наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.
1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.
2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.
3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.
4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.
•••
Наскочыла каса на камень гл. каса.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Гак 1 ’гак, кручок’ (БРС, Шат., Нас.), ’шып у падкове, загнутыя канцы подковы’ (Шат., Касп., Нас.), ’збытак, адлегласць’ (Шат., Касп., Бяльк.), ’каса’ (Касп.). Таксама ўжываецца як геаграфічны тэрмін (’намыты вадой паўвостраў’, ’неглыбокае месца ў рацэ, дзе намыта пясчаная каса’, ’прырэчны роўны заліўны луг’, гл. Яшкін). Ст.-бел. гакъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Слова гэта вядома ў многіх слав. мовах і лічыцца запазычаннем з ням. мовы (с.-в.-ням. hāke(n)). Гл. Махэк₂, 156; Брукнер, 167. Рус. гак ’жалезны крук, гак’. Фасмер (1, 384) выводзіць прама з гал. haak (Слаўскі, 1, 393) і лічыць бясспрэчным, што бел. і ўкр. гак запазычан праз пасрэдніцтва польск. мовы (так і Булыка, там жа, 77).
Гак 2 ’гака, капачка для копкі бульбы’. Гл. га́ка.
Гак 3 ’калісьці мера або ўчастак зямлі ў Заходняй Беларусі і Ліфляндыі’ (Яшкін, Нас.). Параўн. рус. (з Пятроўскай эпохі) гак ’мера зямлі ў Остзейскіх правінцыях’, якое Фасмер, 1, 384 (услед за Міклашычам), выводзіць з ням. Haken, с.-в.-ням. hake. Параўн. таксама Слаўскі (1, 393), які, здаецца, дапускае магчымасць польскага пасрэдніцтва.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
зямля́цтва, ‑а, н.
1. Прыналежнасць па нараджэнню, жыхарству да адной мясцовасці (вобласці, сяла і пад.). Як і часта бывае між людзьмі, зямляцтва яшчэ больш зблізіла нас, гаворка пайшла шчыра і непасрэдна. Кулакоўскі.
2. Аб’яднанне землякоў, адарваных ад радзімы, для ўзаемнай дапамогі. Ліскоўскія.. гаварылі многа. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі [А]лаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Колас. Дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэгістрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
1. Запісваць у кнігу, у спіс, у рэгістр; браць на ўлік. Рэгістраваць карэспандэнцыю. Рэгістраваць дэлегатаў з’езда. □ — Трэба нам завесці свой касавы журнал, рэгістраваць у ім дакументы, каб каса нечым правяралася. Скрыган.
2. Афармляць юрыдычна з мэтай уліку або надання чаму‑н. законнай сілы. Рэгістраваць нараджэнне. Рэгістраваць шлюб. // Запісваць, адзначаць якую‑н. з’яву, факт. Рэгістраваць змены надвор’я. □ [Захараў:] — Ваша газета, якая цяпер толькі рэгіструе факты і рэдка калі выступае ініцыятарам якога-небудзь каштоўнага мерапрыемства, стала б сапраўдным вашым баявым памочнікам. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
транзі́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які звязаны з транзітам, заснаваны на ім. Транзітны гандаль. // Які дазваляе транзіт. Транзітныя краіны. Транзітная віза. // Які ідзе транзітам да месца прызначэння. Транзітны вагон. // Які едзе да месца прызначэння з перасадкай у якім‑н. пункце (пра пасажыраў). Транзітны пасажыр. // Прызначаны для такіх пасажыраў. Транзітная зала. Транзітная каса.
2. Які ідзе да месца прызначэння без перагрузкі (пра грузы). У чыгуначных перавозках пераважнае месца займаюць транзітныя грузы. Лыч.
