красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.

2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.

3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Паэт. Распускацца, расцвітаць (пра кветкі). Пралескі пачалі квітнець І зелянець паляны. Смагаровіч. // Мець кветкі, быць у пары цвіцення; цвісці. Квітнее бэз. □ Квітнеюць сады. Палі і лугі ператварыліся ў стракатыя каляровыя дываны. В. Вольскі.

2. перан. Паспяхова развівацца, знаходзіцца ў спрыяльных для развіцця ўмовах; працвітаць. Квітнее прамысловасць. Квітнее культура. □ Квітней, сталіца ўсіх сталіц — Васьмівяковая Масква! Калачынскі.

3. перан. Быць здаровым, прыгожым; знаходзіцца ў стане росквіту. Жанчына квітнее. □ [Данута] адчувала сябе, відаць, выдатна, бо аж уся квітнела. Карпюк. // Станавіцца радасным, прыгажэць. Усім падабалася і ўсе хвалілі. Сяргей проста квітнеў ад задавальнення. Яму яшчэ не даводзілася так апранацца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бі́ла, ‑а, н.

1. Унутраная ўдарная частка звана; язык.

2. Падвешаны кавалак жалезнай палосы, рэйкі, удараючы па якой падаюць сігнал. Балаканне [хлопцаў] перапыніў звон, што разлягаўся па полі з панскага двара. — Дзядзька Мікола ў біла б’е. Час на абед, — ажывіўся Сяргей. Машара.

3. Верхняя скразная жардзіна ў возе, у поручнях лесвіцы, у мосце, верхняя планка ў поручнях ложка. Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка. Чорны. Самая меншая, Лідачка, падымаецца на дыбачкі, каб цераз біла калыскі ўбачыць Васілька. Пальчэўскі.

4. Назва ўдарных частак прылад і машын. Біла маслабойкі. Біла трапальнай машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Выказваць нязгоду з кім‑, чым‑н., прыводзіць доказ супраць чаго‑н. Калі Вера спрачалася з Кузьмой адна, тады ў яе хапала і смеласці пярэчыць, і упэўненасці ў сваёй праваце, і важкімі здаваліся аргументы. Дуброўскі. Іван Барай чакаў, што калі той [Кавалёў] пачне пярэчыць, то ў яго запасе ёсць яшчэ аргументы. Чарнышэвіч. Бацька і маці.. не пярэчылі сыну, калі той восенню зноў пачаў збірацца ў дарогу. С. Александровіч.

2. Не адпавядаць чаму‑н., мець у сабе супярэчнасць. Калі Сяргей пачуў ад бацькі, што яго збіраюцца ўзяць на работу ў райком, ён спачатку разгубіўся. Гэта пярэчыла яго планам. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́л, ‑ела, м.

1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.

2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.

3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тост, ‑у, М ‑сце, м.

Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.

[Англ. tost.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.

1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.

2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы; Р мн. ‑правак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паправіць.

2. Стан паводле дзеясл. паправіцца (у 1, 2 знач.). Мінуў тыдзень, другі. Здароўе Сафроненкі не ішло на папраўку, нават пагоршылася. Жычка. Пад вечар надвор’е пайшло напапраўку: разагнаўшы хмары, вецер сціх, а неба паяснела і пацяплела. Карамазаў.

3. Змена, дадатак, якія папраўляюць што‑н. Сяргей Міронавіч перагортвае ноты. Ніны дзе-нідзе пярэсцяць ад паправак каляровым алоўкам. Бядуля. [Язэп:] — План людзі складалі, і людзі могуць унесці ў яго папраўкі. Асіпенка.

4. Спец. Велічыня, якая дабаўляецца да паказанняў вымяральных прылад з мэтай удакладнення іх. Папраўка на радыяцыю. □ Хвалюючыся, .. [снайпер] дастаў памятую паперку, яшчэ раз праверыў разлікі розных паправак — у снайперскай справе ён быў надзвычай тонкі матэматык. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́хнік, ‑а, м.

1. Спецыяліст у якой‑н. галіне тэхнікі з сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Інжынеры і тэхнікі. Тэхнік-электрык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка.

2. Чалавек, які працуе ў галіне тэхнікі. Глядзеў Сяргей перад сабой уніз, дзе стаялі лётчыкі, матарысты, тэхнікі. Лынькоў. // Пра работніка з сярэдняй адукацыяй у некаторых іншых галінах. Тэхнік-статыст. Тэхнік-лесавод. // Разм. Навучэнец тэхнічнай навучальнай установы. Старэйшы сын фізік, а малодшы — тэхнік.

3. Чалавек, які валодае высокай тэхнікай, высокім майстэрствам у якой‑н. справе, мастацтве. Для натуршчыцы «Джаконды» Леанарда да Вінчы вынайшаў і змайстраваў уласнымі рукамі многа цікавых прылад працы. Большасць з іх вядома сучасным тэхнікам і заслужыла высокай адзнакі. Матрунёнак.

•••

Зубны тэхнік — спецыяліст, які робіць зубныя пратэзы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)