Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол.нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́ 1, злучн.

I. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; па свайму значэнню адпавядае словам «а», «аднак», «наадварот». І вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы. Шамякін. З партызанамі поруч ступала невысокая жанчына, яшчэ маладая, але з плецівам першых маршчын каля вачэй. Мележ. Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур’ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Колас. // Прылучае процілеглыя члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем; адпавядае слову «аднак». Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам. Колас. [Максім:] — Чалавечына добры, розуму — бездань, але трошкі і старазаветны. Брыль. Слухачы засмяяліся, але іх смех быў прыязны. Мележ. // Падкрэслівае проціпастаўленне галоўнага сказа даданаму ўступальнаму або аднаго з членаў сказа другому з уступальнымі злучнікамі «хоць», «хаця» і інш. Стары млын хоць ужо і не працаваў доўгі час, але грэбля была яшчэ моцная і ўтварала прасторны стаў. Чарнышэвіч. Хоць і холадна яшчэ, марозна, але паварочвае ўжо на вясну. Арабей. [Сымон:] — Хоць малады [Грышка], але, відаць, бывалы. Танк. // Ужываецца ў спалучэнні са злучнікам «затое» пры замяшчальным проціпастаўленні. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгад! Шамякін. [Свідэрскі:] Свідэрскі не ваяка, гэта так, Але затое першы між гуляк. Глебка.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем; па свайму значэнню адпавядае злучнікам «а», «аднак». [Яўмень:] Ты ведаеш, але казаць не хочаш! Чарот. Зморанасць усяго цела магла скончыцца толькі пасля сну, але спаць не даваў холад. Чорны. У гэтым баі маёр Караневіч быў ранены, але не пакінуў каманднага пункта. Крапіва. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся. Колас.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе. Столь гатова была ўпасці, але яе трымалі тры свежа абструганыя жардзіны. Чорны. Быў.. [дзед Талаш] там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя. Колас.

II. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную думку, паўтараючы пры гэтым адно з слоў папярэдняга сказа ці словазлучэння. Ты ад мяне цяпер далёка, Але і з той далечыні Гараць вясёлкай яснавокай Твае прывабныя агні. Колас. Кожны выбірае сам сабе шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста. Паслядовіч. [Несцяровіч:] — Людзей нам патрэбна многа, але такіх, якія працуюць. Чорны.

2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю (часта ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На лесніковым двары забрахаў сабака, але зараз жа сціх, відаць, пазнаўшы гаспадара. Паслядовіч. Люба зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх. Чорны. З аднаго паста абазваўся кулямёт, але пасля першага стрэлу з «трыццацьчацвёркі» ён змоўк. Мележ.

3. Ужываецца ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі або новай тэмы выказвання; адпавядае злучніку «ды». Нават Ячны і той маўчаў... Але што я кажу, — ён, бадай, лепш за ўсіх разумеў, што за свята было для Івана ў той дзень. Брыль. [Пан:] — Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў! — Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць. Якімовіч.

4. Выкарыстоўваецца ў мове адной асобы пры адказе самому сабе ці нязгодзе з самім сабою або на пачатку рэплікі пры адказе субяседніку. [Лютынскі:] Тут канечне доктар патрэбен. Але дзе нам узяць яго? Крапіва. На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас? Шамякін. [Ніна:] «Мусіць, доля, лёс мой такі ўжо, што суджана прапасці ні за што... Але ж не! Знайду і на.. [Лявона] ўправу...» Галавач.

III. у знач. нескл. наз., н.

Акалічнасці, якія перашкаджаюць ажыццяўленню чаго‑н. Ніякіх «але».

але́ 2, часціца.

1. сцвярджальная. Ужываецца пры сцвярджальным адказе або згодзе з чым‑н. [Наведвальнік:] — Магу вас запэўніць, тыя [стравы] надзвычай каларыйныя. [Жанчына:] — Ну, але, але. А от ці смачныя, а? Васілёнак.

2. узмацняльная (у спалучэнні з часціцай «ж» і наступным «і»). Выказвае здзіўленне, захапленне, абурэнне, іронію. Але ж і навальніца! Але ж і нягоднік! Але ж і ты добры, нечага сказаць. □ [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)