брыгадзі́р, ‑а, м.

1. Ваенны чын у Расіі ў 18 ст., сярэдні паміж палкоўнікам і генералам.

2. Кіраўнік брыгады (у 2 знач.). Брыгадзір механізатараў. Брыгадзір паляводчай брыгады. □ Успомніў.. [Геня] пра бацьку — вясёлага калгаснага брыгадзіра. Якімовіч. Браты жылі вельмі дружна, і мара ў іх была адна: скончыць школу і пайсці ў брыгаду паляўнічых, брыгадзірам якой быў іх бацька — лепшы паляўнічы на ўсю акругу. Бяганская.

[Ням. Brigadier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бясхма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Без хмар; ясны. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Чорны. Кветкі даверліва пазіралі ў бясхмарны блакіт неба. Марціновіч.

2. перан. Нічым не засмучаны; шчаслівы. Мне ішоў васемнаццаты год. Такі ўзрост, калі ўсё наперадзе здаецца светлым, бясхмарным, шчаслівым, калі ў душы жыве вера на будучае, калі, здаецца, на свеце няма такіх вышынь, якіх ты не можаш узяць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маля́ўка, ‑і, ДМ ‑ляўцы; Р мн. ‑лявак; ж.

1. Маленькая рыбка, якая толькі што выйшла з ікры; малёк. У мора была запушчана вялікая колькасць малявак розных парод рыб. «Звязда». Чародка малявак нешта вышуквае ў імху, якім абраслі заставы. Корбан.

2. перан. Разм. іран. Пра дзіця або чалавека маленькага росту. Васіль Іванавіч памкнуўся быў пярэчыць .. [Майцы], хацеў нават сурова перапыніць гэтую маляўку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марадзёр, ‑а, м.

1. Той, хто грабіць забітых і раненых на полі бою і займаецца грабяжом насельніцтва ў час вайны. Каб ноч віднейшая была, Ноч на чужой зямлі, Шміт марадзёрам загадаў Будынкі падпаліць. Танк. Па дарозе ехалі фурманкі.., нагружаныя нарабаваным дабром... — Траха не будзе, калі аднаго марадзёра мы затрымаем, — рашыў Мікола. Новікаў.

2. перан. Разм. Спекулянт, які прадае тавары па вельмі высокай цане.

[Фр. maraudeur — грабежнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́чаха, ‑і, ДМ ‑часе і ма́чыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Жонка бацькі ў адносінах да дзяцей ад папярэдняга шлюбу; няродная маці. Іна бліснула на мачаху злоснымі вачамі, але тая не заўважыла гэтага позірку, бо ўся яе ўвага была аддадзена Анатолю. Ваданосаў. Маці ў нас даўно ўжо няма, .. [бацька] гадаваў нас адзін, не пажадаўшы пасля яе смерці прывесці ў хату мачыху. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драбні́ць, драбню, дробніш, дробніць; незак., што.

1. Дзяліць на больш дробныя часткі; драбіць. Драбніць надзелы. □ — Я не схільны, таварыш Сініца, каб ты камандаваў атрадам, ды яшчэ такім маленькім, як у цябе. Нашто драбніць вашы сілы? Лынькоў.

2. Рабіць драбнейшым, часцейшым, чым звычайна. Яна была маленькая, Люся, толькі па плячо мне, і мне прыходзілася трошкі драбніць крок, каб ісці з ёй у нагу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кара́лі, ‑яў; адз. караля, ‑і, ж.

Упрыгожанне з каралавых або іншых каштоўных камянёў, якое надзяваецца на шыю. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі Зіна была вельмі прыгожая. Шыцік. // перан. Пра ўсё, што нагадвае такое ўпрыгожанне. Рабіна надзела каралі І ўстала ля самай дарогі. Буйло. На полымя апалі Дзве расінкі — дзве каралі З цёмна-сіняга галля. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да друкарскага набору. Наборны цэх. □ Друкарня была на першым паверсе. Паўз сцены ў адным пакоі стаялі наборныя касы. Гаўрылкін. // у знач. наз. набо́рная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе робяць набор (у 3 знач.). Працаваць у наборнай. Увайсці ў наборную.

2. З аздабленнямі, з наборам (у 4 знач.). Наборная вупраж.

3. Які складаецца з асобных частак. Наборны паркет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца на дзяснах (пра зубы). У дзіцяці нарэзаліся зубы.

2. Разм. Напіцца дап’яна. [Мужчына:] — Толькі ў бутэльку [старшыня] і глядзіць: сёння п’яны, учора нарэзаўся, дык аж вуліца яму вузкая была. Сергіевіч. У абедзенны перапынак Гушча сустрэў .. [Генадзя Курсевіча] ля магазіна. — Нарэзаўся.. Эх ты, — сказаў ён, крануўшы Генадзя за плячо. — І напіўся... А што... Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насе́ннік, ‑а, м.

1. Расліна або яе плод, пакінуты на насенне. Тытунь-насеннік. Агурок-насеннік. □ [Дзяўчына] была на дзялянцы, прарывала бурачкі, даглядала насеннікі. Сабаленка. // Дрэва, якое пакідаецца для абсемянення высечанага ўчастка лесу. Дуб-насеннік.

2. Спец. Участак, прызначаны для вырошчвання раслін на насенне. — Паважаны Аксён Верамеевіч, не ўсякая трава ідзе на насенне. Вунь у нас насеннікі, — паказаў Варанецкі за канаву. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)