стаць, ста́ну, ста́неш, ста́не; стань; зак.

1. Устаць, прыняць вертыкальнае становішча.

Пасля хваробы дзед не мог с. на ногі, ляжаў у ложку.

2. Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра механізмы, прадпрыемствы і інш.).

Гадзіннік стаў.

3. Ступіўшы на якое-н. месца, спыніцца на ім стоячы.

Стань ля акна.

4. Узяцца за якую-н. работу, дзейнасць (у адпаведнасці са значэннем наступнага назоўніка).

С. за варштат.

С. на абарону інтарэсаў.

С. на чале каманды.

5. З’явіцца, падняцца над зямлёй, гарызонтам.

Сонца стала над галавой.

6. Часова размясціцца дзе-н. (на стаянку, пастой, адпачынак).

С. на пастой.

С. на папас.

7. Размясціцца на якім-н. месцы (пра прадметы).

Шафа ў гэтым куце не стане.

8. Узнікнуць, з’явіцца.

Праз год-другі тут стане новы пасёлак.

9. Адбыцца, здарыцца, зрабіцца.

Каб чаго дрэннага дома не стала.

10. Заступіцца за каго-н.

За брата трэба с. гарой.

11. безас., з адмоўем. Перастаць існаваць; памерці.

Ужо год як цёткі не стала.

12. кім-чым, якім і безас. Ужыв. як дапаможны дзеяслоў у саставе выказніка ў знач. зрабіцца, ператварыцца.

Ён стаў журналістам.

На дварэ стала цёпла.

13. Выкарыстоўваецца ў саставе дзеяслоўнага выказніка ў сэнсе пачаць.

С. касіць.

С. чытаць лекцыі.

14. Замерзнуць (пра раку).

Рака стала.

Валасы сталі дуба — пра пачуццё жаху, вялікага страху, зведанага кім-н.

Ні стаць, ні сесці — няма дзе павярнуцца.

Стаць на дыбкі (разм.) — рэзка запярэчыць.

|| незак. станаві́цца, -наўлю́ся, -но́вішся, -но́віцца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спыні́цца, спыню́ся, спы́нішся, спы́ніцца; зак.

1. Перастаць рухацца, спыніць што-н. рабіць, устрымацца ад якога-н. дзеяння.

С. на паўдарозе.

Матор спыніўся.

Гэты чалавек не спыніцца ні перад чым (перан.: пойдзе на любыя ўчынкі).

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе-н.

С. ў гасцініцы.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра развіццё, ход і пад.: прыпыніцца, перарвацца.

Работы па ўкладцы труб спыніліся.

4. на кім-чым. Пра погляд, увагу, думкі і пад.: затрымацца на кім-, чым-н.

Мой позірк спыніўся на сыне.

5. на кім-чым. Прыйсці да якога-н. рашэння, спыніць свой выбар на кім-, чым-н.

С. на выбары маладога кандыдата.

|| незак. спыня́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Размясціцца з кім‑, чым‑н. у рад па прамой лініі. Паўтысячы чалавек злёгку павярнулі галовы, падраўняліся ў страі і застылі ў нерухомых паставах. Сіняўскі. Два самалёты рухава выскачылі на старт. Уступам выстраіліся, падраўняліся і адначасова пайшлі на ўзлёт. Алешка.

2. перан. Стаць аднолькавыя, адпаведным з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Падраўнялася рунь. Падраўняўся малады хвойнік. □ [Колас] выказаў жаданне, каб мова [яго] пачатковых твораў па магчымасці падраўнялася да ўзроўню сучаснай. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паніжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца, стаць ніжэйшым або размясціцца ніжэй. Матчын дом, здаецца, яшчэ глыбей уехаў у зямлю, паніжэў, паблажэў. Навуменка. Ляснік падышоў да браканьера, і той адразу панік, паніжэў. Кірэенка. Сонца паніжэла і зрабілася нейкім асабліва літасцівым і добразычлівым да зямлі: не пячэ, не сушыць, а толькі песціць — нібыта купае яе, стомленую і знямоглую за лета, у ласкавых промнях. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца (аб узроўні, інтэнсіўнасці і пад.). Напружанне току паніжэла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падоўжыцца, павялічыцца ад нацягвання. Гумка расцягнулася. Пальчаткі расцягнуліся. □ Кофта расцягнулася, асабліва на локцях і на грудзях. Арабей. // Пашкодзіцца ад моцнага напружання, удару, неасцярожнага руху (пра сухажылле, звязкі і пад.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рухаючыся, размясціцца доўгім, рэдкім з прамежкамі радам. Калона з пяці фурманак расцягнулася на цэлы кіламетр. Рамановіч. Выйшлі [партызаны] апаўдні. Расцягнуліся ланцугом між сосен. Навуменка. // Размясціцца паласой на якой‑н. (часцей значнай) адлегласці. Стары горад расцягнуўся ўздоўж Прыпяці на трынаццаць кіламетраў. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прадоўжыцца да якога‑н. часу або доўгі час; зацягнуцца. Работа расцягнулася на тыдзень. □ Расцягнулася размова, каб закончыцца на згодзе. Дубоўка.

