Калду́н1 ’вядзьмар, чараўнік’ (пух., КЭС; Мат. Гом., Сержп., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Сіг.; ганц., Сл. паўн.-зах.), калдунка ’вядзьмарка’ (барыс., Шатал.), калдуньнік ’вядзьмар’ (малар., Сіг.), калдуха ’чараўніца’ (рэч., Мат. Гом.; браг., Шатал.), сюды ж калдаваць (Сержп.), калдуваты, калдунство (Сіг.). Калдун ’гульня’ (гом., Мат. Гом.; гродз., Нар. словатв.), вет., маг. і рэч. калдун ’вядзьмар’. Зах.-палес. лексемы паводле фанетычнага крытэрыю лічыць спрадвечнымі нельга; Сержпутоўскі фіксуе гэта слова ў казках, аднак часцей ужываюцца лексемы ведзьмак і знахор, хоць, паводле іншых яго прац, на Случчыне і блізкай да яе тэрыторыі слова ўжываецца. Статус апошняга, як і наогул статус бел. слова, падазроны, аднак выключыць магчымасць захавання архаізма на поўдзень ад Мінска і на ўсх.-палес. тэрыторыі нельга. Паводле даных ЛАБМ (пытанне 3016), лексемы калдун, калдаваць і да т. п. адзначаюцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Статус гэтых фіксацый (а іх нямала) не вельмі ясны, паколькі ў тых жа пунктах запісваюцца звычайна і больш пашыраныя знахар або чараўнік. Больш-менш кампактныя арэалы ўтвараюць гэтыя лексемы на поўначы і ўсходзе беларускай тэрыторыі. Шанскі (2, K, 196) прыводзіць як роднасныя серб.-харв. колдовати, славен. koldováti ’жабраваць’, што неверагодна, паколькі гэтыя словы разам з колдуш ’жабрак’ адносяцца да венг. koldus ’тс’. Параўн. тэрыторыю — славен., харв. (кайк., паўн.-чак.) і значэнне, якое супадае з венг. Меркаванне, быццам значэнне ’жабраваць’ утвараецца з ’жаліцца, плакаць’ < ’гаварыць’, нельга прыняць, паколькі венг. слова не запазычана з слав. моў, параўн. MESz, 2, 524. Адносна славен. і серб.-харв. слоў гл. яшчэ Скок, 2, 124; Безлай, 2, 55 (разглядаюцца як запазычаныя з венг. мовы). Такім чынам, слова як спрадвечнае надзейна можна кваліфікаваць толькі для рус. мовы, а бел. слова як магчымую бел.-рус. інавацыю. Пра запазычанне рус. лексемы з венг. мовы пісалі Міклашыч, 123; Бернекер, I, 544, што, як слушна адзначае Фасмер (2, 288), неверагодна — рус. слова шырока распаўсюджана і значэнне яго іншае. Даволі папулярнай з’яўляецца даўняя версія Ільінскага, РФВ, 62, 250 і наст., што роднаснымі да рус. з’яўляюцца літ. kalbà ’мова’, лат. kalada ’шум, спрэчка’, лац. calō, calāre ’выклікаць, склікаць’, грэч. χαλέω ’клікаць, заклікаць’, χέλαδος ’шум’; фармальныя цяжкасці (‑д‑ у рус. адпаведніку) відавочныя, апрача таго, вельмі няяснай з’яўляецца адсутнасць паралелей у іншых слав. мовах. Калі дапусціць, што слова ніякай сувязі з адзначанымі іншаславянскімі лексемамі не мае, бачыць у ім архаізм праславянскага перыяду малаверагодна. Версія аб інавацыі (рус.?, бел.-рус.?) здаецца таксама не вельмі імавернай. Семемы слова ў рус. гаворках (’вядзьмар’, ’махляр’, ’чалавек, які нешта бурчыць сабе пад нос’) як быццам адносяцца да ’вядзьмар’, а значэнне ’знахар’ не з’яўляецца першасным. Так, рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаць канцом у ваду’, разан. колдовина, колдовица ’нарасць на дрэве’, ’горб’: «На спине видала какая колдовица, с голову ведь сидит у горбатого» (СРНГ, 14, 116). Такім чынам, першапачатковая семантыка слова калдун магла быць ’той, хто гадае з дапамогай нейкіх сакральных прадметаў’, ’чалавек з нейкімі фізічнымі недахопамі’ > ’чалавек, які знаецца з нячыстай сілай’, ’вядзьмар’). Магчыма, іменна так неабходна разумець бел. колдыга ’парода лесуна’ (Кірк.), якое можна суаднесці з калдыга ’кульгавы чалавек’. Сярод шэрагу іншых варыянтаў найбольш цікавым уяўляецца наступны. Апрача форм тыпу калдун у бел. мове ёсць і лексемы з ‑г‑, параўн. тураў. голдун і голдунка. Не выключана, што гэта звычайны позні звонкі дублет у гаворках, аднак можна