Трэск ‘сухі рэзкі гук, утвораны пры ламанні, трэсканні, разрыванні’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп.), ‘шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў’ (ТСБМ), ‘шуміха, пустыя размовы, балбатня’ (там жа), тры͡еск ‘трасканіна’ (Вруб.), трэ́скот ‘тс’ (ТС), трэск‑по́раск ‘шум, траскатня’ (Варл.). Укр. тріск, трі́скіт, тря́скіт ‘трэсканне, лясканне’, рус. треск, тро́скот ‘тс’, ст.-рус. трѣскъ ‘тс’, ‘гром’, польск. trzask, troskot ‘траскатня’, trzask‑prask ‘трах-бах, хутка’, чэш. třesk, třeskot, třaskot, славац. tresk ‘трэск’, ‘трэсь’, славен. trèsk ‘трэсь, лясь, бабах’, trésk ‘удар грому’, ‘шум’, харв.-чак. trȉjesak, trisk ‘гром’, серб. тре̂сак ‘трэск, гук, грукат’, тре̏с, трас ‘трэсь, бах’, балг. тря́сък ‘трэск, гром, грукат’, тряс ‘трах, лясь’, макед. тресок, трескот ‘трэск, грукат’. Прасл. *trěskъ на аснове гукапераймання, першапачаткова звязанага з громам і маланкай (Фасмер, 4, 99–100; ЕСУМ, 5, 645;), роднаснае літ. traškùs ‘крохкі’, traskà ‘крохкасць’, treškė́ti, traškė́ti ‘трашчаць, патрэскваць’, ‘ляскаць, цмокаць, цокаць’, лат. trašķis ‘шум, шоргат’, літ. tróškis ‘трэшчына’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 223; Покарны, 1072; Буга, Rinkt., 1, 488; 2, 573; Скок, 3, 502; Брукнер, 579); сюды ж далучаюць гоц. þriskan ‘малаціць’, ga‑þrask ‘ток’, нова-в.-ням. dreschen ‘малаціць’ (Сной₂, 781; Арол, 4, 100). Асновай для ўтварэння *trěskъ з’явіліся гукапераймальныя выклічнікі тыпу трэсь, польск. trzas, балг. тряс і ўтвораны на іх базе дзеяслоў *trěsk‑a‑ti і інш. (Борысь, 646–647). Сюды ж трэ́скацца ‘лопацца’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), ‘разрывацца ад крыку’ (Шат.), трэ́скаць ‘ламаць, утвараючы трэск’ (Нас.), ‘прагна есці’ (Нас., Бяльк., Растарг.), ‘есці хапаючы’ (Юрч. Сін.), ‘моцна ўдараць’ (петрык., Яшк. Мясц.), ‘лопаць’ (лях., Сл. ПЗБ), трэ́снуць ‘стварыць трэск’, ‘з трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну’, ‘разарвацца’, ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кальнуць (пра прыступ вострага болю’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘надысці (пра моцны мароз)’ (Ян.); тры͡ескаті ‘лопацца, трэскацца’, тры͡еска ‘трэшчына, расколіна’ (Вруб.), трэ́сканне ‘трасканіна’ (Нас.), траскані́на, траската́нне, траскатня́, тръскані́на, трыскатня́, трасканя́працяглы трэск, шум, стук’, ‘бясконцая балбатня, пустыя размовы’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв.; мёрск., Нар. словатв.; рагач., паст., Сл. ПЗБ); траската́ць ‘балбатаць’ (Юрч. Вытв.), траскатну́ць ‘пусціць пагалоску’ (Юрч. СНЛ), тріскыта́ньнік, траску́н, траскату́н, траскацёлка ‘балбатун’ (Юрч. СНС, Юрч. Вытв., Юрч. СНЛ); траскуно́к, траску́нчык ‘дзіцё са звонкім голасам’ (Юрч. СНЛ), траску́нчык ‘сініца’ (слонім., Арх. Фед.), ‘моцны мароз’ (ТСБМ; мёрск., ЖНС), траску́н ‘тс’ (люб., ЛА, 2, ЛА, 5); траску́нчык ‘тонкі лёд’, трэску́шкі ‘дзіцячая гульня: дзеці бегаюць па маладым лёдзе, які моцна ўгінаецца і трашчыць’ (ТС); траску́шчы, трэску́чы ‘траскучы (пра мароз)’ (Жд. 2, ТС), трэ́сь! — пра трэск (полац., мсцісл., Нар. лекс., ТСБМ); ‘бух’, ‘хрусь, трэсь’, ‘хап’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчымасць рухацца, перамяшчацца, ступаючы нагамі (пра чалавека, жывёл).