4. Легчы выцягнуўшыся. Сяргей расцягнуўся на траве воддаль вогнішча, узіраўся ў зорнае летняе неба. Машара. Сцёпка прывязаў каня да біла калёс, сам расцягнуўся на возе. Хомчанка. // Упасці ўсім целам. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. Халуста імгненна апынуўся каля дзвярэй, зачапіўся нагой за парог і расцягнуўся на зямлі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пані́зіцца, ‑ніжуся, ‑нізішся, ‑нізіцца; зак.

1. Стаць, зрабіцца больш нізкім, меншым па вышыні або размясціцца нізка ад паверхні чаго‑н. [Ліда:] — Расліны заняпалі тут таму, што панізіўся ўзровень вады ў глебе. Паслядовіч. // Пагоршыцца, аслабець. Паспяховасць панізілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца (пра ўзровень, ступень, сілу, інтэнсіўнасць чаго‑н.). [Вера:] — Падкормка канчаецца, трэба ж нешта рабіць. А то надоі панізяцца... Асіпенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым (пра голас, гук і пад.). Голас панізіўся да шэпту. // Набыць больш нізкае гучанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассы́пацца, -плюся, -плешся. -плецца; рассы́пся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высыпаўшыся адкуль-н., раскідацца ў розныя бакі, рассеяцца.

Мука рассыпалася па стале. 3 кошыка рассыпаліся баравікі.

2. перан. Размясціцца, раскідацца на якой-н. прасторы.

На ўзгорку рассыпаліся хаты.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разваліцца, распасціся на дробныя часткі.

Хлеў хутка рассыплецца.

Груда зямлі даволі лёгка рассыпалася.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся, разбегчыся ў розныя бакі.

Дзеіі. рассыпаліся па дварах.

5. Абазвацца частымі пералівістымі гукамі.

Р. вясёлым рогатам.

6. Падкрэслена лісліва і шматслоўнз выказаць каму-н. што-н. прыемнае (падзяку і пад.; разм.).

Р. ў падзяках.

|| незак рассыпа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз рассыпа́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Змяніць свой строй, размясціцца ў страі іначай. Перастроіліся роты. □ Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра .. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.

2. Пераключыцца на прыём іншых радыёхваль.

3. Змяніць намеры, планы, арганізацыю свайго жыцця, працы і пад. Як .. [Лясніцкі] хутка перастроіўся! Колькі прайшло таго часу, як ён з такім вось энтузіязмам сеяў і будаваў. А сёння — такі салдат. Нібы ўсё жыццё толькі і займаўся тым, што ваяваў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Легчы, шырока раскінуўшы рукі, ногі. Ля ганка, на каменні ў нязручных позах раскінулася некалькі чалавек. Лынькоў. // Шырока, у розныя бакі працягнуць свае галіны, лісты; пышна разрасціся. Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу. Колас.

2. Размясціцца дзе‑н., заняўшы сабой вялікую прастору; далёка працягнуцца. Вунь аж да Нёмана раскінуўся бяскрайні луг. С. Александровіч. Ад вакзала да самага Амура раскінуўся вялікі новы горад. Грахоўскі.

3. Разм. Патраціцца на што‑н. Гаспадарлівы не надта раскінецца. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раски́нуться

1. (разлечься) разле́гчыся, раскі́нуцца; (развалиться — ещё) развалі́цца;

2. (распростереться) распасце́рціся;

3. (расположиться, устроиться) раскі́нуцца, размясці́цца; (занять большую площадь — ещё) разгарну́цца;

ла́герь раски́нулся на возвы́шенности ла́гер раскі́нуўся (размясці́ўся) на ўзвы́шшы;

строи́тельство раски́нулось на пло́щади в пять квадра́тных киломе́тров будаўні́цтва разгарну́лася (раскі́нулася) на пло́шчы ў пяць квадра́тных кіламе́траў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)