натапы́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад натапырыць.
2. у знач. прым. Які стаіць тарчма, прыўзняты ўверх; настаўлены. Пісар снедаў, калі зайшоў да яго Каленік. Ён выцер салфеткай губы і натапыраныя кароткія вусы і ўтарапіўся вачыма ў госця. Галавач. Іду зводдаль імшарыны і пільна прыглядваюся да ўсялякай купінкі, да кожнага натапыранага лісця. Сачанка.
3. перан.; у знач. прым. Надзьмуты, незадаволены; раззлаваны. Цяпер яны стаялі каля пісьмовага стала ўсе: натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, абыякавы Понтус і ціхамірная Ала. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акуля́ры, ‑аў; адз. няма.
1. Аптычная прылада з двух шкельцаў з аглабелькамі. Служыць для выпраўлення недахопаў зроку або засцярогі вачэй ад пашкоджанняў. Ад шкельцаў акуляраў, як ад люстэрак, па траве скакалі сонечныя зайчыкі. Хомчанка. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсцю, невялікі задзёрты нос і прыплюшчаныя блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Колас.
2. Кружок больш светлай або цёмнай афарбоўкі вакол вачэй у жывёл.
•••
Акуляры наставіць гл. наставіць.
Глядзець праз ружовыя акуляры гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мале́ча, ‑ы, ж.
Разм.
1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.
2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́ць, рашчу, росціш, росціць; незак., каго-што.
1. Даглядаючы, забяспечваць рост, развіццё (раслін); вырошчваць. Расціць жыта. Расціць сад. □ Няхай Ганна раскажа .. [камсамолкам], як яна росціць лён. Сабаленка. // Гадаваць, выхоўваць. Для радасці мяне расціла маці І аддала мне сэрца і жыццё. Русак. — Лёгка расціць дзяцей, калі аб іх не адна толькі маці клапоціцца. Шамякін. // Даваць магчымасць расці (пра валасы, поўсць). Расціць вусы. // Садзейнічаць развіццю каго‑, чаго‑н. Расціць кадры. Расціць талент. □ Сягоння сілы, ўпартасці стае, каб добрае расціць, ліхое крэсліць! В. Макарэвіч.
2. Прарошчваць на солад. Расціць ячмень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праясне́ць, ‑ее; зак.
1. Стаць ясным, выразна бачным. Стары працёр хустачкай вочы, абгладзіў вусы, вочы праяснелі. Шынклер.
2. Стаць спакойным, вясёлым, прыветлівым. Твары суседніх жанчын неяк раптоўна, на адно імгненне, праяснелі ўсмешкай. Пестрак.
3. Стаць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). Думкі праяснелі. / у безас. ужыв. Сухі, гарачы махорачны дым востра заказытаў у носе, і неяк адразу праяснела ў галаве. М. Стральцоў.
4. Вызваліцца ад хмар, прасвятлець. Упершыню пасля некалькіх дажджлівых дзён неба праяснела. Жычка. // безас. Распагодзіцца. Прыпарыла, на яснае неба пасунулася хмара, прайшоў дожджык. Зноў праяснела. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Разм.
1. каго-што. Націраць, намазваць каго‑, што‑н. чым‑н. Яны [Міхал і Антось] шмаруюць мылам вусы, «каб выдатней яны стаялі», і так ваксуюць боты, што маглі б шляхту «скасаваць». Клімковіч. [Іван] шмаруе варам дратву і вухам не вядзе. Грахоўскі. // Церці, праціраць, ачышчаючы што‑н.; наводзіць бляск. Томі трамбуе гравій, Томі шмаруе шкло, Томі рыхтуе каву. Лявонны.
2. аб што. Церціся, зачэпліваючыся за што‑н. у час руху, перамяшчэння, цягнучыся па чым‑н. Блішчала адным краем у перадку — у Янука ўгалавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Закруціць глыбей, тужэй. Падкруціць вінт. □ Няўклюдны цвік балюча мул[яе] пятку. Нрыцерці б цвік, абмотку падкруціць... Пысін. // Разм. Круцячы якое‑н. прыстасаванне, узмацніць або павялічыць што‑н. Я падышоў да стала і падкруціў кнот у лямпе. Бажко.
2. Нямнога завіць; падвіць. Падкруціць валасы. □ Сіняўскі падкруціў чорныя вусы, пакасіўся на камандзіра. Алешка.
3. Разм. Нялоўка ступіўшы, падвярнуць. Падкруціць нагу.
4. перан. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н., прымусіць рабіць лепш, хутчэй. — А ты вось паспрабуй, падкруці яго, гэтага Бялькевіча. Савіцкі.
•••
Падкруціць (закруціць) гайку (гайкі) — павялічыць патрабаванні, зрабіць іх больш строгімі, суровымі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашчаці́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
1. Наставіць хіб, шчацінне ад злосці, страху і пад. Сабака ашчацініўся, гатовы ўкусіць. // Стаць старчма, дыбам, нібы шчацінне (пра валасы, вусы і пад.). Непакорная чупрына над вузкім сухім ілбом... [Есіпа] яшчэ больш ашчацінілася, плечы ўзняліся аж да вушэй. Дуброўскі. // перан. Выставіць якія‑н. вострыя прадметы (штыкі, пікі, калы і пад.). Натоўп загудзеў, скрануўся з месца, і раптам уся трыбуна ашчацінілася па загаду канапатага вінтовачнымі стваламі. Няхай. Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі, ашчацініўшыся рэдкімі вузкімі і вострымі калівамі нізкарослай ярыны. Галавач.
2. перан. Разм. Узлавацца, стаць раздражненым. — Куды, паршывец! — ашчацініліся мужыкі. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.
1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.
2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.
•••
Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.
Гладзіць супраць шэрсці каго — гаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дра́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Скрэбці па якой‑н. паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым; рабіць драпіны. Голле хвастала па твары, драпала рукі, чаплялася за кашулю. Хомчанка. [Фрося] пачала ногцямі драпаць леснікоў твар, рваць яго за доўгія вусы. Бядуля. // Разм. Чухаць цела. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Гарэцкі. Каму свярбіць, той драпае. З нар.
дра́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. пагард. Паспешліва адступаць, уцякаць. — Немец драпае, даганяць трэба, — адным духам выпаліў танкіст. Якімовіч. Калі ж здаралася наскочыць на лясную варту або на міліцыю, Анатоль драпаў у кусты. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)