Дзіця рана пачало х.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак рух паўтараецца ў розны час, у розных напрамках.

Х. па садзе.

3. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак рух паўтараецца ў розны час, у розных напрамках.

Аўтобус да горада ходзіць два разы ў дзень.

4. Тое, што і ісці (у 3 знач.), аднак рух паўтараецца ў розны час, у розных напрамках.

Х. па вёсках.

Х. у ягады.

Х. у школу.

5. Тое, што і ісці (у 10 знач.), аднак рух паўтараецца працяглы час.

Гадзіннік добра х.

6. Рабіць ход фігурай, картай і пад.

Х. каралём.

7. перан. Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым.

Ходзяць чуткі па свеце.

8. Перамяшчацца, рухацца патокам, масай і пад.

Ходзяць хмары, а дажджу няма.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перадавацца, пераходзіць ад аднаго да другога.

Кніжка хадзіла па ўсім інстытуце.

Ходзіць грып.

10. Рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з боку ў бок.

Падлога ходзіць пад нагамі.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, напружанні і пад.

Так сапе, аж грудзі ходзяць.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Брадзіць, укісаючы.

Цеста ходзіць.

13. за чым. Выконваць якую-н. работу пры дапамозе пэўнай прылады (разм.).

Х. за плугам.

14. за кім. Клапаціцца аб кім-, чым-н., даглядаць каго-, што-н.

Х. за хворым.

Х. за скацінай.

15. Апранацца ў што-н., насіць што-н., мець пэўны знешні выгляд.

Х. у ботах.

Х. без шапкі.

16. Быць у якім-н. званні, выконваць якія-н. абавязкі (разм.).

17. Быць цяжарнай (пра жанчыну; разм.).

Х. другім дзіцем.

18. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра коней, валоў і пад.: выкарыстоўвацца тым ці іншым чынам.

Х. у плузе.

Х. пад сядлом.

19. Адпраўляць натуральную патрэбу (разм.).

Дзіця ходзіць на гаршчок.

20. заг. хадзі(це). Запрашэнне ісці куды-н. (разм.).

Хадзі сюды.

На галаве хадзіць (разм., неадабр.) — дурэць, сваволіць.

|| зак. схадзі́ць, схаджу́, схо́дзіш, схо́дзіць (да 4 і 19 знач.).

|| наз. ход, -у, М хо́дзе (да 5 і 6 знач.), хаджэ́нне, -я, н. (да 2, 4, 9 і 13 знач.) і хадзьба́, -ы́, ж. (да 1 і 2 знач.).

Ход поршня помпы.

Хаджэнне па справах.

Увесь дзень у хадзьбе.

Спартыўная хадзьба.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тул1 ‘задняя частка ў процілегласць пярэдняй, у тым ліку патыліца, спіна, азадак’ (Нас., Гарэц. 1, Яруш., Некр. і Байк., Бяльк., Байк. і Некр.); сюды ж ту́лом ‘задам, схіліўшы галаву’ (Нас.). Параўн. рус. фалькл. тул ‘тулава [?]’, смал., валаг. ту́ло ‘тс’ (СРНГ). У сувязі з арэальнай і функцыянальнай абмежаванасцю беларускай формы (першапачаткова фіксуецца ва ўсходняй Магілёўшчыне, пазней са слоўніка Насовіча трапіла ў слоўнікі літаратурнай мовы) з’яўляецца мясцовым варыянтам асноўвай формы тыл (гл.), паралельна з якой ужываецца на адзначанай тэрыторыі. Аб мене ы > у ў гаворках з дысімілятыўным аканнем гл. Нарысы дыял., 53; Крывіцкі, Дыялекталогія, 182. Па меркаванні Куркінай (Этимология–1982, 23), у асобных выпадках можна дапусціць уплыў асновы тулава (гл.). Звяртае на сябе ўвагу славянскае запазычанне ў беларускім ідышы tul ‘тулава, туша’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 807). Фурлан (Jez. zap., 11, 1, 115–124) разглядае як праславянскі анатамічны тэрмін *tȕlъ (далучаючы сюды рэз’ян. túlac ‘патыліца’), утвораны ад прыметніка *tȕlъ ‘тоўсты, тлусты’, што звязана з тыл, тыць (Фасмер, 4, 131). Прапанаваная Фурлан (там жа) далейшая сувязь з *tulъ вытворнага тэрміна харв. zȃtuljak ‘патыліца’ (*zatűlъkъ) з беларускім геаграфічным тэрмінам зату́лак ‘зацішнае месца, куды сонца рэдка заглядвае’ (Нас., ад затуля́ць, (гл. туліць) здаецца штучнай (“закрыта” пярэдняй часткай галавы?).

