калатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.
2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.
3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камо́ра, ‑ы, ж.
1. Халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення і іншых хатніх рэчаў. Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. — Цягні мне ўсё! — крычаў ён [Юхім] на Альбіну, — Нясі з каморы яйкі і вяндліну! Нясі! — мне трэба частаваць гасцей! З. Астапенка. Маці.. прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч.
2. Бакоўка ў вясковай хаце, дзе звычайна спяць. Дзед.. выносіў мяне праз сенцы ў камору маіх бацькоў і распранаў. Бядуля. Ціха сон у камору ўступае. Багдановіч.
3. Уст. Кантрольны пункт лясніцтва. Наўперад ён праз час каторы Быў пры падлоўчым на каморы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрэ́зацца, зрэ́жуся, зрэ́жашся, зрэ́жацца; зак.
1. Прытупіцца, пакарацець ад доўгага карыстання. Нож зрэзаўся.
2. перан. Разм. Не здаць экзамена. Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь. Сабаленка.
3. з кім і без дап. Разм. Уступіць у спрэчку, сварку; схапіцца. Нешта бацькава было і ў характары Евы... Так схопіцца, так зрэжацца, аж шмаццё ляціць. Ермаловіч. // звычайна жарт. Заўзята згуляць з кім‑н. у якую‑н. гульню. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.
4. Дакрануўшыся да каго‑, чаго‑н., паляцець убок (пра мяч, шар). Мяч зрэзаўся ў вароты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дудзе́ць, дуджу, дудзіш, дудзіць; незак.
Іграць не дудцы, дудзе. // Разм. Гусці. Аднекуль зверху пранозліва дудзіць сігнал маставога крана. Асіпенка. [Максімка] зняў тэлефонную трубку і доўга слухаў, як там нешта дудзела. Сабаленка. // што і без дап. Разм. Аднатонна, нягучна гаварыць, чытаць, спяваць. Дудзець пад нос. □ Голас то змаўкаў, то зноў пачынаў дудзець пра храбрага камара, і ад гэтага аднастайнага дудзення пачынала хіліць да сну. Лынькоў. Лявон канчаў падплятаць лапаць і дудзеў пад нос нейкую сумную песню. Чарот. // перан. Надаедліва паўтараць адно і тое. [Фінцечцы] заўсёды гаварылі, што яна прыгожанькая. Асабліва перад бацькамі. А бацькі штодня дудзелі ёй аб гэтым. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завалачы́ і (радзей) завалакчы́ ‑ку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. завалок, ‑лакла, ‑ло; заг. завалачы; каго-што.
1. Разм. Валочучы, цягнучы, даставіць куды‑н. Продка завалаклі ў маёнтак і як мае быць адлупцавалі на стайні. Лупсякоў. Міхал так-сяк завалок ..[сынма] ў хату. Чарнышэвіч.
2. Закрыць, заслаць, зацягнуць (пра хмары, туман і пад.). Цяжкія алавяныя хмары завалаклі далягляд і сеюць-сеюць, як на частае сіта, дробны асенні дождж. Сабаленка. Сіні змрок Гусцеў над рэчкай, бераг завалок. З. Астапенка. / у безас. ужыв., чым. У вачах успыхнулі і патухлі цікаўныя агеньчыкі, іх адразу завалакло туманам. Лупсякоў. Рыжым цагляным пылам завалакло вуліцу. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкалупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Тое, што і падкалупнуць (у 1 знач.).
2. перан. Сказаць што‑н. непрыемнае. І хадзіў Амелька сярод людзей, цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць цябе хто. Лынькоў. Анціп разгортвае газету і пачынае яе моўчкі ўважліва чытаць... Макейчык, ведаючы, што кулі зусім непісьменны, вырашыў у сваю чаргу падкалупіць яго. — Дык што там пішуць? — і хітра прыжмурыў вока. Рылько. Валя ўвесь час услухоўвалася ў маю размову па тэлефоне, і як толькі я паклаў трубку, яна, як бы хочучы падкалупіць мяне, сказала: — Усё ж такі знайшла яна цябе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. памерай; зак.
1. каго-што. Вызначыць пры дапамозе якой‑н. меры велічыню, колькасць чаго‑н. Буткевіч агледзеў памяшканне, памераў яго крокамі ўдоўж і ўшыркі. Чарнышэвіч. Вера прынесла халат, памерала ў салдата тэмпературу. Алешка. [Рыгор:] — Зямлю трэба памераць.. У спісах толькі дваццаць пяць дзесяцін стаіць, а тут яе шмат больш. Крапіва.
2. што. Надзець што‑н. з мэтай прымеркі. [Гаспадыня:] — Памерайце яшчэ вось гэтае паліто... Яна выцягнула з шафы новае, прыгожа зробленае цёплае паліто мужа. Новікаў. Галя хуценька зняла з вешалкі сукенку і памерала на сябе. Сабаленка.
3. што. Вымераць усё, многае.
4. і без дап. Мераць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Нанесці каму‑н. рану, раніць каго‑, што‑н. Параніць руку. □ Партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Лынькоў. [Федзя:] — Дапытваліся, хто параніў таго лася... Ваданосаў. / у безас. ужыв. Сяргея Мажэйку параніла недалёка ад Берліна. Шахавец.
2. перан. Прычыніць каму‑н. душэўны боль, пакуты. Няхай Альбіна многа болю прынесла ёй, няхай параніла яе маладое сэрца, усё роўна Галя не таіла на яе ніякай злосці. Сабаленка. Хай на тварах не абсохнуць слёзы, Што душу паранілі ў дарозе. Броўка.
3. Зраніць усіх, многіх; нанесці раны каму‑н. у многіх месцах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасто́й, ‑ю, м.
1. Раскватараванне, стаянка воінскіх часцей у прыватных дамах. Буцянёў-Храбтовіч звярнуўся з просьбай да губернатара прыслаць на пастой у маёнтках эскадрон драгунаў. Колас. Яшчэ памят[а]ю — у нашай старой хаце на пастоі стаялі два чырвонаармейцы і камандзір Валюжэніц. Сабаленка.
2. Начлег, часовае пражыванне ў нанятым памяшканні. Астатнія гаспадыні, да якіх ставілі на пастой студэнтаў, не спрачаліся, як Хадося. Навуменка.
3. Прыпынак для сну, адпачынку, начны адпачынак. Сплылі тыя воды, што помняць, як тут, ля рэчкі, спыніўся на пастой нямецкі абоз. Адамчык. Увечары, калі стомлены статак брыў па вуліцы на пастой, прыціхшае было наваколле агалошвалася віскам і бязладнымі стрэламі-прысвістамі. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).
2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.
3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)