перагу́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Абменьвацца час ад часу воклічамі, словамі, гукамі, даючы знаць пра сябе; пераклікацца. Гулі ў цемры сірэны санітарных аўтамабіляў, патрулі перагукваліся, вецер разносіў па вуліцах пах дыму. Мікуліч. Недзе перагукваліся дзявочыя галасы. Крапіва. / Пра птушак, жывёл. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэнірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад трэніраваць.

2. у знач. прым. Які прайшоў добрую трэніроўку. Вышыня была вялікая, але ж для трэніраванага і здаровага чалавека яна не небяспечная. Алешка. // Добра развіты сістэматычнай трэніроўкай. [Юткевічу] здавалася, што бацька прыходзіць сюды для таго толькі, каб выхваляцца перад ім сваім дужым і трэніраваным целам. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які верыць у бога і выконвае ўсе рэлігійныя абрады. Гаспадар быў набожны і суботні дзень сустракаў як належыць набожнаму яўрэю. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. Набожны настрой. Набожныя размовы.

2. перан. Поўны вялікай павагі. Тым часам Прахор запаліў большую лямпу і асцярожна, з набожнай пашанай адчыніў дзверы ў другую палавіну хаты. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абра́зіць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; заг. абразь; зак., каго-што.

Пакрыўдзіць каго‑н. якім‑н. зняважлівым словам або дзеяннем. У голасе прагучала іронія, і Станіслаў праз сілу стрымаў сябе, каб не абразіць новага свайго знаёмага. Мікуліч. // Выклікаць непрыемнае ўражанне. Прафесар нічога не кінуў у шапку скрыпачу. Ён не зрабіў гэтага, бо выгляд скрыпача абразіў яго. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашу́ля, ‑і, ж.

Сарочка, рубашка. А дзед быў прыгожы. Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Брыль. [Наталля:] Выскачыла я амаль што ў адной кашулі і апынулася на вялікай дарозе сярод натоўпу людзей... Крапіва. За сталом сядзелі таварышы Тарас, Грай, Краўчанка і нейкі незнаёмы пажылы чалавек у чорнай вышыванай кашулі. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́каць, ‑і, ж.

1. Мяккая частка цела жывёлы або чалавека.

2. Мяса без касцей. Аддзяліць мякаць ад касцей.

3. Мяккая частка пладоў, ягад, клубняў. Мякаць яблыка.

4. Разм. Што‑н. мяккае, рыхлае. Схапіў Юткевіч хлеб абедзвюма рукамі, упіўся ў пахучую мякаць зубамі і, не разжоўваючы, кавалак за кавалкам прагна глытаў хлеб, раскідаючы крошкі па стале. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абры́вак, ‑рыўка, м.

Адарваны кавалак, частка чаго‑н. Неяк, бегаючы з дзецьмі па вуліцы, Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Мележ. Вецер гнаў па небе абрыўкі хмар, і, калі месяц хаваўся за імі, рабілася, цёмна. Мікуліч. // перан. Няпоўная, незакончаная частка чаго‑н., асобны кавалак. У галаве роіліся абрыўкі думак, і іх цяжка было прывесці да парадку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыла́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Верхняя мужчынская адзежына ў выглядзе плашча з палярынай, якую насілі ў 19 і ў пачатку 20 стст. У дзверы ўлазіў маленечкі тоўсты чалавечак у чорнай — безумоўна, даваеннага пакрою — крылатцы. Мікуліч.

2. Плод некаторых раслін (клёна, ясеня і пад.) з тонкім крылом, якое дае плоду магчымасць ляцець у паветры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Пайсці, паехаць, рушыць куды‑н.; выправіцца. Адправіцца ў падарожжа. □ Трэба паспець арганізаваць спрытную брыгаду, каб увечары адправіцца ў рэйд. Мікуліч. Бацька.. адправіўся агледзець жытні палетак. Гартны.

2. Адысці (пра цягнік, параход і пад.). Цягнік вось-вось павінен.. адправіцца. Кулакоўскі.

•••

Адправіцца да святых на чай (чай піць) — памерці.

Адправіцца на той свет — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́скрабці, ‑бу, ‑беш, ‑бе; зак., што.

1. Скрабучы што‑н., зрабіць чыстым, гладкім. Дома жанчына выскрабла падлогу і столь, памыла вокны. Хадановіч. [Дзеці] так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч.

2. Дастаць, выдаліць што‑н. выскрабаннем. Выскрабці рэшткі кашы з гаршка. □ Сяргей Карпавіч выскраб з люлькі попел, начыніў яе свежым тытунём і закурыў. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)