усумні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Адчуць сумненне, няўпэўненасць у чым‑н. Сотнікаў,.. расплюшчыўшы вочы, моўчкі ляжаў на саломе, не ведаючы яшчэ, верыць пачутаму ці ўсумніцца. Быкаў. Аднаго разу Леў Раманавіч усумніўся, а ці было наогул тое неразумнае пісьмо, якое ён атрымаў учора раніцою. Асіпенка. — А як жа ты аднясеш тавар на той бок? Зловяць, — усумніўся Васіль. Пальчэўскі. // Выказаць сумненне. — А можа гэта выдумка, няпраўда ўсё, што вы толькі што мне казалі? — усумніўся Форстэр. Сачанка. [Маці:] — Яна ж так чакала цябе! — Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся.. [Максім]. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.

2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.

3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. чаго і без дап. Сказаць многа чаго‑н. Нагаварыць непрыемнасцей. □ Дзед раптам спахапіўся і змоўк, нібы баючыся, што нагаварыў лішняга. Шуцько. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет.

2. на каго і без дап. Узвесці паклёп, напляткарыць. [Папас:] — Ну і нагаварыў жа сам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта. Галавач. — Чуў я, жаніцца збіраешся? — Маліны светла-шэрымі праніклівымі вачыма дапытліва і з хітрынкай паглядзеў на Тураўца. — Паклічаш? .. Яны сціхлі. Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Мележ.

3. што. Запоўніць (пласцінку, плёнку і пад.) якім‑н. тэкстам. Нагаварыць пласцінку.

4. што. Разм. У забабонных людзей — нашаптаць заклінанняў на што‑н.

•••

Нагаварыць сорак бочак арыштантаў — расказаць шмат неверагодных гісторый.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумнява́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Адчуваць сумненне, няўпэўненасць у сапраўднасці чаго‑н.; няцвёрда верыць у што‑н. Ніхто не сумняваўся, што [Рыта] атрымае дыплом з адзнакай. Васілевіч. — Рой! — аж ускрыкнуў Міхалка на ўвесь голас. Тое, што гэта быў рой, ён цяпер не сумняваўся. Якімовіч. // у кім. Не быць упэўненым у кім‑н., не цалкам давяраць каму‑н. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў .. [Марозе]. Быкаў.

2. Перажываць цяжкасці, хваляванні, вырашаючы якое‑н. пытанне. Настаўнік вучыць дзяцей уважліва адносіцца да пісьма, правяраць напісанне і ўсякі час зварачацца за растлумачэннем да настаўніка, калі ім сустрэнецца слова, у правільным напісанні якога яны будуць сумнявацца. Самцэвіч.

•••

Не сумнявайся (сумнявайцеся) — будзь(це) спакойны, не хвалюйся (хвалюйцеся). [Янка:] — Нумар гэты. І дом напэўна гэты. Я то ведаю, не сумнявайцеся!.. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змро́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.

2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.

3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.

4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяя́цца, смяюся, смяешся, смяецца; смяёмся, смеяцеся; незак.

1. Праяўляць весялосць, радасць і пад. пры дапамозе характэрных перарывістых гукаў смеху. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас. Мішка расказвае нешта, а хлопцы смяюцца. Брыль. «Я ўратаваў жыццё чалавеку», — ад гэтай думкі хацелася бегчы, смяяцца і спяваць. Шамякін. / у вобразным ужыв. Ізноў вясна, ручай ліецца, Шчабечуць птушкі, лес смяецца. Васілёк. Зямля ў прыгожых фарбах, Людзьмі смяецца вуліца, Заглянуць сонцу ў твар бы, Калі за хмары туліцца... Чарот. // Выражаць весялосць (пра вочы, твар і пад.). Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.

2. з каго-чаго. Насміхацца, здзекавацца з каго‑н.; высмейваць каго‑, што‑н. Смяюцца людзі з Кузьмовага сына. Якімовіч. Верыць ён [Вова] усім на свеце, І з яго смяюцца дзеці. Дзеружынскі. // Разм. Жартаваць, гаварыць несур’ёзна. — Цяньком лепш будзе ехаць, заедзі менш, — смяяліся сяляне. Пальчэўскі.

•••

Смяяцца ў бараду (рукаў) — смяяцца ціха, непрыкметна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад упэўніць.

2. у знач. прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда. Чорны. Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах. Кулакоўскі. // Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мележ. // Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў. Шашкоў. Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд. Лупсякоў.

3. у знач. прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады. Жычка. Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя. Карпаў.

•••

Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загавары́ць 1, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.

1. Надакучыць, стаміць працяглымі размовамі. — Што ж гэта я цябе загаварыла зусім! Ты ж, мусіць, не абедаў яшчэ? Асіпенка. // Размовай адцягнуць увагу ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. — Загаварылі вы мяне, а там яечня гарыць. Беразняк.

2. Ва ўяўленні ў забабонных людзей — уздзейнічаць на што‑н. замовай, магічным словам, загаворамі. Загаварыць кроў. Загаварыць зубы. □ Была нерухомая, зачараваная ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу не было чуваць. Гартны.

загавары́ць 2, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак.

1. Пачаць гаварыць. // Усчаць гаворку, пачаць размову з кім‑н. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі. // перан. Абазвацца, пачаць дзейнічаць. Кулямёты загаварылі.

2. Навучыцца гаварыць, карыстацца мовай. Дзіця ўпершыню загаварыла.

3. перан. Праявіцца ў дзеяннях, настроях і інш. Прачнулася і загаварыла бязмерная нянавісць пакрыўджаных людзей. Чорны.

•••

Кроў загаварыла гл. кроў.

Сумленне загаварыла гл. сумленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)