думаць, што тут даўні варыянт лексемы. Ва ўсякім разе ў рус. мове зафіксаваны дэрыват ад галдеть галдун ’той, хто любіць крычаць’, ’хто любіць ужываць непрыстойныя выразы’. Паводле семантычнага крытэрыю такое меркаванне таксама здаецца не вельмі надзейным. Вярэніч (БЛ, 2, 1972, 72–73) гаворыць аб сувязі бел. каўтун ’Plica polonica, хвароба’ і калдаваць, калдун. Сапраўды, даволі пашыранай на бел. тэрыторыі з’яўляецца форма калдун ’хвароба каўтун’. Форма калдун ’каўтун’ у рус. гаворках, за выключэннем некаторай часткі смаленскай (уласна беларускіх), не сустракаецца. Больш імавернай з’яўляецца думка Вярэніча (там жа і БЛ, 10, 1976, 57), што калдун ’каўтун’ < калдун ’чараўнік’. Але і тут лінгвагеаграфія перашкаджае, паколькі колдун ’чараўнік’ няма падстаў лічыць праславянскім, у той час як карп. і каш. назвы адпаведнай хваробы, відавочна, з’яўляюцца старымі. Паводле вусн. паведамл. Мартынава, ‑ун‑ суфіксацыя магла разумецца як аналагічная да суфіксацыі ў ведун ’знахар’, што пры адпаведным збліжэнні семантыкі прывяло да ўтварэння новай лексемы. Наступная ірадыяцыя і шырокая яго экспансія ў гаворках для слова такога роду — цалкам натуральная (напрыклад, з фальклорам, у працэсе знахарскай практыкі і да т. п.). Што датычыць пэўных фармальных цяжкасцей (суадносіны назоўніка колдун і дзеяслова колдовать), можна спаслацца на яўна другасны паўдн.-слав. дзеяслоў koldovati пры запазычаным з венг. назоўніку (гл. вышэй). Тэарэтычна таксама нельга выключыць, што гэта ўтварэнне на базе дзеяслова колтати або колтити, для якога можна рэканструяваць значэнне ’боўтаць, чараваць ваду для сурокаў’, параўн. рус. вяц. колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’. Да формы слова параўн. пск., цвяр. колтовка ’жанчына, якая любіць пагаварыць’ (суадносіцца з колотовка, ад колотить), да фанетыкі рус. колдобина, колтобань, калдубань і інш. Такую структуру можна суаднесці з пск. колтать ’кульгаць’, што вяртае нас да версіі, разгледжанай вышэй (гл. семантычную паралель да калдыга ’лясун’). У рус. колтать ёсць значэнне ’балбатаць і да т. п.’, у прынцыпе такая семантыка дапускае развіццё магчымых сакральных значэнняў, аднак яўных доказаў няма. Пра магчымае запазычанне колдун неабходна згадаць версію, прапанаваную Карловічам, AfslPh, 5, 168, аб сувязі рус. слова з грэч. χαλδαῖος ’халдзей, маг, чараўнік’. Аднак недакладнасці такога тлумачэння відавочныя. Магчымая праформа калдей, калі дапусціць яшчэ і субстытуцыю суфікса, блізкая па форме да рус. слова. Апрача таго, нельга выключыць і пранікнення грэч. слова натуральным шляхам — з гаворкамі вандроўных гандляроў. Адзначым, што ў рус. мове пісьмовыя фіксацыі разглядаемай лексікі параўнальна познія: колдование (XVII і XVIII стст.), колдовати (XVII ст.), колдовство (XVII ст.), колдун (XVII ст.), колдуниха і колдуница ’тс’, колдунья (XVII ст.). Гістарычныя матэрыялы рус. мовы сведчаць аб нейкай функцыянальнай спецыфіцы калдуна («Колдование и иное ведовъство», «того человека ворожба ни колдование не иметь», «Ворожа и колдуя много…», «…с тем корением не может тебя никакой колдун или еретик никакою порчею испортити», «Ездит тот муж золот на своем золотом коне… а страстит под собою землю и воду и люди худые… ведуна и вещицу, колдуна и колдуниху», «Огради меня ризою своею от колдуна и колдуниц, от ведуна и от вещ(иц)…» (Срезн.), аднак больш дакладвай інфармацыі, якая б дапамагла вытлумачыць унутраную форму лексемы, у нас няма. У шэрагу іншых фактаў гэты доказ становіцца аргументам супраць спробы аўтараў рус. этымалагічнага слоўніка (Шанскі, 2, К, 196–197) рэканструяваць праформу *koldъ ’чараўнік, чалавек, які замаўляе’, ’гаварун, чалавек, які гаворыць’, якая далей разглядаецца ў межах прапановы Ільінскага.

