Лу́па 1 ’губа чалавека, жывёлы’ (маладз., Янк. Мат.; Мікуц., Сцяц., Сл. ПЗБ; сувалк., Карт. Атл. Беласточчыны), łupufka ’губны гармонік’ (там жа), лу́пы ’губы’ (мін., КЭС), лу́па ’морда жывёлы’ (Мядзв.). Балтызм, параўн. літ. lū́pa ’губа’, лат. lũpa (Буга, Rinkt., 2, 48; Урбуціс, Baltistica, 5, 64 і 160; Liet. term., 181; Пальцаў, Лекс. балтызмы, 37; Зданцэвіч, LP, 8, 344). Булыка (Запазыч., 192) вызначае ст.-бел. лупы ’губы’ як запазычанне са ст.-польск. łupy ’тс’. Супраць Непакупны (Baltistica, 11, (1), 109). Сюды ж лупа́ты ’чалавек з вялікімі, тоўстымі губамі’ (Сцяшк., Шат.; бялын., докш., Янк. Мат.; віц., КЭС; драг., полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), сувалк. łupaty ’тс’; лаг. лупазу́бы ’бяздзейны, разінькаваты падлетак’, лупа́ч ’мужчына з тоўстымі вуснамі’ (КЭС, лаг.; шальч., Сл. ПЗБ), ’губаты’ (міёр., З нар. сл.).

Лу́па 2, лу́пы ’губа, губавыя грыбы, Polyporaceae’ (паст., Жыв. сл.). Да лу́па 1. Аб семантычным пераходзе ’губа’ — ’грыб’ гл. гу́ба.

*Лу́па 3, лу́пы ’вочы’, лупачы́ ’тс’ (Юрч. Вытв.), сувалк. zalać łupe ’ўпіцца’, якое адпавядае драг. залэ́тэ го́чэ (горі́лкію) ’тс’; рус. перм., урал. лу́пы ’вочы’, алан., валаг. лу́пачи́ ’вытрашчаныя вочы’, уладз. лупа́нда ’вірлавокі’, укр. правабярэжна-палес. лупа́тий і мсцісл. лупа́ч ’тс’. Генетычна ўзыходзіць да прасл. lupъ (параўн. бел. ё‑луп), якое Мартынаў (Этимология–1984, 129–130) рэканструюе з пратэзай як glupъ. Сюды ж бел. лупа́ты ’вірлавокі’ (ТСБМ, Гарэц., Мал., Дразд., Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Нас., Растарг.; бых., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс.; пух., Сл. ПЗБ; ТС), лупава́ты (Мат. Гом.), лупа́сценькій ’тс’ (мсцісл., Нар. словатв.), лупачы́ ’лупатыя вочы’ (капыл., Жыв. сл.; свісл., Сцяшк. Сл.).

Лу́па 4 ’яечня, непадкалочаная мукой’ (круп., Сл. ПЗБ) — перанос назвы з першапачатковага лупа ’яечня непадкалочаная’, параўн. гом., чач. лупа́ ’яечня’, асіп. лупа́тая яешня ’яечня нераскалочаная’. Аналагічна рус. глазу́нья, чэш. volská oka ’тс’ (літаральна ’валовы вочы’). Да лу́па 3 (гл.).

Лу́па 5 ’павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе’ (ТСБМ). З рус. лу́па ’тс’, якое на пачатку XIX ст. з франц. loupe непасрэдна або праз ням. Lupe (Фасмер, 2, 534; Крукоўскі, Уплыў, 72). Канчаткова — да лац. lupa ’ваўчыца’ і ’круглая пухліна’, ’круглае шкло’.

Лупа́ ’адходы пры ачыстцы зерня і інш. збожжавых’ (Мат. Гом.; лун., ЛАПП), ’астаткі пасля прасейвання мукі’ (Ян.; ганц., Сл. ПЗБ), ’лупіны, шалупіны, высеўкі, вотруб’е’ (ТС). Укр. лупа́ ’тс’, ’луска рыбы’, ’перхаць’, зах. лу́па ’лупіна, скурка’, рус. лупа́ ’слой скуркі, які лушчыцца’, ’перхаць’, ’дранка’, ’наносы на рацэ’, ’азёрная трава’; польск. łupa ’лупіна агародніны, шалупайка’, ’кара’, ’трэска, палена’, ’луста’, ’куча гною, смецця’, ’кратавіны’, в.-луж. łupa ’лупіна, мяккая кара, лыка’, славац. lupy ’лушпіны’, серб.-харв. лу̏па ’біццё, таўчэнне, стук’. Прасл. lupa ’лупіны ў агародніне’, ’шалупайка яйка’, ’высеўкі’, ’кара дрэў’ (Слаўскі, 5, 317–319). Да і.-е. *leu‑p‑ ’здзіраць скуру, лупіць’; ‑p‑ у гаворках выступае часам у варыянце ‑sp‑ > ‑шп‑. Самыя блізкія і.-е. адпаведнікі: лат. laupa ’здабыча’, lupa ’шкарлупіна, кавалачак, ануча’, lupis ’лясны рабаўнік’; літ. lupà ’кара; лыка (луб), лупіна’: lupti, лат. lupt, làupît ’драць, здзіраць, лупіць’, ’біць’, lùptis ’лупіцца, лушчыцца’, aplaupýti ’абдзіраць, аблупіць’ (Скок, 2, 331–332; Фасмер, 2, 534–535).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рак 1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак 2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак 1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна 3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак 3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак 1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разысці́ся, разыдуся, разыдзешся, разыдзецца; пр. разышоўся, ‑шлася, ‑шлося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Пакінуць месца свайго прабывання, збору і пад., пайшоўшы ў розныя бакі, розныя месцы (пра ўсіх, многіх). Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка. Сход неўзабаве разышоўся. Ермаловіч. // Адысціся на нейкую адлегласць адзін ад другога. — Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федасеенка.

