Боці (мн.) ’рабро ў лодкі’ (КЭС, бых.). Можна параўнаць з укр. бо́тя частка борта лодкі’ (да геаграфіі параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 128). Але этымалогія слова застаецца цёмнай. Рудніцкі (184) лічыць яго няясным і мяркуе пра дэфармацыю слова борт. Няпэўна. Можа, ёсць сувязь з рус. бо́тник, ботня́, бот ’выдаўбаная з дрэва лодка’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурандульнік ’расліна варыўнік, Bulbocodium ruthenicum’ (КЭС). Рус. брундышка, бурундышка (Даль; але ў СРНГ няма), брандушка (Сіманавіч), укр. брандушка, брундишка. Не вельмі яснае слова. Паколькі Bulbocodium — гэта таксама Romulea, Crocus, Іхіа, Trichonema, то можна лічыць, што паходжанне гэтага слова звязана з поўднем. Параўн. рум. brîndúşă ’расліна Crocus’. Назва магла пранікнуць праз укр. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́нца ’абадок (пасудзіны); абадок, кольца’ (БРС, Шатал.). Укр. ві́нця мн. л., н. р. ’край пасудзіны’. Можна меркаваць, што гэта слова ўзнікла метафарызацыяй да *věnъkъ, *věnъkъ. Параўн. рус. дыял. ве́нчик ’тоўсты аплёт па верхняму краю снеткавага каша’, вене́ц ’горны хрыбет кругам, паўкругам; край высокага стэпу і г. д.’ Параўн. Рудніцкі, 1, 430–431.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Зелянчу́к, зеленчу́к ’недаспелы плод’ (жыт., Нар. словатв.). Рус. куйбыш. зеленчу́к ’тс’, літарат. ’дабраполь, Galeobdolon Adans’, кур., разан., тамб. ’маладая жывёліна’, балг. зеленчу́к ’агародніна’. Ад прыметніка зялёны (гл.) з суфіксам ‑чук (Сцяцко, Афікс. наз., 126, дзе, аднак, недакладна форма, значэнне, рэгіён і прымета, пакладзёмся ў аснову намінацыі). Ці можна лічыць лексему прасл. дыял. — няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каліко́лечы ’калі-небудзь’ (гродз., Сцяшк., МГ). У Сл. паўн.-зах. не адзначана, у іншых гаворках быццам бы таксама не фіксуецца. Паводле лінгвагеаграфіі і структурнаму падабенству можна параўнаць з польск. часціцай ‑kolwiek (i‑kolwie), аформленаму як надоечы (гл.). Не выключана таксама, што тут структура, паралельная да каліль (гл.) ’калі-небудзь’ (*каліколь?), параўн. калінеячы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэпе́й абрад, ’галінка (хвоі, упрыгожаная кветкамі)’ (Мат. Гом.). Магчыма, пад уплывам рус. репе́й адбыўся семантычны перанос ’калючы дзядоўнік’ > ’калючая галінка хвоі’. Але калі гаворка пра вясельны абрад, у час якога каравай упрыгожвалі “шышкамі” — абкручанымі цестам і запечанымі галінкамі з двума і трыма парасткамі, тады можна суаднесці з в.-луж. repuch ’развілістая галіна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калта́ць ’трохі памыць што-небудзь у сцюдзёнай вадзе’ (КЭС, лаг.). Іншыя крыніцы як быццам не падаюць гэтага слова, няма і дакладных адпаведнікаў у іншых усх.-слав. мовах. Дэфініцыя разглядаемага слова здаецца залішне канкрэтнай, відаць, неабходна дапускаць больш дыфузную — ’памыць’ або ’пабоўтаць’ (’абмыць’). Як роднаснае ў такім выпадку можна разглядаць рус. дыял. (вяц., у Даля да значэння) колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’, а ў якасці адпаведніка — дыял. колтать ’качаць, калыхаць, боўтаць і да т. п.’ (заходняе, паводле Даля), колтаться ’хістацца, боўтацца і інш. ’. Рус. колтать ’балбатаць і інш.’ зафіксавана ў шэрагу гаворак (валаг., пск., цвяр. і інш.), што можна разглядаць і ў плане арэальных адносін і як аргумент на карысць усх.-слав. паходжання дзеяслова, параўн. укр. ковтки ’збітыя касмылі воўны’, ’завушніцы’, рус. колтки ’завушніцы’ (пск. і паўн.-рус. у Бернекера, I, 660), для рус. слоў прапануецца рэканструкцыя kъltati, што разглядаецца як варыянт да koltiti. Храналогію лексемы трэба ўдакладніць, паколькі да ўсх.-слав. фактаў неабходна дабавіць польск. дыял. kieltać (варыянты kiełdać, giełdać) ’кроіць, рэзаць тупой прыладай; малоць (рухаючы); хістаць, круціць, мяшаць’, kiełtać się ’хістацца, калыхацца’ (паўдн.-польск., у Карловіча не фіксуецца, Слаўскі (2, 147) падае эксцэрпцыю з Купалы, JP, 38, 129–131, і інфармуе, што слова зрэдку сустракаецца ў літаратурных творах), далей макед. дыял. să klъ́tʼa ’калыхацца, кратацца’, адзначанае Малэцкім. На аснове гэтых прыкладаў можна ўзнавіць прасл. kl̥tati ’калыхаць, хістаць’; што датычыць абмежаванага распаўсюджання лексемы, гэта можна разумець і як арэальную суаднесенасць, якая сведчыць аб даўніх кантактах племянных гаворак (прасл. дыял. лексема, як аб гэтым мяркуе Слаўскі, 2, 147) і як архаічнасць слова, страчанага большасцю слав. моў. Параўн. яшчэ нашы меркаванні пад калдун, калдыга і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рмаць ’надрывацца’, ’раззлавацца, выйсці з сябе’: не рмі́ся! (паўн.-усх., КЭС). Паводле Дабравольскага (Дабр., Этн., 4, 677), з рваць. Аднак гэта можна дапусціць толькі ў адносінах да лексемы з першым значэннем ’надрывацца’. Што ж тычыцца другога — да рус. рни́ться ’быць злым, злавацца’, ст.-рус. рняти ’злавацца, крыўдаваць’ (1539), рнитися ’тс’ (1517). Да рынуцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Прастрэ́ч, прострэ́ч ’прастуда ад ветру’ (ТС). Фармальна і семантычна можна параўнаць з укр. пристрі́т, при́стреч ’хвароба, якая, па павер’ях народа, здараецца ад благой сустрэчы’, пристрі́ти ’сурочыць’, рус. дыял. пристре́т ’сурокі’. Далей да сустрэча, устрэць з іншай прыстаўкай: *про‑стрэт‑jъ. Сюды ж, магчыма, простро́чыц ’прапусціць, не заўважыць’: не прастрачы воўка (тураў., Цыхун, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мудраге́ль ’круцель, хітрун, шэльма’, ’выдумшчык’, ’разумнік’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ’дзівак, камедыянт’ (КЭС, лаг.), ’мудрэц, педант’ (кобр., КЭС). Укр. мудраге́ль, мудраг̌ель. Польск. mędrohel, mudrahel з укр. (Варш. сл., 2, 934). Міхневіч (БЛ, 1, 72) выдзяляе нізку суфіксаў ‑ага, ‑ель. Можна, аднак, разглядаць бел. мудрагель як кантамінаванае ўтварэнне ад экспрэсіўных: бел. ⁺мудра́га (< mǫdręga) і польск. mędrala, mądrela.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)