прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.
Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асядла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Прымацаваць сядло на спіне каня. Прачнуўся Дубяга далёка да дня, Хутчэй асядлаў баявога каня. Танк.
2. Разм. Сесці верхам на што‑н. Асядлаць бервяно. □ [Сцёпка] нарэшце ўхапіўся за галіну, падцягнуўся і асядлаў яе. П. Ткачоў. // Размясціцца па абодва бакі чаго‑н. Асядлаць дарогу. □ Танкавы корпус асядлаў абедзве шашы: на Смаленск і Сураж. Асіпенка.
3. перан. Разм. Поўнасцю падпарадкаваць сабе, прымусіць дзейнічаць па свайму жаданню. [Міхась:] — З нейкімі косамі ўсе ды з мянташкамі — па старым парадку. А мы са шваграм тэхніку асядлаем. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.
Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перамяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Злучыцца, змяшацца з чым‑н. другім. Пшаніца перамяшалася з жытам. □ Дымы розных гатункаў тытун[ё]ў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас. / Пра гукі. Усе начныя гукі перамяшаліся і паплылі разам з ветрам. Лупсякоў. // Размясціцца ўперамешку з кім‑, чым‑н. Як вокам глянуць, мора шапак, хустак, перамяшалася, застыла ў цішыні... Пестрак. Рускія, немцы, французы .. перамяшаліся, абдымаючы адзін другога ў танцы. Скрыпка.
2. Змешваючыся, перамясціцца з аднаго месца на другое, памяняцца месцамі. // перан. Стаць невыразным, хаатычным; пераблытацца (пра думкі, уражанні і пад.). У галаве ўсё перамяшалася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кватэ́ра, ‑ы, ж.
1. Частка жылога дома, якая складаецца звычайна з некалькіх пакояў і мае асобны выхад. Двухпакаёвая кватэра. □ Кватэра Белавуса не багата абстаўлена, але ўтульная і чыстая. Гурскі. // Жылое памяшканне, жыллё наогул. Вырашыць пытанне з кватэрай. // Памяшканне, якое часова наймаецца для жылля. Жыць на кватэры. Наймаць кватэру.
2. Уст. Лясніцтва, памяшканне, дзе жыў ляснічы. Міхал ступіў на двор кватэры З душою, згрызенай без меры. Колас.
3. толькі мн. (кватэ́ры, ‑тэр). Месца размяшчэння войск у населеным пункце. Размясціцца на зімнія кватэры.
•••
Галоўная кватэра (уст.) — месца прабывання галоўнакамандуючага і яго штаба ў час вайны; стаўка.
Стаць на кватэру гл. стаць.
[Ням. Quatier.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассялі́цца, ‑селіцца; ‑селімся, ‑селіцеся, ‑селяцца; зак.
1. Пасяліцца, размясціцца дзе‑н. або на якой‑н. прасторы. Рассяліўся род шчаслівы На ўсю шостую зямлі! Гілевіч. У хуткім часе ўсе мы рассяліліся па кватэрах. Я атрымаў пакой у службовым сутарэнным памяшканні на двары тэатра. Сяргейчык. // Распаўсюдзіцца на якой‑н. тэрыторыі (пра раслін, жывёл). І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Патомства гэтых баброў рассялілася па рэчцы Варонеж і перабралася на раку Усманку. В. Вольскі.
2. Пасяліцца асобна адзін ад аднаго. Хоць і вялізная матчына хата, Покуль расселяцца, ў ёй цеснавата. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працягну́цца, ‑цягнецца; зак.
1. Выцягнуцца ў якім‑н. напрамку. Дзверцы адчыніліся, працягнуліся дзве пары рук. Ваданосаў.
2. Расцягнуцца, размясціцца на вялікую адлегласць; выцягнуцца. Новы прамысловы раён горада працягнуўся доўгім белым ланцугом уздоўж Амура. Грахоўскі. Праз паўгадзіны .. [Андрэй] быў ужо каля роднай вёскі, электрычныя агні якой працягнуліся ад ракі аж да лесу. Скрыпка.
3. Прадоўжыцца. Даклад працягнуўся дзве гадзіны. Падарожжа працягнецца два месяцы. □ — Калі дождж працягнецца, нам не хопіць паліва, — заўважыў Тайдо. Маўр. Вайна ж доўга не працягнецца, хутка нашы разаб’юць фашыстаў, бацька вернецца. Жычка.
4. Павольна прайсці (пра час). Увесь той дзень працягнуўся, як пакута. Чорны.
5. Прайсці праз вузкую адтуліну; прасунуцца. Нітка працягнулася ў іголку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасла́цца, ‑сцялюся, ‑сцелешся, ‑сцелецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пралегчы, размясціцца на вялікай прасторы. Дарогі вы шасейныя, Шчаслівыя дарогі, Істужкамі паслаліся На нашыя разлогі. Купала. Сядзіць Аўдуля за стырном, Пад сонцам вочы жмурыць. Абшар паслаўся перад ёй, Дзе ўсё з маленства люба: Лагчынкі, Камень пад гарой. Калачынскі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць месца ў прасторы; распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Туман паслаўся над лугам. □ Калі ж на вербах невысокі! Паслаўся лёгкі жоўты пух, — Дала яму [Сымонку] бяроза соку, Пасля даў шчаўя цёплы луг. Бялевіч.
3. Разм. Падрыхтаваць, паслаць сабе пасцель. Надзі яшчэ не было дома, Якаў паслаўся на сваёй канапцы і лёг. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсу́нуцца, ‑сунуся, ‑сунешся, ‑сунецца; зак.
1. Перамясціцца на нейкую адлегласць; пасунуцца. Світае... За кратамі, паміж веццем дзвюх бяроз, там, дзе быў месяц, які ўжо адсунуўся і паблек, палоссе перастала кланяцца, заціхла, чакаючы сонца. Брыль. // Размясціцца далей, аддаліцца. Бабуля адсунулася на самы край лаўкі, у цянёк пад ліпай, але і тут яе даставалі гарачыя прамені. Сіняўскі. // перан. Стаць менш значным, менш важным. Кожны думаў цяпер толькі аб тым, каб выратавацца і выжыць, а ўсё іншае адсунулася ўбок. Маўр.
2. Адчыніцца, адкрыцца, раскрыцца, адхінуцца. Шэрая тканіна адсунулася ад запечка, напялася, задрыжала, як на ветры, знікла. Пташнікаў. У гэты час загрукалі жалязякі, і дзверы адсунуліся. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́ўпіцца, ‑піцца; ‑пімся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.
Сабрацца натоўпам вакол каго‑, чаго‑н.; збіцца ў кучу. Званок перарваў мае думкі. Вучні стоўпіліся вакол стала. Усім хацелася паглядзець на сякеру, якая дайшла да нас з каменнага веку. Штыхаў. У чаканні далейшага распараджэння аўтаматчыкі стоўпіліся ля штаба. М. Ткачоў. // Размясціцца блізка адзін каля аднаго ў вялікай колькасці. [Гарасім:] — А машын нашых многа стоўпілася на пераправе, не паспелі яшчэ ўсе пераскочыў на той бок. Масарэнка. [Рыбак] узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Быкаў. // Вырасці густа. Здалося, што хтосьці шаснуў за кедрамі, якія стоўпіліся за спінай, ахутаныя снегам. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)