ля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць ляск. Ляскаць пугай. □ Гудзелі маторы, ляскала жалеза, галасіста разразалі марознае паветра паравозныя гудкі. Шамякін. У хлявах гучна ляскаюць церніцы. Сачанка.

2. Разм. Біць у далоні, далонню; пляскаць. [Дзед] у такт танца ляскаў у далоні і прыгаварваў: — Гоп-гоп, Насцечка. Чорны. Калі Гудок закончыў [гаварыць], яму ляскалі ў далоні гэтак жа гучна, як Платону Іванавічу. Навуменка.

•••

Зубамі ляскаць — дрыжаць, калаціцца ад холаду, страху і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фіна́л, ‑у, м.

1. Заключная частка, завяршэнне чаго‑н., канец. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства. Колас.

2. Заключная частка музычнага, тэатральнага або літаратурнага твора. У фінале Трэцяй сімфоніі кампазітар [Я. Цікоцкі] зноў вяртаецца да героіка-драматычных вобразаў. Дубкова. [Чайкоўскі].. на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо». «Маладосць».

3. Заключная частка спартыўных спаборніцтваў, у якой выяўляюцца пераможцы. [Вадзім:] — А наша каманда ў фінал выйшла. Праўда, здорава? Асіпенка.

[Іт. finale ад лац. finis — канец.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гапа́к ’гапак’ (БРС). Рус. гопа́к, укр. гопа́к ’тс’. Лічыцца запазычаннем з укр. мовы, дзе назва танца гопа́к з’яўляецца вытворнай ад выклічніка гоп! Гл. Фасмер, 1, 438. Аб паходжанні самога выклічніка думаюць, што рус. гоп! — гэта ўкраінізм (гл. Шанскі, 1, Г, 129) і наогул падобны выклічнік і ва ўкр. і ў польск. мовах < ням. hopp, hops (гл. Фасмер, там жа). Насуперак гэтаму Слаўскі (1, 428) укр. гоп, польск. hop, чэш. hop лічыць проста гукапераймальнымі (падрабязна Махэк₂, 176, які лічыць hop‑ элементарным, першапачатковым, незапазычаным).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віхор (БРС, Шат., Касп., Мядзв., Гарэц., КЭС, КТС) ’шчацінне на хрыбце ў свінні’ (Бяльк., Шатал.); ’дух-гаспадар ветру’ (Інстр. II); ’від танца’ (Інстр. IV), віхры́ ’пясчаныя ўзгоркі, нанесеныя ветрам’; ’кучаравыя валасы’ (Сцяшк. МГ). Рус. вихо́р, укр. вихор, польск. wicher, чэш. vicher ’капуста, якая не завілася ў качан’, славен. vicher ’завіток валасоў’. Да віць (Фасмер, 1, 324). Перанос націску адбыўся ў выніку ўздзеяння дэрыватаў тыпу бугор, тапор і г. д. (Шанскі, 1, В, 112). Міклашыч (388), Персан (322) параўноўваюць з вяха́, вехаць як ступені чаргавання. Гл. таксама віхар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, у якім драматургічная задума раскрываецца ў танцавальна-музычных вобразах. Рускі балет.

2. Спектакль на пэўны сюжэт, змест якога даносіцца сродкамі танца, мімікі і музыкі. // Музычны твор, які ляжыць у аснове такога спектакля. Новы свой твор — балет «Князь-возера».. В. А. Залатароў прысвяціў слаўнаму 30‑годдзю Беларускай ССР. «Беларусь».

3. Калектыў артыстаў, якія выконваюць балет. Артысты балета.

•••

Балет на лёдзе — від харэаграфічнага мастацтва, у якім танцы выконваюцца на каньках.

[Фр. ballet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бабы́ль ’беззямельны, адзінокі чалавек’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Рус. бобы́ль ’беззямельны селянін, падзёншчык’. Укр. (ст.) боби́льрус. мовы, гл. Рудніцкі, 155). Паходжанне слова няяснае. Няпэўна Мікала, Berühr., 89: запаз. з сканд. *ƀuabóli ’здольшчык’, а таксама Мікала, Ält. Bezieh., 50 (экспрэсіўнае слова, параўн. швед. bobbe, англ. bob ’цяльпук’ і г. д.). Не лепш і Фасмер, 1, 181, які прапануе звярнуць увагу на рум. bobîlcă ’від танца’, bobîlnic ’настурка’. Супраць рум. версіі сведчыць іменна адсутнасць гэтага слова (калі не лічыць запазычання з рус.) ва ўкр. мове. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 147–148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадры́ля ’танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ; іўеў., Сцяшк.; Янк. 3.), кадрыль ’тс’ (беш., Касп.), кадры ’тс’ (Сцяц.), кадраль ’тс’ (Жд. 3), кадрель ’тс’ (Бяльк.), кадрэля ’тс’ (Шат.). Запазычана з рус. кадриль ’танец у чатыры пары’, відаць, праз гарадское асяроддзе, адносна распаўсюджання слова ў суседніх гаворках даных няма, ва ўкр. мове адзначана ў Лявіцкага. Рус. кадриль з франц. quadrille ’танец у чатыры пары’, рус. слова сустракаецца (у значэнні дзве пары ў танцы) у сярэдзіне XVIII ст. і запазычана, відаць, прыблізна ў гэты ж час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чачо́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.

2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.

чачо́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

анса́мбль, ‑я, м.

1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».

2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.

3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».

[Фр. ensemble — разам.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́лька 1,

гл. палякі.

по́лька 2, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Танец у хуткім тэмпе, а таксама музыка да гэтага танца. [Надзя і Саша] танцавалі польку, кадрыль, факстрот. Гроднеў. Пасля Лізавета і Наталля выціналі голасам польку і колькі разоў прайшлі танцам па хаце. Чорны.

[Чэшск. polka.]

по́лька 3, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і на патыліцы злёгку падстрыгаюцца. Першым кінуўся ў вочы Станеўскі. Узмужнелы, пастрыжаны, як мелі звычай стрыгчыся нямецкія вайсковыя — пад высокую польку, з чорнымі і бліскучымі ад брыльянціну валасамі. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)