Калду́н2 ’Plica polonica, спецыфічная хвароба, якую раней лячылі праз запушчэнне каўтуна’ (Сцяшк.), калдуны ’пра заблытаныя, скудлачаныя валасы’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2), калдункі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (карэліц., Шатал.), сюды ж калдунаваты, калдуніцца, калдуніць ’блытаць, кудлачыць (пра валасы, шэрсць і пад.)’ (БРС, ТСБМ). Рус. колдун ’злямчаныя валасы; каўтун’ (смал., з новых запісаў 1973 г.), колдунить ’блытаць, заблытваць (пра валасы, пражу), чэш. мар. koldún, choldún ’каўтун’, ’ламота і да т. п.’ Чэш. форма з koltún, якое, як і чэш. koltoun, з польск. kołtun (Махэк₂, 271). Махэк не тлумачыць форму з ‑д‑, аднак відавочна, што гэта азванчэнне ўзнікла ўжо на мараўскай глебе. Рус. прыклад з’яўляецца дублетам бел. слова. Такім чынам, арэал распаўсюджання лексемы абмежаваны беларускай тэрыторыяй. Гэта можна разумець і як звонкі дублет да каўтун (< колтун), а можна і інтэрпрэтаваць услед за Вярэнічам, БЛ, 2, 1972, 72–73; БЛ, 10, 1976, 57, як прамое ўказанне на сувязь з колдовать, колдун.

Калду́н3 ’варэнік з мясам або з грыбамі’ (Сцяшк., Яруш.), ’бульбянік’ (Мат. Гом.), калдуны ’клёцкі, начыненыя мясным або іншым фаршам’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг.; мінск., Шпіл.). Апрача бел. мовы слова ведаюць у рус. гаворках, статус іх, аднак, няясны. Паводле Даля (III выд.), рус. колдуны ’варэнікі з начынкай з рубленага мяса’ заходняе (беларускае). СРНГ падае раз. колдуны ’смажаныя піражкі’, свярдл., с.-урал. ’варэнікі’. Колтуны ’род варэнікаў, якія вараць, а пасля падсмажваюць’ таксама заходняе (Даль), як і ковтуны ’тс’. У польск. гаворках kołdun — ’разнавіднасць піражка, фаршыраванага сырым мясам’, літ. koldūnai ’тс’, запазычанне з бел. мовы або польск. перыферыйнага дыялекта. Польск. слова або пашырана ў перыферыйным дыялекце («крэсавая» інавацыя), або запазычана з бел. мовы. Бел. слова ў такім выпадку інавацыя на базе ўкр. кавдун ’бруха’, польск. kałdun ’бруха, вантробы’, в.-луж. kałdona, khaldona, kalduny, kałdony, н.-луж. kałduna, kołduny, дыял. kałdyna, kałdyny ’вантробы’, чэш. kaldoun, kaltoun, ст.-чэш. kaltun ’трыбух’, магчыма, першапачаткова ’адвараныя трыбухі’ → ’варэнікі, піражкі з трыбухой’ → ’варэнікі з мясам’. Зах.-слав. лексіка запазычана з ням. мовы, параўн. с.-в.-ням., с.-ням. kaldūne (з XIV ст.), ням. Kaldaunen ’ядомыя вантробы, трыбухі’, якое з с.-лац. caldūna, нар. лац. крыніца *caldumen ’цёплыя яшчэ вантробы забітых жывёл’, якое да лац. calidus ’цёплы’. Параўн. з шматлікай літаратуры Слаўскі, 2, 35; Махэк₂, 236. Бел. калдунстраўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.), калдун, калдуны ’галушкі з мясам’ у гаворках і на захадзе, і на ўсходзе, што ў большай меры нагадвае бел. інавацыю. Гом. калдун ’бульбянік’ — далейшае развіццё семантыкі беларускага слова.

