пе́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі пеніцца; з пенай. [Маці] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна і ўлетку, калі б’юць перуны, а па дарогах цякуць пеністыя рэчкі. Гроднеў. Мы, перадаючы гладыш з рук у рукі, пілі яшчэ пеністы пахучы сырадой. Няхай. // Падобны на пену. Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

2. Які ўтварае многа пены (у 2 знач.). Пеністае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сялі́ба, ‑ы, ж.

Населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.). О, дзядзька спосабаў меў многа Даняць праціўніка малога! Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку. Колас. Хаты ішлі з сялібы аж да самай невялічкай рэчкі Проні, паабапал якой раскідаліся лазні ды гумнішчы, а далей — нешырокае поле з межамі, узгоркамі, раўчакамі. Каваль. [Кастусь:] — З якое вы, дзядзька, сялібы? Відаць, заблудзіліся вы?.. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запру́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Збудаванне для пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ; плаціна, гаць. Не даязджаючы да рэчкі, усе пазлазілі з фурманкі, каб запыніцца на мастку, палюбавацца двухпавярховым млыном і струменем вады, якая падала ўніз з запруды на вышыні некалькіх сажняў. Колас. На канаве калгас пабудаваў запруду, пачысціў ад раскі дно, і цяпер у ёй вада, як крынічная. Сабаленка.

2. Запруджанае месца. У замку трывога. Рэйтары ў запрудзе знайшлі цівуна, як выкошвалі зелле. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Кіўнуцца некалькі разоў; ківацца на працягу нейкага часу. Мікалай Пятровіч сеў. Паспрабаваў паківацца — не скрыпіць. Устаў, падняў крэсла .., прыжмураным вокам агледзеў — добра зроблена! Нядзведскі. Галасок з таямнічай загадкавасцю паківаў пальцам, сам паківаўся, і яго тонкая, як жардзіна, постаць, здавалася, вось-вось пераломіцца ў поясе. Савіцкі.

2. Разм. Пайсці ківаючыся, перавальваючыся з нагі на нагу. Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, .. сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да упасці (у 3 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Улівацца, уцякаць. Там, дзе ў раку ўпадае вузенькі ручаёк, я спыніўся. Ваданосаў. Неўзабаве [людзі] апынуліся каля невялікай рэчкі, якая ўпадала ў Нёман. Гурскі.

3. за кім-чым. Разм. Даглядаць каго‑, што‑н. Не ўпадаў стары ні за гаспадаркаю, ні за ўласнаю зямлёю. Лужанін. Ласкавая, дагодлівая і яшчэ рухавая кабета, [цётка Макрына] вельмі ўпадала за сваімі «нявестачкамі». Ракітны.

4. за кім. Разм. Заляцацца да каго‑н. Упадаць за дзяўчынаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабнуць, зрабіцца менш нацягнутым, заціснутым. Гайкі адпусціліся. Супоня адпусцілася. □ Грузавік — відаць, у ім адпусціліся тармазы — заднім ходам павольна коціцца ўніз да рэчкі. Хомчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць гарт ад награвання (пра металічныя рэчы, вырабы).

3. перан. Палагаднець, змякчыцца; стаць больш згаворлівым. [Люба:] Родная матка не мачыха: пазлуе і адпусціцца. Козел.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уст. Зняцца, даравацца (пра грэх, віну і пад.). Гісторыяй асуджаны паны; Ім не адпусціцца віна — Прыпомніцца ім здзек... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дру́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны дружбай, узаемнай згодай. Дружная сям’я. Дружны калектыў. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі. Слаўна правялі .. [рыбакі] дзень у дружнай кампаніі на беразе рэчкі! Якімовіч. / у знач. наз. дру́жныя, ‑ых. Толькі дружныя ніякіх Не баяцца перашкод. Кірэенка.

2. Які адбываецца адначасова, узгоднена; аднадушны. Дружная работа. Дружны рогат. □ Такога дружнага сходу яшчэ ні разу ў калгасе не было. Дуброўскі. Камандзіры прайшлі ўздоўж строю. Атрады сустракалі іх дружным «ура!». Шамякін. // Які бурна, хутка адбываецца; спорны. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. Апоўначы наліўся дружны цёплы дождж. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.

2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скурыць.

скураны́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да вырабу скур і да рэчаў са скуры. Скураны завод. Скураная сыравіна. □ З краю гарадка, на беразе рэчкі, некалькі ўжо год існаваў скураны заводзік. Чорны.

2. Зроблены, пашыты са скуры (у 2 знач.). Скураны абутак. Скураная тужурка. □ З двара ў палату віхрам уляцеў высокі, шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. Заскрыпелі веснічкі і ўпусцілі кульгавага Пракопа з тоўстай скураной торбай цераз плячо. Васілевіч. // Абцягнуты, абабіты скурай. Мы паселі ў мяккія скураныя крэслы, што стаялі пры масіўным стале. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаро́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які рухаецца ў адным кірунку з чым‑н. Якраз дзьмуў вецер спадарожны. Аўрамчык. Ад бліжэйшай да МТС чыгуначнай станцыі юнак дабіраўся на спадарожнай машыне. Даніленка. / у знач. наз. спадаро́жны, ‑ага, м. Спадарожныя стаялі на беразе і казалі: «Глядзі ты, які .. наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць». Колас.

2. Які сустракаецца на шляху, на дарозе. Спадарожная станцыя. Спадарожная вёска.

3. Які існуе поруч, разам з чым‑н., спадарожнічае чаму‑н. асноўнаму. Спадарожныя газы. □ У каментарыях .. не прыводзяцца спадарожныя элементы бытавання і расказвання казак, запісаных у пасляваенны час. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)