няўда́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.
2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.
3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.
4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.
5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́ма 1, ‑ы, ж.
1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.
2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.
стро́ма 2, прысл.
1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.
2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; незак.
1. Нахіляцца, нагінацца. Не налажылася.. [Рыгорыха] да гэтакай работы. Тут пілу тузае, як папала, сама ўгору глядзіць, ці не хінецца ў гэты бок вяршыня. Крапіва.
2. перан. Мець ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Вось той жа Лапцін. Паглядзіш — быццам і стараецца, усё правільна робіць: у каго прагул — скажа, хто да гарэлкі асабліва хінецца — пры ўсіх крычыць. Савіцкі. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ласкі. Шахавец.
3. перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. [Ігар] зразумеў, што кахае Рэню мацней, чым да гэтага кахаў іншых дзяўчат. А вось Рэня не хінулася да яго. Сіняўскі. [Марыля:] Але ты [Зося] не ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Купала. // Шукаць збліжэння з кім‑н. Марат чамусьці хінуўся да хлопцаў больш сталых, да тых, у каго на выцвілых гімнасцёрках яшчэ былі відны сляды ад ордэнаў. «ЛіМ». Юзік сам не ведаў аб сваёй папулярнасць Быў ён чалавек ціхм[я]ны і трымаўся сваёй пугі, як другі чалавек зямлі, і ні да чога і ні да кога не хінуўся. Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.
2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.
3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.
4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гіга́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Чалавек або жывёліна незвычайна вялікага росту; волат, велікан. Слон-гігант. Кіт-гігант. □ Гаспадар адказаў на прывітанне, і, калі выйшаў на сцежку, аказалася, што гэта вельмі высокага росту чалавек. .. Гігант, мякка ступаючы па пяску, падышоў да дзяцей. Самуйлёнак. // перан. Пра што‑н. незвычайна вялікіх памераў. Завод-гігант. □ І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Лынькоў. Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак.
2. перан.; звычайна чаго. Талент, вялікі дзеяч у якой‑н. галіне. Гігант навукі. Гігант сусветнай літаратуры.
[Ад грэч. gigantos — волат, велікан.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дало́ў, прысл.
1. На зямлю, на падлогу. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Якімовіч. Па лесвіцы далоў збегла дзяўчына з ручніком. Алешка.
2. у знач. вык. (звычайна ў закліках, лозунгах). Прэч, вон. Сябры і сяброўкі, Уставайце! Дрымоты далоў! Агняцвет. — Далоў вайну! — палаюць грозна словы На розных мовах і на ўсіх сцягах. Астрэйка. // У значэнні загаду, патрабавання зняць, прыбраць што‑н. і пад. Шапкі далоў!
•••
І з капылоў далоў — зваліцца з ног; паваліцца.
З плеч далоў — пра завяршэнне якой‑н. справы, вызваленне ад непрыемных абавязкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарэ́чы, прысл.
1. К месцу, якраз у патрэбны час. — Вось якраз дарэчы, — сустрэў Барысаў Батаніна. — Прыйдзецца вам, Павел Андрэевіч, сказаць прамову. Дудо. Барабан бесперапыннага дзеяння быў вельмі дарэчы. У ім можна было апрацоўваць вялікія дэталі. Карпаў.
2. у знач. пабочн. (часта ў спалучэнні са словамі «кажучы», «сказаць»). Ужываецца для абазначэння таго, што даная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Дарэчы, у хаце ў Ганны, калі ні прыйдзі — чыста, нібы яна вечна, з гадзіны на гадзіну, чакае важнага госця. Дуброўскі. Дарэчы кажучы, той Янка быў ўдалы, Не меў прывычкі доўга разважаць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міры́цца, міруся, мірышся, мірыцца; незак.
1. з кім і без дап. Спыняць сварку, пачынаць жыць у згодзе. [Сімон:] — Вось і добра, што прыйшлі мірыцца. Пасварыліся і памірыліся. Самуйлёнак.
2. з чым. Цярпіма адносіцца да чаго‑н.; прымірацца з чым‑н. Колас, як і Купала, стварае ў паэзіі вобраз селяніна, які не хоча, не можа далей мірыцца са сваім рабскім становішчам. Навуменка. Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівым, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Шыцік. Ціхон Ціхонавіч не ўмеў крыўдзіцца і мірыўся з усім, што тварылася дома. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́бухнуць 1, ‑не; зак.
1. Узарвацца, разляцеўшыся на часткі. Вось адзін снарад выбухнуў зусім блізка. Васілёнак.
2. З сілай вырвацца адкуль‑н. Танк адразу нейк акамянеў на месцы, і полымя з дымам выбухнула з яго. Чорны.
3. перан. Нечакана пачацца, раптоўна ўзнікнуць. Выбухнула забастоўка. Выбухнулі воплескі. □ Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Колас. Жыў у тваёй маўклівасці прысуд. І, калі гнеў твой выбухнуў, раскуты, — Маё збавенне праз твае пакуты Прыйшло. Ды не пазбавіла пакут. Грачанікаў.
вы́бухнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да выбухаць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атру́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца атрутай, здольны выклікаць атручэнне; ядавіты. Атрутныя газы. Атрутнае рэчыва. // Які змяшчае атруту. Атрутны дым. □ [Балоты] дыхалі атрутнаю парнаю цеплынёй. Самуйлёнак. [Лабановіч:] — Але ці думаў ты, збіраючы вось гэтыя «кветкі», што сярод іх могуць быць і атрутныя? Колас.
2. перан. Які пагражае небяспекай, адмоўна дзейнічае на каго‑, што‑н. Як жа трэба збяднець, Каб на крохі атрутай прыманкі Нашу мужную праўду Цішком размяняць у душы І панесці з сабой Трохрублёвую праўду цыганкі! Гілевіч. Разагнула стан дзявочы Беларусь магутна, Пахаваўшы лёс сірочы, Панскі гнёт атрутны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)