць, калаціць. — Калашмаціць будзем гэтых паноў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхіле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адхіляць — адхіліць і адхіляцца — адхіліцца.

2. Адступленне ад чаго‑н., неадпаведнасць чаму‑н., розніца ў параўнанні з чым‑н. Адхіленне ад правіл. Адхіленні ад нормаў. □ Гэта была, без малога, простая лінія. Было адно нязначнае адхіленне ўбок, якога можна не браць на ўвагу. Лінія была якраз на захад. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́к, спевака, м.

1. Той, хто ўмее пець, хто добра спявае. З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, падаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Колас. / Пра пеўчых птушак. Якраз на тое салавейка тут заспяваў [на] поўны голас. Ад Івянца і да Вілейкі не знойдзеш спевака такога. Дубоўка.

2. Той, для каго спевы з’яўляюцца прафесіяй. Оперны спявак. Камерны спявак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уду́млівасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. У ім [Косцю] угадвалася сур’ёзнасць, удумлівасць — якраз тыя якасці, якія Вера цаніла ў людзях больш за ўсё. Шыцік. Паэт малюе вобраз Міхала з выключнай удумлівасцю, асцярожна і паступова. Навуменка.

2. Разм. Задуменнасць. На бялявым твары [Алесі] застыла ціхая ўдумлівасць чалавека, які сабраўся ў дарогу... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цю́целька, ‑і, ж.

У выразе: цюцелька ў цюцельку — зусім дакладна, кропля ў кроплю. Судны ходзяць праз дзень і на прыстань прыбываюць якраз к пачатку Люсьчынай работы. «Чаркес» яе дастаўляе цюцелька ў цюцельку. Ракітны. [Грышка:] — А цяпер скажы мне яшчэ, адкуль ты [Кастусь] так пра маю жытку ведаеш?.. У хаце маёй, здаецца, не быў, а ўсё цюцелька ў цюцельку праўда... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.

2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)