Калду́н4страўнік’ (гарад., Сл. паўн.-зах.). Іншыя фіксацыі адсутнічаюць, аднак не выключана, што слова ведаюць больш шырока. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю запазычана з польск. перыферыйнага дыялекту, дзе kałdunстраўнік, вантробы, бруха і да т. п.’ Пра этымалогію гл. падрабязней калдун3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Назола ’дакука, прыкрасць, журба’, ’надакучлівая асоба’ (Нас., Яруш., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), назол, назольнік ’надакучлівая асоба’ (Юрч. СНС), рус. назола ’нуда, журба, смутак’, ’шкода’, ’надакучлівы чалавек’, укр. назола ’хто робіць многа турбот’. Сюды ж назаля́ць ’надаядаць, дакучаць’ (Нас., Яруш., Шн., Сл. ПЗБ, ТС), назале́лы ’надакучлівы’ (Сцяшк. Сл.), назольный ’тс’ (Яруш.), назо́йны ’надакучлівы’ (Бяльк.), а таксама выразы: у назо́лу ’на зло’ (Булг.), даваць назолу ’назаляць’ (Шн.), назоля́ць на се́рцэ (на душу) ’трывожыць у непадыходзячы час’ (ТС). Прыведзены матэрыял, асабліва апошні фразеалагічны выраз, у аснове якога ляжыць нейкае канкрэтнае значэнне, аб чым сведчыць прыназоўнікавая канструкцыя з на, дае падставы для пошукаў архаічных адпаведнікаў у іншых славянскіх мовах, параўн. макед. назољам ’пасаліць, пасыпаць нечым’ у народнай песні, запісанай Міладзінавым: «Му донесе билки чемерики / И назоли нему бело сӑрце», дзе бело сӑрцестраўнік’ (Тошев, Струшкиот говор. Скопје, 1979, 38, 103). Параўн. іншыя дыялектныя формы: макед. zolit ’пырскаць; пасыпаць; накрапваць’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani dialect of Macedonian. Lisse, 1976, 301), зоља, зола ’пасыпаць соллю, цукрам, парашком’ (Белић, Галички дијалекат. Београд, 1935, 213), золте (< зол те, літаральна ’золь цябе’, ужываецца як дакор, Поповски, Македонски јазик, 1959, 10, 133), балг. назоля́вам і назолвам ’пасыпаць’ (Гераў), назоля́ва ’адкладвае яйкі на прадуктах, у якіх заводзяцца чарвякі (пра муху)’ (БЕР, 1, 652), серб.-харв. наѕоје ’пра нападзенне мух’: наѕоје̏ле му̏е месо (Елезовић, Речник косовско-метохиског дијлекта, 1. Београд, 1932, 435), зоља, ѕоља ’камары’ (Павловић, Говор Јањева. Нови Сад, 1970, 179). Такім чынам, першапачатковае значэнне дзеяслова рэканструюецца як ’пасыпаць ці пакрапіць нечым з мэтай лячэння’ і фармальна звязана з прасл. *zola ’попел’ (гл. зала́), параўн.: да ми гьи позолите ръцето со пепелта, кье ми оздравеат (Младенов: Сб. Солун. София, 1934, 62); развіццё значэння да ’надаядаць, дакучаць, дапякаць’ на падставе ’раздражняць рану, уздзейнічаючы на яе пры дапамозе лекаў, зёлак’, параўн. народны выраз надаеў, як горкае зелле, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *zoliti ’пасыпаць (попелам, парашком і інш.)’. Агляд іншых версій: Гаўлава (Etymologica Brunencia. Praha, 1978, 34–35) рэканструюе прасл. *zoliti ’шкодзіць, мучыць’ на падставе ўсходнеславянскіх слоў і і.-е. паралеляў. Скок (3, 664): зоља ’мушка’ < zujati (гукапераймальнае). Фасмер (3, 39) аддзяляе рус. назойливый ’надаедлівы’ ад назола, выводзячы яго з зой ’шум’, падрабязны разбор гэтай версіі і спробу фармальнай і семантычнай рэканструкцыі развіцця слова гл. Шалепіна: Русские говоры Сибири. Томск, 1981, 67–69; Шустар-Шэўц указвае на паралель в.-луж. zelić (⩽ zolić) ’голасна клясці, праклінаць’ і славен. zoliti ’крычаць, шумець’, што можа сведчыць аб старажытнасці такой семантыкі (ВЯ, 1983, 46), параўн. яшчэ бел. зяліць ’тлуміць’: Зеліш ты сваімі песьнімі усю хату (Яўс.). Не выключана, што ў развіцці асобных славянскіх моў назіралася змяшэнне розных дзеясловаў, блізкіх па форме, у прыватнасці са значэннем ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і ’крычаць, шумець’. Дарэчы, прыгатаванне лекаў у выглядзе парашкоў ці раствораў, атрыманых шляхам спальвання зёлак і іншых матэрыялаў, а таксама разбаўлення атрыманага попелу ў вадзе, з’яўляецца старажытнай практыкай народнай медыцыны (у прыватнасці, знахарства). Тым самым магчыма звязаць значэнне ’пасыпаць (попелам і інш.)’ і значэнне ’заліць лугам (бялізну і інш.)’. Што датычыць зяліць ’тлуміць’, звычайна азяліць галаву, то не выключана, што тут асноўнае значэнне не ’шумець’, а ’выклікаць стан ачмурэння, выпіўшы настоенага зелля’, пра што сведчыць і другое значэнне азяліцца ’напіцца гарэлкі’ (параўн. чортава зелле = гарэлка), азелены ’затлумлены, п’яны’ (Яўс.). Гл. зала́, зелле, заліць1, зяліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)