дзіра́, ‑ы; мн. дзіры; ж.

1. Вялікая дзірка (у 1 знач.); тое, што і дзірка. — Падай мне які-небудзь кол, а я ім здолею развярнуць дзіру так, што нават і сам улезу. Маўр. Пашчапала мачты вірам, Баржа знемагала. Трум праз шчыліны і дзіры Вада залівала. А. Александровіч.

2. Тое, што і дзірка (у 2 знач.). Штрыпке бездапаможна схапіўся за галаву і праклінаў увесь свет і сваю прафесію, праз якую ён трапіў у гэту.. дзіру, як называў ён падуладныя яму дэпо і станцыю. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да загнаць.

заганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Разм.

1. Змарыць, давесці да стомы, прымушаючы многа хадзіць, бегаць і пад. Анісім Папок заганяў свайго Буланчыка, ездзячы ў раён. Сабаленка.

2. перан. Стаміць працай, шматлікімі даручэннямі, прыдзіркамі і пад. Мікіта. Шэпча сам сабе: «Добра, што хоць ніхто не ведае, а каб ведалі, заганялі б мяне людзі, затукалі б, а мо’ і яшчэ горай было б». Галавач. Свякроўка ж мяне заганяе, Ніколі мне не паспагадае. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

1. Адсутнасць дару мовы.

2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.

3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́прыяцель, ‑я, М ‑ю, м.

Чалавек, які непрыязна, варожа адносіцца да каго‑, чаго‑н. [Лабановіч:] — І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Колас. [Булай] лічыў, што ўсе недахопы, якія ёсць у рабоце цэха, — справа рук яго непрыяцеляў. Шыцік.

непрыя́цель, ‑я, М ‑ю, м.

Войскі ворага; праціўнік. Акопы непрыяцеля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няво́ля, ‑і, ж.

1. Адсутнасць незалежнасць свабоды; падпарадкаванне. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Цяпер.. Пракоп з радасцю пайшоў бы ў няволю да Кіры, гатовы служыць і ахвяраваць сабою, не патрабуючы ўзамен нічога. Карпаў. // Палон, рабства. Чым мне быць у нямецкай няволі, Лепш у правым загінуць баю. Астрэйка.

2. Патрэба, неабходнасць. І так у клопаце, у рабоце, Ці то ў няволі, ці ў ахвоце Вясна мінецца, прыйдзе лета. Колас. Ахвота горш няволі. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакава́ць 1, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Складаць рэчы ў якую‑н. тару, звязваць іх у вузлы, пакі. Пакаваць кнігі ў чамадан. □ Мы сядзелі вакол буржуйкі і пакавалі ў скрынкі падарункі салдатам. Асіпенка. У гасцінай сварыліся, збіралі, пакавалі і зноў распакоўвалі рэчы. Бажко.

пакава́ць 2, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. і без дап. Каваць некаторы час. [Кавалёў:] — А мне іншы раз хочацца пакаваць, бо я не толькі Кавалёў, я яшчэ і каваль. Чарнышэвіч.

2. Разм. Расходаваць каваннем усё, многае. Пакаваць усё жалеза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плён, ‑у, м.

1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.

2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правака́цыя, ‑і, ж.

1. Здрадніцкія дзеянні тайных агентаў паліцыі, што праніклі ў рэвалюцыйныя арганізацыі з мэтай шпіянажу і падбухторвання да выступленняў, якія павінны прывесці гэтыя арганізацыі да аслаблення і разгрому.

2. Наўмыснае падбухторванне каго‑н. да такіх дзеянняў і ўчынкаў, якія могуць прывесці да дрэнных вынікаў. Я зразумеў, што і мне, карэспандэнту савецкай газеты, будзе не лёгка, інакш кажучы, трэба быць гатовым да розных правакацый і нечаканасцей. Новікаў.

3. Спец. Штучнае выкліканне якіх‑н. з’яў хваробы.

4. Спец. Штучнае паскарэнне прарастання насення.

[Ад лац. provocatio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва развага, роздум; разважлівы. Млынар Стэфан Вялічка, чалавек разважны, спачатку падумае, пасля скажа. «Маладосць».

2. Які змяшчае ў сабе павучанне, параду і пад. Перад ім [Рыгорам] быў малады, і яму карцела сказаць мне разважнае слова старэйшага чалавека. Адамчык.

3. Спакойны, размерны, паважны. Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадой час. Васілёнак. Ідзе з вайны салдат. Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк І бразгае пры боку Запасны кацялок. Вітка.

разважны́, а́я, ‑о́е.

Такі, які прадаецца на вагу. Разважны тавар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.

Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)