сці́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.
3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. убярог, уберагла, ‑ло; заг. уберажы; зак., каго-што.
1. Зберагчы, хаваючы, абараняючы ад каго‑, чаго‑н. [Лабыш:] Я хацеў уберагчы цябе ад розных басякоў і жулікаў і выдаць замуж за чалавека, вартага цябе. Козел. У голасе старога Глушака Ганне пачуўся папрок: не ўберагла [дзіця]! Мележ. [Вера] ў любімай сваёй вопратцы — у адзенні колеру бэж і ў жакетцы з карычневага футра, якія яна ўберагла ад рынку. Мікуліч. // Ахаваць (ад чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага, непажаданага). [Галя:] — А на тых жа курортах, кажуць, столькі спакус, што хто яго ведае, ці ўберажэ сябе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увачаві́дкі, прысл.
1. Хутка, на вачах. Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч. Па стрэхах хат .. снег ужо растае і салома падсыхае ўвачавідкі. Брыль. Увачавідкі раслі новыя вёскі, людзі вылазілі з гіблых зямлянак, спраўлялі наваселлі. Дуброўскі. Марыва туману ўвачавідкі рабілася празрыстым, пачало паступова раставаць. Краўчанка. // Імгненна. Твар старшыні ўвачавідкі наліваўся крывёю. Сабаленка. Збялеў хлапец увачавідкі. Бачыла.
2. Сваімі вачамі, асабіста; наглядна. Упэўніцца ў праўдзе ўвачавідкі. □ Сяляне ўвачавідкі ўбачылі, што грамадой ім [пад сілу] любая задача. Навуменка. І вось цяпер, перагортваючы старонкі старых блакнотаў, нібы ўвачавідкі бачыш тыя незабыўныя сустрэчы. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узадра́ць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.
1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. □ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.
2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цалі́к, ‑у, м.
1. Няезджаная, няходжаная прастора, звычайна снежная. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. Зімовыя дарогі. Усе вы пракладаецеся па цаліку такім вось першым следам. Машара. Аднак Міхед, каб не трапляцца людзям на вочы, сышоў з дарогі і пасігаў па цаліку. Сабаленка.
2. у знач. прысл. цаліко́м. Без дарогі, напрасткі. Усе лясныя жыхары неахвотна ходзяць цаліком, трымаюцца ўезджаных дарог і сцежак. Ігнаценка. Землепраходцы і хадакі Не шукалі сушэйшага беражка, Яны цаліком, яны напрасткі Праклалі пеша сцяжыны першыя. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цнатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Маральна чысты; строгі ў маральных адносінах. Цнатлівыя пападзянкі выслухалі з цікавасцю дзякова паведамленне. Колас. На месца санітара.. [Тапурыя] паставіў прыгожую і цнатлівую князёўну з старадаўняга роду. Самуйлёнак. // Сарамлівы; далікатны. Эх, маладосць, маладосць! Якая ты няўрымслівая і смелая там, дзе трэба ісці на злом галавы — у баі і ў працы. І якая ты баязлівая, цнатлівая ў чалавечых пачуццях, ты іх чамусьці часам хаваеш ад самое сябе. Сабаленка. Дый шчасце не любіць, каб пра яго ведалі многія, яно цнатлівае да палахлівасці. Сачанка.
2. Які не страціў нявіннасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкадава́нне, ‑я, н.
1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.
2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вары́ць, вару, варыш, варыць; незак., што.
1. Гатаваць страву, пітво кіпячэннем на агні. Варыць бульбу. □ Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.
2. Вырабляць што‑н. шляхам кіпячэння, плаўлення і пад. Варыць мыла. Варыць сталь. Варыць шкло.
3. Рабіць зварку металічных прадметаў і іх частак; зварваць. Дванаццаць сутак брыгада амаль не выходзіла з дэпо. Алена варыла бранявыя пліты. Сабаленка.
4. безас. Пра душнае, гарачае надвор’е. — Варыць, як на дождж... — азваўся Пятро. Капыловіч.
•••
Варам (варма) варыць — вельмі душна, горача (пра надвор’е).
Галава варыць у каго гл. галава.
Мазгі (не) вараць гл. мозг.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.
Разм.
1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.
2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.
3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дудзе́ць, дуджу, дудзіш, дудзіць; незак.
Іграць не дудцы, дудзе. // Разм. Гусці. Аднекуль зверху пранозліва дудзіць сігнал маставога крана. Асіпенка. [Максімка] зняў тэлефонную трубку і доўга слухаў, як там нешта дудзела. Сабаленка. // што і без дап. Разм. Аднатонна, нягучна гаварыць, чытаць, спяваць. Дудзець пад нос. □ Голас то змаўкаў, то зноў пачынаў дудзець пра храбрага камара, і ад гэтага аднастайнага дудзення пачынала хіліць да сну. Лынькоў. Лявон канчаў падплятаць лапаць і дудзеў пад нос нейкую сумную песню. Чарот. // перан. Надаедліва паўтараць адно і тое. [Фінцечцы] заўсёды гаварылі, што яна прыгожанькая. Асабліва перад бацькамі. А бацькі штодня дудзелі ёй аб гэтым. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)