прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпло́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Нованароджанае патомства (пераважна свойскіх жывёл або жывёл, якія маюць гаспадарчае значэнне). Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. Праз некаторы час прывезлі яшчэ некалькі зуброў, якія хутка далі прыплод. В. Вольскі. // Прырост у свойскіх жывёл. Штогодні прыплод у жывёлагадоўлі. □ [Нікадзім:] — Не, сынку. Буду рабіць па-свойму. Мне яна [карова] яшчэ і прыплод дасць, вось пабачыш. Лупсякоў. Калісь ляснік калоду Да хвоі прывязаў, Ад пчол лясных прыплоду І ўзятку іх чакаў. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́са, ‑ы, ж.
1. Ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл. Карова працягвае пысу, ліжа руку шурпатым цёплым языком. Асіпенка. Конь .. шумна фыркнуў, дакрануўся пысай да вады, але піць не захацеў. Хомчанка. З суседняга пакоя выйшаў сабака, прыязна абцёрся аб мае ногі і паклаў пысу мне на калені. Карпюк. Андрушка трымаў абедзвюма рукамі Лыску за пысу, каб той не брахнуў. Лобан.
2. Разм. груб. Твар. Дзядзька вырывае з маіх рук лыжку, строга загадвае: — Пысу памый! Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рама́н, ‑а, м.
1. Літаратурна-мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе, са складаным і развітым сюжэтам. Гістарычны раман. □ У рамане К. Чорнага «Сястра» даецца характэрная для моладзі 20‑х гадоў спрэчка аб будучым лёсе літаратуры і мастацтва. Перкін.
2. Разм. Любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай. [Сітнік:] — У мяне быў раман. Мне было сорак пяць гадоў, а ёй дваццаць. Ермаловіч.
•••
Рыцарскі раман — твор заходнееўрапейскай сярэдневяковай літаратуры пра каханне і незвычайныя подзвігі рыцараў.
Круціць раман з кім гл. круціць.
[Фр. roman.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́пець, ‑піць; незак.
1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўтвараецца пры трэнні, сцісканні і пад. Рып колаў. Рып палазоў. □ Ступаю на хісткія сходцы старой драўлянай лесвіцы. Яны рыпяць пад нагамі, і гэты рып быццам б’е мне ў вушы нечым цяжкім. Сабаленка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. У хаце ніхто не абзываўся, нібы не чулі прарэзлівага рыпу дзвярэй і Надзінага тупату ля парога. Бураўкін. / Пра гукі гармоніка. Чутны рып гармоніка, Бубна ранні гром. Узыходзіць сонейка. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпі́цца, сляпяюся, слепішся, слепіцца; незак.
1. Псаваць сабе зрок. Мала ёй [Ганьцы] дня, дык яшчэ будзе сляпіцца мне тут цэлы вечар. Васілевіч. Увосень па даху нудна барабаніў дождж, а яна [Гэля] сляпілася за кудзеляю ці абдзірала пер’е. Грахоўскі. Ліпачка пры газоўцы сляпілася над кніжкаю. Сабаленка.
2. Пра немагчымасць глядзець (ад яркага святла і пад.). Без.. [шапкі] стала горай: гарэў агнём лоб ад сонца і сляпіліся вочы. Пташнікаў. [Каця] ішла насустрач і .. вельмі сляпілася ад сонца. Алешка.
3. Зал. да сляпіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старажы́л, ‑а, м.
Той, хто жыве шмат гадоў па адным месцы. Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам. Чыгрынаў. Таму спытаў я: — Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? — І адказаў мне старажыл: — Былі гаспадары, вядома, І гэты бэз іх і вішняк. Танк. // звычайна мн. (старажы́лы, ‑аў). Карэнныя жыхары якой‑н. мясцовасці (у адрозненне ад перасяленцаў). Ніхто з старажылаў вёскі Кастрыца на Лепельшчыне не памятае, з якога часу пагорак пачалі называць Царкавішчам. Штыхаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страві́ць 1, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.
1. Зрабіць патраву. Стравіць пасевы. □ Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны.
2. Перавесці, не па-гаспадарску скарміць. — Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося, — паведаміў Ладымер. Чарнышэвіч. [Дзед:] — Малака не дасць: запусцілася, якое ўжо там малако. Сена страўлю, а хто яго мне верне?.. М. Стральцоў.
страві́ць 2, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.
Засвоіць у працэсе стрававання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трыно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.
Разм.
1. Тое, што і трыножак. Сяргей скінуў чаравікі. Маці ўжо завіхалася ля камінка, распальвала трэскі пад трыногай. М. Стральцоў. Запрасілі фатографа з вялізнай трыногай, і ён сфатаграфаваў хлопцаў разам з усімі выхаванцамі. Нядзведскі. — Усе ўжо там, — злосна матнуў .. [Лёва] галавой у бок геаграфічнай пляцоўкі. — На, трымай! — і перадаў мне трыногу тэлескопа. Шыловіч. На прыпечку, на трынозе ў маленькім чыгунчыку булькае бульба. Грахоўскі.
2. Пута, якім звязваюць пярэднія ногі каня з адной задняй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)