прачну́цца, ‑чнуся, ‑чнешся, ‑чнецца; зак.
1. Перастаць спаць, прабудзіцца. Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Колас. Косцік прачнуўся на досвітку: нехта моцна стукаў у акно. С. Александровіч. Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. Лынькоў. // перан. Напоўніцца гукамі, рухам; ажыць. Трамвай прачнуўся, празвінеў, Адкрыліся вітрыны рана. Танк.
2. перан. Стаць актыўным, выйсці са стану застою, спакою. Прачнуліся нівы і хаты: Ўся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статку іграе жалейка. Купала. Мой спеў напоўнен быў жаданнем, Каб наш прачнуўся родны люд. Журба.
3. перан. З’явіцца, выявіцца (пра пачуццё, уласцівасць, якасць). Можа, і праўда ў чалавека прачнулася пачуццё любві да радзімы. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыва́рак, ‑рку, м.
1. Гатаваная страва. Я злазіў у будан, узяў міску і пайшоў да катла па снеданне — прыварак касцам даваў калгас. Сачанка. Я з жонкай жыву на кватэры прыватнай, Калі з прываркам, калі без прыварку. Барадулін.
2. Прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы. У лесе нічога не расце: ні хлеб, ні бульбіна, ні які другі прыварак... Паслядовіч. Звычайна на прыварак ішлі бульбяныя лушпайкі, бураковае бацвінне. А сёння пракідалася нават цэлая дробная бульба. Сабаленка. // Заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса. Прыварак у боршч. □ Такія-сякія прадукты мы табе збяром. Насып[лем] крупы ды прыварку да яе. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прые́мнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыемнага. Прыйшоўшы назаўтра з работы, .. [кравец] гадзіны дзве адпачываў, адчуваючы пад сабою прыемнасць чыстай пасцелі. Чорны.
2. Пачуццё радасці, задавальнення ад чаго‑н. прыемнага. Там, на лузе, .. [Пятро] адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена. Шамякін. Міход паліваў пану каменданту над цэбрам, а той аж фыркаў ад прыемнасці. Сабаленка. [Гаспадары] з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Чорны.
3. Што‑н. прыемнае; тое, што прыносіць радасць, задавальненне. Зрабіць прыемнасць. □ [Вера:] — А што, непрыемнасці ў вас? — [Клопікаў:] — Ах, божа, божа! Якія ж могуць быць прыемнасцю ў нас пры нашай службе? Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыстаць, прыгарэць пры кіпенні. Малако прыкіпела. // Наогул прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. Відаць, ад таго часу, як іх купілі, яны [боты] ні разу не чысціліся, не бачылі ні ваксы, ні нават шмальцу. Затое на іх ляжала і прыкіпела да іх скарынка зямлі. Дамашэвіч.
2. перан. Прывязацца да каго‑, чаго‑н. Алена сэрцам адчувала, што хлопец гэтак прыкіпеў да яе не для забавы, а мае нейкі сур’ёзны намер. Сабаленка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закіпець з малаком (пра забеленую страву). Сіраце прыкіпіць у жываце. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які перастаў падаваць гукі, ствараць шум; сцішаны. Закіданая снегам, прыціхлая вёска ў гэты паўночны час здавалася прыгожай. Навуменка. Палалі пажары, асвятляючы злавесным полымем пануры, прыціхлы родны горад. Сабаленка. Над прыціхлым асеннім паркам, над чырванню сцягоў і кветак плыве мелодыя Дзяржаўнага гімна БССР. Пысін. // Прыглушаны, пацішэлы, прыцішаны. Непадалёку скрыпнулі дзверы, пачулася прыціхлая, але заўзятая гамонка. Няхай.
2. Які перастаў рухацца, замёр, заціх. Некаторы час хлопцы сядзелі прыціхлыя. Місько. Ганка раззлавалася, села на лаву і, прыціхлая, абыякава глядзела на гульню. М. Стральцоў. // Які паслабеў у сіле свайго праяўлення. Зноў у.. [Рыбаку] аднавілася прыціхлае было, але ўпартае жаданне.. прарвацца ў лес. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прышпілі́ць, ‑шпілю, ‑шпіліш, ‑шпіліць; зак., што.
1. Прымацаваць шпількай; прыкалоць. Прышпіліць паперу кнопкамі. □ Галя хуценька, похапкам надзела сукенку, прышпіліла як папала косы і выйшла ў першы пакой. Сабаленка. Рыбаку каля самага сэрца Прышпіліў я значок з Ільічом. Панчанка.
2. перан. Разм. Дадаць, далучыць (звычайна без патрэбы, не да месца). Аўтар «прышпіліў» да персанажаў лірычныя матывы, але нідзе не развіў іх і не паставіў у дзейсную і вобразную залежнасць ад канфлікту і ідэі. «Полымя». // Даўшы, замацаваць за кім‑н. (мянушку, празванне і пад.). Можа з дому яе [мянушку Свярдзёлак] прывёз, з-пад Валожына, а можа тут ужо нашы хлопцы прышпілілі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяву́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.
2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэцэ́пт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Пісьмовае прадпісанне ўрача ў аптэку аб прыгатаванні лякарства з указаннем спосабу яго прымянення. — Дык доктар выпісаў рэцэпт і сказаў, што такія лекі адно ў Навагранах і можна дастаць. Сабаленка.
2. Спосаб прыгатавання чаго‑н. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас.
3. перан. Разм. Настаўленне, парада, як дзейнічаць, што рабіць у тым ці іншым выпадку. Можна падумаць, з панскай сям’і; такія рэцэпты ёй піша: не падымай цяжкага, еш больш вітамінаў, будзь асцярожнай. Васілевіч. Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка. Паслядовіч.
[Ад лац. receptum — прынятае, узятае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́нкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Тое, што і сліна. [Марына Архіпаўна:] — Тым часам не ўправішся павярнуцца, як.. [Паўлік] зноў упадзе тварыкам на лахманы, і ажно слінкі цякуць у яго ад салодкага сну. Шамякін. — Я на шпільцы не люблю, — сказала Таццяна, а сама аж слінкі праглынула. Васілёнак. [Казік:] — Я ж бачыў, як гэты стары кот аж слінкі пускаў на свежанінку. Машара.
•••
Слінкі цякуць (пацяклі) — а) пра моцнае жаданне з’есці што‑н. смачнае. Тым часам бабка Ганна ставіла на стол снеданне. Яно было добрае: яешня з рудаватымі падсмажанымі скваркамі, булка і па конаўцы малака... У мяне аж слінкі пацяклі. Сабаленка; б) аб прадчуванні чаго‑н. прывабнага, спакуслівага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
столь, ‑і, ж.
1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.
•••
Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.
Пляваць у столь гл. пляваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)