падшыба́ць, ‑ае; незак., каго.

Разм. Разбіраць, ахопліваць (пра пачуцці). Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна, Аж падшыбае ўсіх ахвота. Колас. [Рыгор:] Іншы раз такая злосць падшыбае, што я гатоў смерць зрабіць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заглушы́цца, ‑глушыцца; зак.

1. Стаць менш чутным. Шум дажджу заглушыўся ўдарамі грому.

2. перан. Аслабіцца або знікнуць (пра пачуцці, адчуванні). Успамін не абудзіў былы пачуццяў; яны заглушыліся іншымі, больш моцнымі і стойкімі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захлыну́ць, ‑не; зак., каго-што.

Заліць, пакрыць поўнасцю (пра ваду). Паводка захлынула берагі. // перан. Захапіць, паглынуць (пра пачуцці). Гарачая хваля ўдзячнасці і нейкага іншага пачуцця, якому .. [Вася] і назвы не знаходзіў, захлынула яго. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удаскана́ліцца, -люся, -лішся, -ліцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш дасканалым.

Навыкі ўдасканаліліся.

2. у чым. Павысіць сваё майстэрства ў якой-н. галіне, свае веды і пад.

У. ў гульні на скрыпцы.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Развіцца, стаць вельмі ўспрымальным, вострым (пра пачуцці і пад.).

Густ удасканаліўся.

|| незак. удаскана́львацца, -аюся, -аешся, -аецца; наз. удаскана́льванне, -я, н.

|| наз. удаскана́ленне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паджы́лкі, ‑лак; адз. няма.

Разм. Каленныя сухажыллі. Кажуць, што ў мікалаеўскую вайну Задрапей падрэзаў сабе паджылкі, каб не ісці ў царскую армію. Бажко.

•••

Паджылкі трасуцца ў каго — аб вялікім хваляванні, пачуцці страху і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непамы́сна, прысл.

Абл.

1. Прыкра, непрыемна. Спачатку я разгубілася, адчула сябе непамысна. Савіцкі.

2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці прыкрасці, нездавальнення. Стала вельмі непамысна. «Ну, куды я варты? Дзе ж мой характар?» Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дваі́цца, двоіцца; незак.

1. Раздзяляцца надвое; раздвойвацца. Нітка пачала дваіцца. След двоіцца. // Быць накіраваным адначасова на два прадметы (пра думкі, пачуцці і пад.). Думка стала дваіцца. □ Пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Шамякін.

2. Здавацца падвойным; падвойвацца (пра зрокавыя ўспрыманні). Варта было доўга паглядзець на што-небудзь, як яно пачынала дваіцца, расплывацца. Хомчанка.

3. Зал. да дваіць.

•••

Дваіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і дваіцца (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тэтыцы, ж.

Патэтычны, усхваляваны тон. Народнасць адчування жыцця — вось вызначальная стыхія стылю «Новай зямлі» [Я. Коласа], дзе пачуцці, эмоцыі падаюцца ў складанай гаме, дзе смех суседнічае са смуткам, патэтыка з афарбаванымі элегічнасцю радкамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асэнсава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Зразумець, усвядоміць сэнс, значэнне чаго‑н. І дзіўныя пачуцці апанавалі мяне: да болю ў сэрцы захацелася паехаць туды, на поўдзень, дзе ідзе, шырыцца страшная бітва, якую нават цяжка асэнсаваць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жанька, прысл.

1. Вельмі цяжка. Цяжанька несці. □ Цяжка, цяжанька ўздыхнула Бедная жанчына. Колас.

2. безас. у знач. вык. Пра дрэнны фізічны стан, пачуцці болю, стомы і пад. [Марыля:] Ах, як жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)