мані́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Нагруднік, пераважна з белай тканіны, прышыты або прышпілены да мужчынскай кашулі. Максім знімае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка. Майхровіч. // Устаўка на грудзях у жаночай сукенцы.

2. Частка мужчынскай кашулі, якая закрывае грудзі. Кашуля з вышытай манішкай. □ З-пад расшпіленай фуфайкі бялела вышываная чырвоным крыжам манішка. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перада́тчык, ‑а, м.

Спец.

1. Той, хто перадае што‑н.; тое, пры дапамозе чаго перадаецца што‑н. Перадатчык хваробы. □ Максім і звярнуўся да гэтага перадатчыка першакрынічных вестак. Машара. Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў, — гэтых.. перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце. Колас.

2. Апарат для перадачы на адлегласць сігналаў, паведамленняў і пад. Кароткахвалевы перадатчык. Светлавы перадатчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрэ́сціся, утрасецца; зак.

1. Паменшыцца ў аб’ёме, ушчыльніцца ад трасення (пра што‑н. сыпкае, дробнае).

2. перан. Разм. Уладзіцца, прыйсці да ўдачнага канца. — Чым ты зараз мяркуеш заняцца, Максім? — перапыніла яго думкі Галіна Макараўна.. — У абедзенны перапынак даведаюся ў гаспадыні, ці не можа яна пусціць цябе субкватарантам хоць бы часова, пакуль падвернецца што‑н. лепшае.. — Дзякуй, Галіна Макараўна, неяк утрасецца ўсё гэта. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Спагадай, спачуваннем палегчыць каму‑н. гора, пакуты. Марыя падалася бліжэй да Веры, паб уцешыць яе, не дапусціць да слёз, хоць самой цяжка было не заплакаць. Кулакоўскі. // Перадаваць, абрадаваць чым‑н. Вера выцерла хустачкай вочы і пачала чытаць: — «Дарагія дзеткі, Верачка і Максім! Нас вельмі ўцешыла ваша пісьмо, дзе вы паведамляеце, што ўзялі шлюб». Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.

2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурало́м, ‑у, м.

1. Лес, дрэвы, паломаныя бурай. [Віця:] — Учора ведаеш якая навальніца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кіламетры лес палажыла. Максім Рыгоравіч кажа — тысячы дзве кубаметраў буралому. Шамякін.

2. Вялікай сілы вецер; бура, якая ідзе па лесе і ломіць дрэвы. У лесе далёка-далёка шуміць нешта — ідзе буралом. Каваль. Дрэвы вывернуты з карэннем або перабітыя напалам, як быццам тут прайшоў страшэнны буралом. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднадзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Насякомае, якое жыве вельмі кароткі час (ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён). Матылёк-аднадзёнка.

2. Пра што‑н. недаўгавечнае, што мае значэнне, вартасць нядоўгі час. Верш-аднадзёнка. // Газета, якая выйшла адзін раз. У гэты ж час [у 1932 г.] у Львове выходзіць беларуская аднадзёнка «На пераломе», у якой з’явіўся верш «Заштрайкавалі гіганты-каміны» ўпершыню за надпісам Максім Танк. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́рак, ‑у, м.

1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.

2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафесіяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прафесіі; звязаны з якой‑н. прафесіяй. Слухаючы старшыню, карэспандэнт па сваёй прафесіянальнай звычны разглядаў фота ў альбоме. Шахавец.

2. Які мае адносіны да прафесіянала, з’яўляецца прафесіяналам. Прафесіянальны рэвалюцыянер. □ У сценах семінарыі будучы пісьменнік захапляецца рускай класікай.. Ужо ў тыя гады ён марыў стаць прафесіянальным літаратарам. Луфераў. // Уласцівы прафесіяналу. І Максім падумаў, што прафеcіянальнае, настаўніцкае, трымаецца ў Жакушэнькі вельмі моцна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Прымусіць хвалявацца, зрабіць бурным (пра возера, раку і пад.). Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не зможа. Маўр.

2. Прымусіць моцна хвалявацца, непакоіцца; расстроіць. Відаць, успаміны расхвалявалі .. [Рынальда], і некаторы час ён маўчаў. Краўчанка. Максім, намагаючыся здавацца спакойным, каб не паказаць, што гэтыя «паказанні» расхвалявалі яго, нетаропка паклаў паперы на стол следчага. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)