Тул2, ст.-бел. тулъ ‘калчан, чахол для стрэл’ (XVI ст., ГСБМ, Скарына, Альтбаўэр, ПГС, Ст.-бел. лексікон), ту́ля ‘похва для стрэл’ (Ласт.). Захавалася як архаізм стараж.-рус. тулъ (тоулъ), ст.-рус. тулъ, у XVIII ст. — туло ‘тс’, ст.-рус. маск. тулъ ‘похва для лука’. Найбольш працяглы час словы тул, ту́ло і вытворныя ад іх ужываліся ў стараўкраінскай мове і ўкраінскай мове пачатку XIX ст.: тульник ‘той, хто вырабляе калчаны’, ‘які носіць калчаны і стрэлы’, тульникі́вна ‘дачка тульніка’, тульниче́нко ‘сын тульніка’, тульничка ‘жонка тульніка’ (гл. ЕСУМ, 5, 671; Адзінцоў, Этимология–1973, 98–101). Польск. tuł, tół, tula, tuleja ‘калчан’ (Варш. сл.), ст.-польск. tuł (да XVII ст.) ‘тс’, чэш. toul, toulec, ст.-чэш. túl ‘калчан’, славац. tulec, славен. tul̑, tul̑ec, tul̑ičeh ‘тс’, ст.-харв. tul̑, харв. tuljac, серб. ту̑л, ту́лац, балг. тул ‘тс’, радоп. ‘скрынка з кары’, макед. тул ‘скураная похва для стрэл’, ст.-слав. тоулъ ‘тс’. Прасл. *tulъ ‘калчан, похва, чахол, футарал’ развілося з і.-е. *tu̯ah₃‑ul‑o, параўн. ст.-інд. tūn̥a‑, tūn̥í, tū́n̥iras ‘тс’ (Фасмер, 4, 117), інд. tūn̥ava ‘дуда’, ст.-грэч. σωλήν ‘труба, жолаб, канал’ (Сной₂, 791). Захаваныя вытворныя ў народных мовах, параўн. туле́йка (гл.), рус. вту́лка ‘трубка, затычка’, балг. дыял.туле́шник ‘жалезная скрынка на свечкі’, ту́ли́ще ‘кошык на арэхі’, макед. охрыд. тулина ‘жывот’ і інш., схіляюць да версіі пра першаснае значэнне ‘покрыва, накрыўка, схоў’ і сувязь з туліць ‘утойваць, хаваць’ (гл.). Агляд і абгрунтаванне версій у ESJSt, 17, 997; Куркіна, Этимология–1982, 21–23; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400; Анікін, РЭС, 9, 95.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́; заг. стой; дзеепрысл. сто́ячы; незак.

1. Знаходзіцца на нагах у вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца (пра чалавека, жывёлу). Стаяць пад дрэвам. □ Ля саней, захутаная ў вялізную хустку, стаяла дзяўчына. Асіпенка. [Міхалка] не мог спаць: стаяў пры акне ўпоцемку і глядзеў праз шыбу ў зорнае неба. Чорны. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці такога становішча. Стаяць бокам. Стаяць навыцяжку. □ Стаяць у .. [шалашыку] .. [дзед] мог толькі сагнуўшыся. Чарнышэвіч. / Са словамі, якія ўказваюць на частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Ля дарогі на каленях стаялі бабы, ірвалі грэчку, стаўлялі ў кучкі. Адамчык. Выскачыў [стралец] на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Якімовіч. // Апынуўшыся перад кім‑, чым‑н., знаходзіцца ў пэўным стане, становішчы. І стаіць яна [Бандароўна] прад панам, Як калінка тая, Што ў лузе, над ракою, Вецер пахіляе. Купала. / у перан. ужыв. Беларускі народ стаяў напярэдадні вялікіх спраў грамадскага і культурнага значэння. Мядзёлка. // Быць пастаўленым у вертыкальным становішчы (пра прадметы). Кветкі стаяць у вазе. Лесвіца стаіць каля сцяны. / Пра мэблю, некаторыя прадметы хатняга абсталявання. Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі. Чорны. // Быць ускалмачаным, узнімацца старчма (пра валасы, шэрсць). Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць. Пташнікаў.

