слаць 1, шлю, шлеш, шле; шлём, шляце; пр. слаў, слала; незак., каго-што.

1. Пасылаць куды‑н. з якой‑н. мэтай, з якім‑н. даручэннем; адпраўляць. Імя тваё славячы, Ленін, гараць ярка зоры Крамля. Сюды, да твайго маўзалея, сыноў шле ўся наша зямля. Машара. Да буданоў ён [Міхал] пад’язджае. Пад’ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому. Алеся шле з канём дадому. Колас.

2. Адпраўляць, пасылаць што‑н. для перадачы, дастаўкі паводле прызначэння. Слаць лісты. Слаць пасылкі. □ [Ігар:] — Разумееш, ні маці, ні сястра ўжо другі тыдзень не шлюць грошай. Карпюк. Я помню, на дапамогу Сялянам Трактараград Патокам слаў трактар за трактарам. Куляшоў. // Пры звароце да каго‑н. выказваць свае адносіны і пачуцці ў словах, на пісьме і пад. [Паўтарак:] Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва. Мы шлём табе, Масква, прывет З заходняе граніцы. Колас. Мы шлём табе, горад, жаданыя весці: Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск. Броўка.

3. Накіроўваць што‑н. куды‑н., да каго‑н. Кулямёт то змаўкаў, то слаў зноў доўгія перарывістыя чэргі. Навуменка. З нябёсаў хмары шэрыя Ёй [сасонцы] слалі цёплы дождж. Прыходзька.

слаць 2, сцялю, сцелеш, сцеле; незак., што.

1. Класці, накрываючы паверхню чаго‑н. Слаць коўдру па ложак. Слаць абрус на стол. □ Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Брыль. // Рыхтаваць (пасцель), раскладваючы пасцельныя рэчы. Чатыры санітары, якія былі пры раненых, сталі слаць і сабе пасцелі на саломе. Чорны.

2. Раскладваць на лузе, полі тонкім слоем для вылежкі (лён, каноплі); рассцілаць на траве для адбельвання (палатно). Слаць лён. □ На сіўцы аж да самага лесу ляжаў раскіданы гэтымі днямі лён — яшчэ не пачыналі слаць. Пташнікаў.

3. Рабіць, укладваючы шчыльна дошкі, пліткі і пад. Слаць падлогу. □ Уначы .. [сапёры] білі палі і слалі мост пад вадою. Грамовіч.

4. Пракладваць барозны, пракосы і пад. Пяціплужны трактар упэўнена, павольна слаў глыбокія барозны ўпоперак. Пестрак.

5. перан. Рассцілаць што‑н. па паверхні або нізка над паверхняй чаго‑н. Ранак сцеле туман. □ Зноў і зноў па беражок тонкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін. / у паэт. ужыв. Мы вольны, мы песні спяваем, Мы кветкамі сцелем дарогу. Чарот.

•••

Слаць лістам (пухам) — лісліва дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, Што лістам сцеле перад панам, Перад панамі гнецца ў крук. Колас. Вось другі. Усюды сцеле пухам, Прасвяціць бы, — што там на душы? Можа, ён пляткар альбо хапуга, Мо чый-небудзь талент прыдушыў? Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́гчы, лягу, ляжаш, ляжа; ляжам, ляжаце, лягуць; пр. лёг, лягла і легла, лягло і легла; заг. ляж; зак.

1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча (пра чалавека і жывёл); проціл. устаць. Пад ценем дубоў .. [аграном і Крушынскі] разлажылі с[у]рвэтку і ляглі адзін супроць аднаго. Бядуля. Дома [Мікола] моўчкі распрануўся і лёг на сваёй самаробнай канапе. Якімовіч. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць, у якім становішчы знаходзіцца ляжачы. Легчы на бок. Легчы на спіну. Легчы ніцма. // Паступіць на лячэнне (у бальніцу, шпіталь). Паранены, .. [Блінке] вымушан быў легчы ў шпіталь. Шамякін.

2. Размясціцца спаць, адпачываць. Дзеці леглі даўно, Толькі маці не спіць. Колас. Каб нікога не будзіць, .. [Тварыцкі] лёг у адрынцы. Чорны.

