разла́дзіцца, ‑ладзіцца; зак.
1. Прыйсці ў няспраўнасць. Тады нешта разладзіўся ляжак і нельга было выпаліць у печы, каб не напусціць поўную хату дыму. Сачанка.
2. Расстроіцца, парушыцца, перастаць ладзіцца. Дружба разладзілася. □ Але вяселле ўжо разладзілася, госці паўставалі з-за стала і пачалі разыходзіцца. Сабаленка. [Галіна:] — [Пісаў], што ніколі не забудзе тых дзён... Пісаў, што ўспамінае, — таксама... Але хутка перапіска разладзілася. Мележ.
3. Страціць свой строй, лад. Станок разладзіўся.
4. Расстроіцца, сапсавацца (пра здароўе).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.
Знайсці для сябе месца; стаць або рассесціся на месцах. Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Мележ. Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла. Ваданосаў. // Уладкавацца на жыхарства, спыніцца па прыбыцці ў якім‑н. месцы, памяшканні. Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. С. Александровіч. // Заняць сабой якое‑н. месца, прастору. Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак., ад каго-чаго чым.
Разм. Мець асаблівасці, рысы, якія адрозніваюць каго‑, што‑н. ад іншага (іншых), робяць непадобным на іншых; адрознівацца. [Сцяпан Уласавіч] амаль нічым не розніцца ад іншых дзядзькоў — ні гаспадаркай, ні адзеннем. Мележ. Публіцыстычнасць П. Глебкі розніцца ад мяккага лірызму Я. Купалы, ад эпічнай непаспешлівасці Я. Коласа. «Полымя». Сучасны варыянт песні «Ой, рэчанька, рэчанька» таксама розніцца ад змешчанага ў пятым томе «Люду беларускага». Саламевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сало́ма, ‑ы, ж.
Сухія сцёблы злакавых раслін, якія застаюцца пасля абмалоту. Жытняя салома. Аўсяная салома. □ Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Мележ. // Сцёблы злакавых раслін на корані. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Сіла і салому ломіць. Прымаўка.
•••
Снег саломаю тушыць гл. тушыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасма́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя. Ваданосаў. Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам. Вітка.
2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата. Мележ. // Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына! Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасна́, ‑ы; Р мн. сосен і соснаў; ж.
Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай. Крымская сасна. Піцундская сасна. □ Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ. Стромкія ствалы «карабельных» сосен высока ўзнімаліся ў сіняе неба. В. Вольскі.
•••
Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́лішча, ‑а, н.
Разм. Зямельны ўчастак, заняты будынкамі, садамі. Усе былі рады, што вярнуліся на сваё селішча, да пакінутых амаль тры гады таму назад хат. Пестрак. // Месца, дзе раней было якое‑н. пасяленне. А адтуль — каб масквічкі ўжо ўсё ведалі — падалася [цётка Макрына] з імі па шляху, за зялёную пад лубінам гару, паказаць, дзе было дзедава селішча. Ракітны. [Бацька] убачыў на сваім селішчы толькі груды абгарэлага, задымленага камення ды, глеючыя галавешкі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.
Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца паблізу, побач, размешчаны па суседству. [Валя] саскочыла, азірнулася ў бакі і шмыгнула пад састаў, што стаяў на суседнім пуці... Мележ. Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. У суседнім пакоі стаялі па-святочнаму прыбраныя сталы, ярка гарэлі лямпы. С. Александровіч.
2. Які жыве па суседству з кім‑н. Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; незак., каго-чаго і без дап.
Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. Сцеражыся цягніка. □ Гаспадар .. успамінае сына: «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся»... Мележ. Шэпча заяц: — Сцеражыся, За табою сочаць рысі. Вітка. // і з дадан. сказам. Быць асцярожным у адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Заводзячы знаёмства з ваеннапалоннымі, [Фадзею] трэба было сцерагчыся, каб не натрапіць на правакатара. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)