2. Выконваць якую‑н. работу, займацца якой‑н. справай, звязанай са знаходжаннем на нагах. Між гор зялёных ці ў пустыні дзікай Стаіш ты, воін, сёння на пасту. Прыходзька. Усё сваё жыццё .. [Лявон] ухітраўся цяжка не падняць і моцна не ўдарыць. То стаяў ля прылаўка ў ларку «Заготжыўсыравіны», то працаваў нарыхтоўшчыкам сельпо. Корбан. // Займаць месца ў чарзе за чым‑н. Стаяць за кнігай.

3. Быць нерухомым, не рухацца з месца (пра чалавека, жывёлу). Жанчыны адступілі далей ад воза і нерухома стаялі суцэльнай сцяной. Шамякін. / Пра транспартныя сродкі, пра транспарт у час прыпынкаў або на стаянцы. Якраз і параход стаяў на Дняпры. Лынькоў. / Пра хмары, свяцілы і пад. На поўдні па-ранейшаму нерухома стаяла хмара. Гамолка. // Не цячы, не струменіцца (пра ваду, вадкасць). У барознах стаіць вада. □ Возера стаіць, не зварухнецца. Барадулін. // Не разыходзіцца, запаўняючы якую‑н. прастору (пра дым, пыл, пару і пад.). У паветры стаяў сіняваты марозны туман. Чарнышэвіч. Пах рамонку і чабору стаяў над дарогай. Вышынскі. Дым густа стаяў у пакоі, і, хоць вокны былі расчынены насцеж, у Лазавіка ад яго шчыпала вочы. Хомчанка.

4. Не працаваць (пра завод, фабрыку або механізмы і пад.). Цэх стаіць на рамонце. Гадзіннік стаіць. // перан. Не развівацца, не прасоўвацца наперад. Работа стаіць. Жыццё не стаіць на месцы.

5. Быць устаноўленым, умацаваным на чым‑н., на якой‑н. апоры; трымацца, знаходзіцца на чым‑н. Дом стаіць на фундаменце. Мост стаіць на быках. □ На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. На ім стаяць, бы тыя гумны, Грамады чорных пірамід. Колас. // перан. Разм. Існаваць дзякуючы каму‑, чаму‑н. [Касач:] — Сярод народу жыву. А на народзе свет стаіць. Гурскі. На праўдзе свет стаіць. Прыказка. // Быць адзначаным, надрукаваным і пад. дзе‑н., на чым‑н. Пісьмо падпісалі толькі пяць камсамольцаў. У канцы яго стаіць спешная прыпіска: «Падпісванне пісьма спынена. Дадзен сігнал трывогі!». «Звязда». На канверце апошняга ліста стаяла прыпіска «тэрмінова». Лынькоў. / Пра адзнакі за паспяховасць. Па матэматыцы стаіць пяць. // Значыцца, быць (у спісе, у якім‑н. пераліку). На парадку дня стаіць два пытанні. Пад пратаколам стаіць подпіс.

6. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе‑н. (на адпачынку, пастоі, стаянцы). У вёсцы Дудкі .. стаяў .. вялікі нямецкі гарнізон. Брыль. // Часова здымаць у каго‑н. кватэру, пакой. [Андрэй:] — Прыехалі — дык прыехалі. Шукайце — што хочаце. Стаяць можна і ў мяне. Другая хата пустая. Пташнікаў. Галаўнёў і Амельчанка стаялі на кватэры нават удвух. Дудо.

7. Займаць баявую пазіцыю, размяшчацца на якім‑н. участку мясцовасці для вядзення баявых аперацый. [Вера:] — Фронт тады зусім блізка ад нас стаяў. Кулакоўскі.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, не адступаць, вытрымліваць націск. Масква стаіць. Маскву .. [фашыстам] ніколі не ўзяць. Шамякін. Ён чэсна стаяў, да канца: Кулямётная лента... пустая, Апошняй была ў байца. Куляшоў. [Раіна:] — Па вопратцы прабітай пазнаю, Што ён [Янук] не раз пад кулямі стаяў, Што ён не раз выходзіў з-пад агню. Танк. Хлопец, абняўшы любу дзяўчыну, На барыкадах смела стаіць. Цётка. // перан. Цвёрда прытрымлівацца якой‑н. думкі, погляду, быць перакананым у чым‑н. — Цяпер павінны вучыцца ўсе! — стаіць на сваім Ганька. Васілевіч. Гогаль стаіць за тое, каб і ў літаратуры, і ў тэатры падзеі адлюстроўваліся праўдзіва, бо яны павінны ўзрушаць душы людзей, хваляваць іх сэрцы. «Полымя». Пад сцягам Ленінскім, вячыстым Ішлі за шчасце камуністы, І кожны з мужнасцю байца Стаяў за праўду да канца. Бялевіч.