3. перан. Загінуць, пасці ў баі, барацьбе. — Горад мой, горад мой, Колькі гордых іх, мужных і смелых Тут лягло пад табой, На руінах тваіх анямелых?! Танк. І стаяць пабрацімы, Хоць радзее іх строй. Хто там лёг за радзіму — Кожны паўшы — герой! Бялевіч.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.) Апусціцца на якую‑н. паверхню, прыняць гарызантальнае становішча. Ліст лёг на траву. Снарады ляглі ў лагчыну. □ Не паспела .. [Аня] апамятацца, як рука яе лягла на круты Васілёў плячук. Васілевіч. Пульхны ружовы блін лёг на свежы абрус, засланы на ўслоне ля печы. Ваданосаў. // Размясціцца дзе‑н., укласціся ў што‑н. якім‑н. чынам. Цэгла лягла ў мур. □ Ляглі ў зямлю першыя зерні будучага ўраджаю. «ЛіМ». // пераважна безас.; перан. Патраціць чаго‑н. вельмі многа (з карысцю або без карысці). [Дзядзька Сымон:] — Пачакай трохі, сынку. Бач, якое хараство ў полі — Я гляджу і думаю: колькі тут людское працы лягло! Чорны.

5. (1 і 2 ас. не ужыв.). Заняць, ахапіць якую‑н. прастору; распасцерціся. Калгаснае поле шырока лягло. Машара. Вузкаю палоскаю .. Лёг за нашай вёскаю старадаўні лес. Глебка. // Пралегчы, прайсці, працягнуцца. Дарогі ляглі ад сяла да сяла. Кірэенка. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.). Распаўсюдзіцца па паверхні, пакрыць сабою што‑н. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег. Колас. Чырванаватае святло малой лямпы лягло на твары людзей. Чорны. / Пра загар, маршчыны і пад. Густа ляглі маршчынкі каля вачэй. Шчарбатаў. Вось так з гадамі лёгка і нячутна На нашы скроні ляжа сівізна. Глебка. // Устанавіцца, настаць. Першая ваенная зіма ўсюды лягла вельмі рана. Шамякін. Вечар лёг за вокнамі раптоўна і густа. Скрыган.

7. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Распаўсюдзіцца на каго‑, што‑н.; стаць чыім‑н. абавязкам. Па Нініны плечы лягла ўся гаспадарка. Гроднеў. — Ведаеце, у выпадку чаго ўся адказнасць ляжа на вас. Машара.

8. перан. У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца», «на сумленне» азначае: стаць прадметам пастаянных турбот, трывогі, роздуму і г. д. І гора нам легла на сэрцы, Нібыта цяжкая руда... Калачынскі. Я ніколі не думаў, што можа такая страшная пустэча легчы на сэрца і такая пакутлівая бяздумнасць на галаву... М. Стральцоў.

9. Прыняць якое‑н. становішча, узяць які‑н. напрамак (пра самалёты, судны). Самалёт цвёрда лёг на свой курс — на захад. Новікаў.

•••

Легчы ў дрэйф — расставіць парусы так, каб судна заставалася прыблізна на адным месцы.

Легчы касцьмі — загінуць у баі; памерці.

Легчы пад нож — пайсці, легчы на аперацыю.

Легчы ў аснову — з’явіцца асновай, галоўным утваральным элементам чаго‑н.

Легчы ў зямлю (у труну, у магілу) — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рад 1, ‑у, М ‑дзе; мн. перада, ‑ду; м.

1. Пярэдняя частка чаго‑н.; проціл. зад. Звер.. быў незвычайнае велічыні. Асабліва вялікай была яго галава і наогул увесь перад. Колас.

2. Тое, што і перадок (у 2 знач.).

3. звычайна мн. (перады́, ‑оў). Частка абутку, што ахоплівае верх ступні.

пе́рад 2, прыназ. з Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «перад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца для вызначэння месца на невялікай адлегласці наперадзе каго‑, чаго‑н. Крыловіч стаяў перад картай раёна, што вісела на сцяне, каля акна. Шамякін. Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком. Лынькоў. Па дарозе перад грузавікамі паўзлі доўгія снапы святла, а за імі, нібы даганяючы, беглі чырвоныя агеньчыкі. Грахоўскі. Папас абапёрся локцямі на стол і пазірае перад сабою на чысты, выбелены абрус. Галавач. [Зоська:] Што б там перад вамі ці за вамі ні рабілася — не аглядайцеся назад. Купала. // Уперадзе, побач з кім‑, чым‑н. і ў прысутнасці каго‑, чаго‑н. Аб’явіць падзяку перад строем. □ Ужо адтуль .. [Люба] чула, як выйшаў з хаты Стафанковіч, як падышоў аднекуль гаспадар і цешыўся перад Стафанковічам. Чорны. Праўда, наш Сымон Таўкач гаварыў, што мужык той быў чуць не сацыяліст: панскую кабылу назваў брыдка і земскага калісь дурнем злаяў перад соцкім. Колас.