3. Непасрэдны, прамы, які мінае прамежкавыя інстанцыі. Транзітная дастаўка гародніны ад пастаўшчыкоў у магазіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Праме́нь ’вузкая паласа святла’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб.), параўн. ст.-бел. промени солнечныи (XVII ст.; БЛ, 29, 52). Паводле Кюнэ (Poln., 89), з польск. promień ’тс’; гл. таксама Станкевіч (Зб. тв., 2, 167), які звяртае увагу, што ў гэтым значэнні ў народнай мове ужываецца слова каса (гл.) і вытворныя ад яго, што ўскосна пацвярджае этымалогію прасл. *pormy, Р. скл. *pormene з першасным значэннем ’пасма валасоў’ і пад. (Махэк₂, 479). Німчук (Давньорус., 32) дапускае для ўкр. про́мінь выпадзенне першага о ў по́ромінь ’тс’, што малаверагодна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тырпа́чык ‘зламаны ножык’ (Бяльк.). Відаць, варыянтная мясцовая форма да тарпа́чык, памянш. ад тарпа́к (гл.), адзначанага толькі як ‘спружыноўка’ побач з трапач ‘тс’ (рас., Шатал.), што можа разглядацца як форма з метатэзай ад трапаць (гл.); дзеяслоў тырпа́чыць ‘рэзаць, шаткаваць’ (Ян.), зафіксаваны ў іншай мясцовасці, пры трыпачыць ‘апрацоўваць зямлю спружыноўкай’ (рас., Шатал.) сведчыць на карысць такога паходжання. Дапускае магчымасць пры пачатковай змене к > т, напр., *карпачык ад карпаць 2 ‘укараціць’ (гл.) або іншамоўны ўплыў — ад’ідэацыя іншых слоў, параўн. тур. tırpan ‘серп, каса’, гл. і наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
патачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
1. Натачыць, навастрыць. А каса пад мянташкаю просіцца: «Патачы ты мяне, паганы. Заблішчу я навостранай просінню. І цябе не змару да начы». Свірка.
2. Натачыць, навастрыць усё, многае. Патачыць усе нажы.
3. і без дап. Тачыць некаторы час. Патачыць мінут дзесяць.
патачы́ць 2, ‑точыць; зак., што.
1. Пагрызці, падзіравіць усё, многае (пра моль, чарвякоў і пад.). Дзверы ў шафе патачыў шашаль... Баранавых. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў.
2. Тачыць некаторы час (пра моль, чарвякоў і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і пята. [Харытон Іванавіч] пастаяў на сярэдзіне пакоя, пераступаючы з наскоў на пяткі. Васілёнак. — А яны ў мяне скурай падшыты, — хваліцца Вулька, смела падымаючы і паказваючы пятку валенка. Лынькоў. Першыя замахі былі няўдалыя: то каса ўразалася ў густую траву адною пяткаю, а носік яе выскакваў напаверх.., то насок касы ўпіраўся ў зямлю і неставала сілы пацягнуць. Сабаленка.
•••
Душа ў пятках (у пяткі) гл. душа.
Лізаць пяткі каму гл. лізаць.
Падмазаць пяткі гл. падмазаць.
Паказаць пяткі гл. паказаць.
Толькі пяткі заблішчалі — пра хуткі бег.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Касні́к ’істужка’; ’тасёмка’; ’шнурок, сплецены з нітак, якім карысталіся пры красанні агню’, ’наогул вузкія палоскі чаго-н., шматы’ (Сл. паўн.-зах.), ’істужка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. прыклад у Сцяшк.: «У дзяўчынкі прыгожы каснік у касе». Не цяжка схіліцца да думкі, што гэта слав. слова *kosьnikъ (да *kosa ’валасы’, *kosьnikъ ’істужка для кос’). Але сітуацыя тут зусім іншая. Бел. каснік запазычана з літ. мовы (гл. Сл. паўн.-зах., 2, 433): параўн. літ. kasnỹkas ’тс’. Гэта вытворнае на літ. глебе ад літ. kasà ’каса, валоссе’ (падрабязна гл. у Фрэнкеля, 1, 226) па мадэлях літ. словаўтварэння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)