метр 1, ‑а, м.

1. Адзінка даўжыні ў метрычнай сістэме мер, роўная ста сантыметрам. Гэта была прасторная чатырохкантовая яма даўжынёю ў восем метраў і на чатыры метры шырыні. Колас.

2. Лінейка такой жа даўжыні з нанесенымі на ёй дзяленнямі на сантыметры. У майго бацькі ніколі не было на плячах стрэльбы. Але затое ў кішэні, у пінжаку, ляжаў складны блішчасты метр. Сачанка.

3. Паверхня чаго‑н., колькасць якога‑н. матэрыялу, роўная гэтай меры (квадраты, пагонны, кубічны метр). Метр жылой плошчы. Метр дроў.

[Ад грэч. metron — мера.]

метр 2, ‑а, м.

1. У вершаскладанні — намер верша, стапа.

2. У музыцы — раўнамернасць чаргавання моцных і слабых долей у такце.

[Ад грэч. metron — мера.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мэ́та, ‑ы, ДМ мэце, ж.

Тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць. Мэта ўрока. Дасягнуць мэты. □ Міналі дні, ішлі гады. Ішлі і мы да нашай мэты. Бялевіч. [Свірын:] — Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Пальчэўскі. // Пэўны намер, пастаўленая задача. Хацелася проста так, без мэты, паблукаць па вуліцы, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын. Карпаў. Ішла.. група з ранейшай мэтай — падбіраць для справы людзей у вёсках. Новікаў. // Загадзя намечаны пункт, мяжа. Тым самым тыднем, а можа, наколькі дзён раней, .. стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Чорны.

•••

З мэтай чаго — для таго каб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыстаць, прыгарэць пры кіпенні. Малако прыкіпела. // Наогул прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. Відаць, ад таго часу, як іх купілі, яны [боты] ні разу не чысціліся, не бачылі ні ваксы, ні нават шмальцу. Затое на іх ляжала і прыкіпела да іх скарынка зямлі. Дамашэвіч.

2. перан. Прывязацца да каго‑, чаго‑н. Алена сэрцам адчувала, што хлопец гэтак прыкіпеў да яе не для забавы, а мае нейкі сур’ёзны намер. Сабаленка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закіпець з малаком (пра забеленую страву). Сіраце прыкіпіць у жываце. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цю́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да цюкаць.

2. каго. Забіць, прыкончыць. Шалёная думка была мільганула ў Міхася — цюкнуць шаўца табурэткай па галаве — і канцы ў ваду. Асіпенка. [Арцём:] Прыйшлі мы, вартавога цюкнулі, сувязнога гэтага для адводу звязалі. Брыль. // што. Надбіць. Цюкнуць яйцо.

3. Выпіць. Цюкнуць чарачку.

4. безас. перан. Раптоўна з’явіцца, узнікнуць (пра намер, думку, план і пад.). Адразу ж, у той жа момант, [Базылю] цюкнула: у гэтай варэйцы схавана Язэпава золата. Сачанка.

•••

Цюкнуць у галаву — тое, што і стукнуць у галаву (гл. стукнуць). Тут толькі хлопчыку цюкнула ў галаву: а што калі там Гараська прачнуўся ды выкуліўся з калыскі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

займе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Абзавесціся кім‑, чым‑н., набыць каго‑, што‑н. Займець дзяцей. Займець карову. □ Апанас займеў сваю хату і крыху паставіў на ногі гаспадарку. Кавалёў. // Набыць, здабыць. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў.

2. Завесці, устанавіць. — Вось такі займець парадак у калгасе ўсюды можна! Броўка.

3. Адчуць (жаданне, ахвоту і пад.). Іра сама спынілася ля старэнькай форткі, і я зразумеў, што яна займела намер паглядзець маё халасцяцкае жытло. Сабаленка. І па суровай постаці Нялёгка зразумець, Якія словы вострыя І думкі ён займеў. Панчанка.

•••

Займець моду — тое, што і узяць моду (гл. узяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.

1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.

2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.

3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.

Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Накіроўваць стрэл, удар у каго‑, што‑н. Бяры, мілы, Трохлінейку, два падсумкі, патранташ, Цэлься ворагу ў сэрца, не прамаж. Крапіва. Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка. Ён [дзядзька] прымасціўся бачком на валун, Біў па зубілу, як быццам не цэліўся. Лужанін. // Імкнуцца зрабіць што‑н., накіроўвацца на пэўнае дзеянне. Галасок ужо зноў трымаў у руцэ чарку,.. цэліўся чокнуцца з Клаўдзяй. Савіцкі. Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца. Прымаўка.

2. перан. Мець на ўвазе каго‑, што‑н.; мець намер завалодаць чым‑н., заняць якое‑н. становішча. Сынок Станіслава Крукоўскага Роберт яшчэ пры .. Пілсудскім усё маё золата ў Варшаве праглынуў і цяпер, кажуць, ужо на фальварак цэліцца. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спекуля́цыя 1, ‑і, ж., чым і па чым.

1. Фінансавая аперацыя, якая заключаецца ў скупцы і перапродажы каштоўнасцей з мэтай узбагачэння; біржавая ігра на павышэнне або паніжэнне курсу каштоўных папер. Спекуляцыя акцыямі. Спекуляцыя валютнымі каштоўнасцямі. // Незаконная скупка і перапродаж тавараў і іншых прадметаў па павышаных цэнах з мэтай нажывы. Спекуляцыя прадметамі мастацтва. Спекуляцыя рэдкімі кнігамі. // Выкарыстанне чаго‑н. з мэтай нажывы. Спекуляцыя на павышэнні попыту. // Асобная здзелка падобнага характару. Называлі велізарнейшыя сумы, якія .. [Пачулія] нажываў на сваіх загадкавых спекуляцыях. Самуйлёнак.

2. перан. Разлік, намер, дзеянне, заснаваныя па выкарыстанні чаго‑н. з карыслівымі мэтамі. Спекуляцыя па сяброўскіх пачуццях. □ [Віктар:] — Я глядзеў гэту карціну. Самая бессаромная спекуляцыя на таленце артысткі. Паўлаў.

[Ад лац. speculatio — сузіранне, пазіранне.]

спекуля́цыя 2, ‑і, ж.

У філасофіі — абстрактныя разважанні, адарваныя ад вопыту і практыкі. Ідэалістычныя спекуляцыі.

[Ад лац. speculatio — сузіранне, назіранне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. і незак.

1. незак. Тое, што і цэліцца; цаляць. Мы за мір! А цэліць бомбай Не дазволім мы ў наш дом. Панчанка. Драпежнік цэліць бомбамі ў насціл, І леглі на вадзе крыві салдацкай меткі, Мо суджана і мне не перайсці, Але грымяць імклівыя танкеткі. Вітка. [Рымша:] — Ён [Анішчук], мусіць, толькі з ёю [Лучынінай] падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі. А кайданы ўсё мацней звінелі. І што ні крок — царкоўны перазвон. І кат ужо ў звон у гэты цэліў... Сіпакоў. // Мець намер. Машын вунь колькі калгас накупіў. У мільянеры цэліць. Даніленка. Не было як зразумець, куды цэліць афіцэр. Што ведае пра яго? Страшныя здагадкі перашкаджалі ўважліва слухаць. Асіпенка.

2. зак. Разм. Трапіць, папасці. Юркевіча запытанне цэліла ў .. самыя патайныя думкі [Юзіка]. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)