2. Прайсці па розных дарогах, не сустрэўшыся, не заўважыўшы адзін другога. Проська сказала, што [Міхайлаў] пайшоў на поле, — відаць, другою дарогай, і мы разышліся. Ракітны. // Сустрэўшыся, размінуцца (прайсці, праехаць, праплыць і пад.), не зачапіўшы адзін другога, не перашкаджаючы адзін другому. Разысціся на вузкай кладцы немагчыма.

3. Спыніць якія‑н. сувязі, знаёмства з кім‑н., парваць адносіны з кім‑н. [Пніцкі:] Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. З Зубковічам Мікіта разышоўся яшчэ да вайны, яго адаслалі ў другі горад. Галавач. // Перастаць жыць сумесна, развесціся (пра мужа, жонку). — Эдзік мой другі муж. З першым разышлася з-за рэўнасці. Гаўрылкін. // Не сысціся ў поглядах, меркаваннях з кім‑н., выявіць нязгоду з кім‑н. у чым‑н. Дарэчы, з гэтага ж і пачаўся канфлікт у Парамона Пісанца з рэдактарам. Ён разышоўся ў поглядах з ім. Грамовіч. // Не супасці ў чым‑н., аказацца рознымі. Словы камсамольцаў не разышліся са справай. □ Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія .. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

4. Раздзяліцца на некалькі частак, ліній, напрамкаў, што выходзяць з аднаго месца. Дарога разышлася на дзве. □ І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак — .. і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам. Лынькоў.

5. Раз’ехацца, рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак. Бярвенне пад цёткай разышлося ў бакі, яна апынулася ў вадзе па самыя пахі. Сяркоў. Губы .. [Талаша] разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т. Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Колас.

6. Аказацца распраданым, раскупленым. Першае выданне зборніка ў колькасці трох тысяч экземпляраў хутка разышлося. С. Александровіч.

7. Распаўсюдзіцца, расплыцца па паверхні чаго‑н., у чым‑н. Смачны пах разышоўся па хаце. □ Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея і паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора. Грахоўскі. // Пашырыцца, стаць вядомым дзе‑н., сярод каго‑н. Чуткі разышліся. □ Бальшавіцкая ідэя разышлася па ўсім свеце. Баранавых.

8. Паступова рассеяцца, знікнуць. Пухліна разышлася. □ — Хоць бы дождж не пазнала. Хмары якія ... — Хмары разыдуцца, — запэўніла Вольга. Мележ. Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Лынькоў.

9. Разм. Растраціцца, зрасходавацца, пайсці на што‑н. — Грошы туды-сюды разыдуцца, а іх вунь колькі ў мяне нахлебнікаў, — кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. Пальчэўскі. Два цэнтнеры капусты разышлося І тры пуды салаты маладой! Корбан. Як ёсць — разыдзецца, як няма — абыдзецца. Прымаўка.

10. Прывыкнуць да хады; перастаць адчуваць стому ад хады. Пакрысе .. [Кастусь] разышоўся, і гэты пакутны рух стаў яму праз нейкі час аднастайнасцю, крок за крокам, неабходнасцю, якая можа цягнуцца гады. Чорны.

11. Разм. Набыць большую скорасць у руху; разгарнуцца ў хадзе, руху. [Генадзь] усё хадзіў з кутка ў куток, быццам злаваў, што няма дзе разысціся: пяць-шэсць крокаў — і ўвесь пакой-закутак. Сабаленка. // Пачаўшы ісці, узмацніцца (пра атмасферныя ападкі). Дождж разышоўся на ўсю моц. Паўлаў.

12. перан. Разм. Дайсці да крайняй ступені ў якіх‑н. дзеяннях, у праяўленні чаго‑н. [Цімох] як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад смеху. Колас. А як разыдуцца аркестры, А як зацягнуць спевакі — Ажно здаецца зала цеснай, Хоць ты рассунь яе ў бакі! Гілевіч. // перан. Разм. Моцна ўзбудзіцца, разгневацца і пад. [Базыліха] добра ведала круты нораў мужа — калі разыдзецца, лепш памаўчы, не пярэч. Курто. — Мой ужо нашто пануры, а і то як разыдзецца, дык хоць вадой аблівай. Васілевіч. — Каты, напэўна, — кажа маці, — Бо гэтак бегаюць па хаце, Калі разыдуцца часамі! Колас. // Разгарэцца, разгуляцца (пра думкі, фантазію). Але думкі .. [Лабановіча] так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць. Колас.

•••

Дарогі разышліся гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)