9. перан. Абараняць, адстойваць чые‑н. інтарэсы, змагацца, выступаць на баку каго‑, чаго‑н. Стаяць за народ. □ — Мы стаім за мірны лёс планеты. Прыходзька. І хоць быў .. [Тарусевіч] панскі сын, аднекуль з Мінскай губерні, але добра стаяў за рабочых... Гарэцкі. [Максім Багдановіч] стаяў за глыбокую ідэйнасць і яркую вобразную форму. Майхровіч. // Мець апору ў кім‑, чым‑н. — За мной стаіць мой народ, — з падкрэсленым пафасам вымавіў Цярэшка, каб спыніць фамільярны князеў тон. Мікуліч. За мной стаіць вялікая Радзіма ўся мая. Панчанка.

10. Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Школа стаяла на водшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Брыль. Абапал грэблі стаялі свежыя стагі. Бядуля. У задуменні лес яловы На ціхім беразе стаіць. Матэвушаў.

11. Існаваць, быць на свеце. [Сілівон:] — Зямля наша як стаяла, так і стаіць, усім нашым злоснікам на згубу. Лынькоў. А стары дом стаяў і стаяў, пра яго быццам забыліся. Арабей. // Захоўвацца, застаючыся нязменным, не трацячы сваіх якасцей. Варэнне можа стаяць доўга. □ Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Сцены з яе стаяць доўга. Чорны.

12. Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні. Вялікія і ганаровыя задачы стаяць перад дэпутатамі мясцовых Саветаў. «Звязда». Канец вайне! Другія рубяжы Цяпер стаяць перад ім, перад Юхімам! З. Астапенка.

13. Трымацца, панаваць, быць (пра стан чаго‑н.). Стаіць цішыня. □ Некалькі хвілін у хаце стаяла маўчанне. Васілевіч. Гэтая хатка заўсёды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. Колас. / Пра надвор’е. Стаіць пагода, Аж смагне, ныючы, асірацелы куст. Крапіва. Гэта было зімою, ужо больш позняю парою як цяпер: на дварэ стаяў мароз і дзьмуў халодны, калючы вецер. Кулакоўскі. / Пра час сутак, поры года. Стаяла глыбокая ноч, яшчэ не пайшлі па вуліцах машыны, у доме насупраць свяцілася толькі адно акно. Арабей. Стаяла акурат тая пара восені, калі пачырванелы асіннік у лесе, яшчэ не згубіўшы ніводнага лісточка, трывожна ўжо шапоча пра заканчэнне лета, а над асірацелымі лугамі знікае духмянасць пасохлых траў. Краўчанка. // Адчуваць (шум, звон, стукат і пад. у галаве, вушах). У галаве стаяў нудны, працяглы звон. Гамолка. У вушах стаяў жалезны стукат вагонных колаў. «ЛіМ». // Быць бачным, прыкметным на твары, у вачах і пад. (пра які‑н. выраз, ухмылку і пад.). У Міхея Вячэры нават слёзы стаялі ў вачах. Шамякін.

14. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра якія‑н. думкі, уяўленні і пад.). У думках кожнага стаяў вобраз загінуўшага таварыша. Машара. З той пары Адна думка Стаіць у маёй галаве. З той пары і навек Застануся з той думкай у згодзе. Свірка.

15. Трымацца на якім‑н. узроўні, займаць якое‑н. становішча. Вада стаіць высока. Стрэлкі гадзінніка стаяць на сямі. / Пра нябесныя свяцілы. Зорка стаяла на тым жа месцы і, здавалася, яшчэ больш мільгала. Кулакоўскі. Быў ужо адвячорак. Сонца стаяла нізка. У паветры пасвяжэла. Якімовіч. // Выкарыстоўваецца ў саставе выказніка ў значэнні: быць якім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. Трава ўжо стаяла высокая — сама касіць, а краскі на лузе адцеіталі. Навуменка. Гаспадар дакументаў стаіць пахмурны і маўчыць. Кавалёў. Гвардыян стаяў аслупянелы, разявіўшы рот ад здзіўлення. Зарэцкі.