Аб’ектныя адносіны

2. Ужываецца пры вызначэнні асобы ці прадмета, якія знаходзяцца насупраць каго‑, чаго‑н. і да якіх накіроўваецца чыя‑н. увага або якое‑н. дзеянне. Пакланіўся сын уважна Перад маці і сябрамі. Броўка. — А ты хацеў бы, каб я лістам слалася перад табою? Колас.

3. Ужываецца для абазначэння непасрэднай блізкасці адносін да каго‑н., якога‑н. факта, з’явы. І калі перад намі пісьменнік з іскрай мастацкага таленту, то ці можа ён абысці моўчкі хоць бы некаторыя тыповыя з’явы сучаснага яму грамадскага жыцця? Майхровіч. Квяцістыя шырокія дарогі Каберцам перад намі ў свет ляглі, Заранкі сцелюць промені пад ногі Па ўбранай пасвяточнаму зямлі. Купала. Перад вамі, дзеці, Скрозь яснеюць далі. Крапіва. // Ужываецца пры вызначэнні адносін да каго‑н., якога‑н. уяўлення, палажэння, пытання і г. д. Паставіць пытанне перад слухачамі. □ І чым вышэй мы ўзнімаемся, чым больш з кожным днём расцём, тым шырэй вырысоўваюцца перад намі нашы перспектывы і магчымасці, тым больш цвярдзей паўстаюць перад намі нашы задачы і тым больш мы адчуваеш патрэбу моцнага прытоку новых літаратурных сіл. Чорны.

4. У прысутнасці каго‑, чаго‑н. і адначасова дзеля яго. Выхваляцца перад усімі. □ Гэты парадак вядзе да павышэння адказнасці Саветаў і дэпутатаў перад выбаршчыкамі і аблягчае працоўным ажыццяўленне кантролю за іх дзейнасцю. «Весці». Ціхай ранічкай, да сонца, Хлопчык выбраўся з двара, Ідзе ён у свет бясконцы Пашукаць таго дабра, Каб змяніць свой лёс паганы, Новым спосабам зажыць, Каб увагі і пашаны Перад ёю [Ганнай] заслужыць. Колас.

5. Ужываецца пры вызначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца якая‑н. прымета, стан ці пачуццё. Дрэнна .. [Маша] адчувала сябе перад людзьмі. Шамякін. І раптам з’явілася ў Захара Зынгі патрэба стаць блізкім гэтаму панураму чалавеку, выявіць перад ім якую-небудзь шчырасць. Чорны. Злачынства яго перад Пасцяй вырасла непамерна, і хлопец зусім страціў галаву. Колас.

6. У параўнанні з кім‑, чым‑н. Чаго варты твой конь перад маім? □ Старыя выпілі — адзін перад другім маладцавата, — паглядзелі ў вочы адзін аднаму, і вось нечакана Саёнак абняў Скібу за плечы, і сівыя вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль.

Часавыя адносіны

7. Ужываецца для вызначэння падзеі або моманту, за некаторы час да якіх што‑н. адбываецца. Перад самым канцом работы да брыгадзіра прыбег пажылы чалавек і пачаў упрошваць разгрузіць чатыры вагоны шчэбеню. Грахоўскі. Мы цяпер сваё права тут пішам І не знаем заморскіх гасцей. Помнім толькі адно, што зацішак Перад громам бывае часцей. Хадыка. Перад світаннем запальваюцца зоры. Чорны. // Разм. Раней за што‑н., да каго‑, чаго‑н. Перад супам падалі закуску.

•••

Перад тым, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) — раней за што‑н. Я збіраў басанож крапіву каля плота Перад тым, як зямля наліецца цяплом... Глебка. І ў грудзі ўпёршыся напасці, стары салдат насмерць стаяў: ён перад тым, як доле ўпасці, яшчэ раз кулю пасылаў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. □ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у знач. наз. чы́стае, ‑ага, н. Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала.

2. Разм. Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў.

3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула.

4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // Разм. Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў.

5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. □ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у перан. ужыв. Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў.

6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі.

7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак.

8. перан. Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. □ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. □ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава.

9. перан. Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх‑н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

10. Які застаецца пасля вылічэння чаго‑н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у знач. наз. чы́сты, ‑ага, м. [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач.

11. Разм. Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі.

12. Разм. Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго‑, што‑н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ.

13. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны. Чыстая тэорыя.

•••

Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (гл. мастацтва).

Чыстая вага гл. вага.

Ад чыстага сэрца гл. сэрца.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці чыстым гл. выйсці.

З чыстым сумленнем гл. сумленне.

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)