эксцэ́с, ‑у, м.
1. Крайняе праяўленне чаго‑н.; празмернасць, нястрыманасць. — Ага, зразумела, — сказаў лысаваты. Сківіца ў яго адвісла, быццам стала адразу цяжкай. — Спадзяюся, як культурныя людзі, мы пагаворым без лішніх эксцэсаў. Асіпенка. [Мяснікоў:] — Перадай штабу, усім салдатам: вытрымка! Ніякіх эксцэсаў! Мележ.
2. Парушэнне нармальнага ходу чаго‑н., вострае сутыкненне (звычайна ў грамадскім жыцці). — Гарнізон выконвае мае распараджэнне, а гэта дае магчымасць папярэдзіць узнікненне непажаданых эксцэсаў. Гурскі.
[Ад лац. excessus — выхад; ухіленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яравы́, ‑ая, ‑ое.
1. Вясенні, які праводзіцца вясной (пра палявыя работы). Правая сяўба.
2. Які высяваецца і прарастае вясной і дае ўраджай восенню таго ж года; аднагадовы (пра сельскагаспадарчыя культуры). / у знач. наз. яраво́е, ‑ога, н. І азіміна, і яравое раслі на вачах. Мележ.
3. Прызначаны для пасеву аднагадовых культур, засеяны такімі культурамі. Дарога вяла праз яравы палетак. Чарнышэвіч. За яравымі палеткамі пачыналіся лясы. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.
2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.
3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дало́нь, ‑і, ж.
Унутраны бок кісці рукі. Закрыць твар далонямі. □ Ладзім выкаціў бульбіну, узяў яе ў рукі, паперакідваў з далоні на далонь — пакуль астыла, і пачаў лупіць. Ставер. Алена ідзе і раз-пораз выцірае далонню з твару пот. Мележ.
•••
Біць (пляскаць) у далоні гл. біць.
Як на далоні — пра што‑н. выразна і поўнасцю бачнае. Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было як на далоні. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. абрываць — абарваць 1 (у 2 знач.) і абрывацца — абарвацца (у 1 знач.).
2. Месца, дзе абарвана што‑н. Абрыў лініі.
3. Круты схіл берага, скалы і пад., які ўзнік у выніку абвалу ці асыпання зямлі. Схілы ўсюды вельмі крутыя, частыя абрывы, на адхонах амаль усюды, густа буяе лес. Мележ. Да белае хаткі На стромкім абрыве Плыў човен рыбацкі, Бясшумны, як прывід. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агаро́д, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Участак зямлі засаджаны агароднінай. Мінулі хлеў, між густых зарас[нікаў] кіяшніку і маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Мележ. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў.
2. ‑у. Агародныя культуры. На папялішчы тым сусед Сабе пасеяў агарод. Астрэйка.
•••
Агарод гарадзіць гл. гарадзіць.
Кідаць каменьчыкі ў агарод чый гл. кідаць.
Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Рытмічна хістацца з боку ў бок або зверху ўніз. [Аляксей] ківаўся ў такт машыне: згінаўся ўправа, улева, каб быць у раўнавазе. Мележ.
2. Ісці з цяжкасцю, хістаючыся (ад стомы, хваробы і пад.). Кепска толькі, што свядомасць падказвае ісці, а ногі .. не слухаюцца дый годзе. Падбіўся ўжо і Марынчук, ледзь-ледзь ківаецца. С. Александровіч.
3. Хістацца, будучы нетрывала прымацаваным да чаго‑н. Зуб ківаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кісе́ль, ‑сялю, м.
1. Кіслая студзяністая страва з аўсянай мукі або ягаднага соку, заваранага на крухмале. Аўсяны кісель. Кісель з журавін.
2. перан. Пра вязкую, клейкую масу. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да кален[яў]. Мележ. // Пагард. Пра вялага, слабавольнага чалавека. — Не, не! — запратэставаў Лапко: не кажы мне гэтага! Трэба быць цвёрдым. А я — кісель. Колас.
•••
Дзесятая вада на кісялі гл. вада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ратка і каро́тка,
1. Прысл. да кароткі (у 1, 2 і 3 знач.). Заве сябе хлапчук Не Якаў, а Якоб. Каротка падстрыгае лоб. Корбан. Коратка бліснула полымя, і дрэва пераламалася. Мележ. Ленін гаварыў не толькі каротка, але і проста. Гурскі.
2. безас. у знач. вык. Не хапае, малавата. Дзе каротка там і рвецца. Прыказка.
•••
Коратка кажучы (пабочн.) — у агульных рысах, без дэталізацыі (гаварыць, расказваць).
Ці доўга ці коратка гл. доўга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інко́гніта,
1. прысл. Скрыта, тайна, хаваючы сваё імя. Гэтым разам Мірэцкі прыйшоў на камбінат як бы інкогніта. Сабаленка.
2. нескл., н. Знаходжанне пад выдуманым імем; захаванне свайго імя ў невядомасці. [Балуеў:] Да таго часу, пакуль эшалон не прыйдзе на станцыю Мінск, вам трэба захоўваць інкогніта і чакаць. Мележ.
3. нескл., м. і н. Асоба, якая скрывае сваё сапраўднае імя. І ўсё ж карцела даведацца загадзя пра тое інкогніта, пляменніцу. Гроднеў.
[Ад лац. incognitus — непазнаны, невядомы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)