16. У прыназоўнікавых спалучэннях з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: займаць тое або іншае становішча ў грамадстве, мець грамадскую значнасць (сярод каго‑, чаго‑н. або ў адносінах да каго‑, чаго‑н.). Стаяць у цэнтры ўвагі. □ І сам ён [Пшэбора] строгі і няўмольны, Бо сілу мае ўжо не ён. І ў тых учынках сам нявольны, Бо над усім стаіць закон. Колас. // перан. Быць на якой‑н. ступені ў інтэлектуальных адносінах. Сённяшняя моладзь стаіць значна вышэй як па сваёй адукацыі, так і па агульнаму .. культурнаму развіццю. «Маладосць».

17. заг. сто́й(це)! Каманда спыніцца, перастаць рухацца. Тут жа пачуўся голас самога камандзіра: — Стойце! Свае! Шамякін. Пачулася рэзкая каманда: — Гвардыя, стой! Забяспечыць прывал! Лынькоў. // перан. Разм. Патрабаванне перастаць гаварыць, дзейнічаць і пад.

•••

Адной нагой у магіле стаяць — дажываць сваё жыццё, быць блізкім да смерці (пра старога або вельмі хворага чалавека).

Да апошняга стаяць — змагацца, спрачацца да канца, пакуль стае сілы.

Далёка стаяць — пра тое, што горшай якасці, другараднае, не ідзе ў параўнанне з кім‑, чым‑н.

Калом стаяць — быць лубяным, гаматным (пра матэрыял, тканіну, а таксама адзенне).

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым — увесь час пазіраць за кім‑, чым‑н., пільна аберагаць каго‑, што‑н.; назаляць назіраннем, абераганнем.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не стаяць за цану — не лічыцца з цаной, коштам, з высокай аплатай чаго‑н., Не таргавацца.

Свет стаіць на кім-чым гл. свет.

Стаяць ва ўладзе (на чале ўлады) — мець уладу, кіраваць дзяржавай, узначальваць.

Стаяць гарой за каго-што — заступацца за каго‑н., абараняць каго‑, што‑н. усімі магчымымі сродкамі.

Стаяць за спінай чыёй, у каго — тайна аказваць каму‑н. падтрымку, накіроўваць чыю‑н. дзейнасць.

Стаяць калом (косткай) у горле — не даваць спакою, перашкаджаць жыць.

Стаяць на чыім баку — быць адной думкі з кім‑н., падтрымліваць каго‑н. у чым‑н.

Стаяць на варце — тое, што і быць на варце (гл. быць).

Стаяць на вачах — засланяць, загароджваць святло; перашкаджаць бачыць што‑н.

Стаяць навыцяжку — а) прымаць позу як па камандзе «смірна»; б) пакорліва падначальвацца каму‑н.

Стаяць на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаяць папярок дарогі каму — тое, што і стаць на дарозе чыёй, у каго; стаць папярок дарогі каму (гл. стаць).

Стаяць над душой чыёй, у каго (над каркам чыім, у каго) — надаядаць сваёй прысутнасцю, надакучаць, назаляць.

Стаяць на задніх лапках — тое, што і хадзіць на задніх лапках (гл. хадзіць).

Стаяць на месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Стаяць на (сваіх, уласных) нагах — быць самастойным, не мець патрэбы ў падтрымцы, дапамозе.

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Стаяць пад вянцом — вянчацца.

Стаяць папярок горла — вельмі замінаць каму‑н. у чым‑н.

Стаяць перад вачамі (у вачах, уваччу) — узнікаць, з’яўляцца ў зрокавым уяўленні.

Стаяць слупам (як слуп) — знаходзіцца ў здранцвенні ад нечаканасці; назаляць нерухомасцю (звычайна з няўцямным, бяздумным выглядам).

Стаяць у баку ад чаго — тое, што і быць у баку ад чаго (гл. быць).

Стаяць у вушах (увушшу) — пра захаванне моцнага слыхавога ўражання.

Стаяць (сядзець) як пень — быць нерухомым; бяздзейнічаць; нічога не разумець.

Хоць стой, хоць падай — ужываецца як рэагаванне ў становішчы збянтэжанасці, а таксама ў сітуацыі, калі невядома, як рэагаваць.

Як стой (як стаіць) — а) вельмі хутка; адразу; б) без нічога, без рэчаў, маёмасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)