та́ры, нескл., ж.

Мнагаструнны шчыпковы музычны інструмент, пашыраны на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Гаварылі зурны, і гудзелі тары, І стаяў у песнях Ардашат. Броўка. Звон зурны, і чанура, і тары, Што ў сугучнасць зліліся адну, Павялічваюць сэрца ўдары... Гурло.

[Грузінскае tari.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́згалас, ‑у, м.

Абл. Рэха, адгалоскі. Я свой звон ход у ход Размахну, як ніхто і ніколі; Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур, Толькі розгалас пойдзе па полі. Купала. Шырокі розгалас здабудуць гэтыя крылатыя словы, нібы выдыхнутыя адным сэрцам. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хруста́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрусталю (у 1 знач.), уласцівы яму. Хрустальны бляск. // Звязаны з вырабам хрусталю. Хрустальны завод. // Зроблены з хрусталю. Хрустальная ваза.

2. перан. Празрысты. Хрустальныя каплі расы. // Чысты, звонкі, як у хрусталю (пра гукі). Хрустальны звон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ры́нда1, рындося ’хто неахайны’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), рус. дыял. ры́нда ’худы высокі чалавек’, ’худы конь’. З літ. rindà ’непаваротлівы чалавек’ (Саўка, Запісы 23, 57).

Ры́нда2 ’воін царскай аховы на Русі’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’аружаносец, целаахоўнік’, ст.-руск. рында. Цяжкое слова, верагодна іншамоўнага паходжання. Вывядзенне са ст.-ісл. rǫnd ’край шчыта, шчыт’ ставіцца пад сумненне з фанетычнага пункту гледжання. Зусім неверагоднае тлумачэнне з дац. rinde, rende ’бегчы’ і з ням. Ronde ’дазор’ (Фасмер, 3, 529). Магчыма, сюды ж рус. ры́ндель ’знамяносец’ з наступным з’яўленнем насавога (Фасмер, 3, 529).

Ры́нда3: рынду біць ’у парусным флоце — тройчы ўдарыць у звон у поўдзень’ (ТСБМ), рус. ры́ндазвон карабельнага колакала’. Тлумачыцца як утварэнне з англ. to ring the bell ’званіць у колакал’ (Фасмер, 5, 529). Малаверагоднай падаецца версія аб запазычанні са швец. ringa ’званіць’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.

1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.

2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.

3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.

•••

Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зубі́ла, ‑а, ж.

Ручны інструмент, род долата для апрацоўкі металу і каменю. Адзін рабочы прыстаўляў да прэнта зубіла, другі біў зверху молатам. Чорны. Часта люлькаю пыхкаў, злаваўся і грукаў Малатком па зубілу — разносіўся звон. Высякалі яго працавітыя рукі На каменні слупкі невядомых імён. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Магу́чы ’багаты’, ’магутны, які мае ўладу’ (Нас.), укр. могучий, рус. могу́чий, ст.-рус. могуть ’знатны’, могучий ’моцны, магутны’, могущий ’тс’, ц.-слав. могѧть ’гаспадар, уладар’, польск. mogący, чэш. mohoucí, славен. mogóč, серб.-харв. мо̏гућ, мо̀гућ, балг. могъщ, праслав. mogǫtʼ‑jь. Да магчы́ (гл.). Са ст.-слав. ці ц.-слав. паходзіць карм. магу́шчы ’гучны (звон)’ (Мат. Гом.). Сюды ж прыслоўе магуча ’багата’, ’моцна’, ’шмат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́гат ’гучны, нястрымны смех’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., ТС; пух., Сл. ПЗБ), рёгат ’тс’ (Растарг.), ’празмерны рогат’, ’іржанне’ (Нас.), ро́гаткі ’смех’ (Сцяшк. Сл.). Укр. ре́гіт, рус. рёгот ’тс’, польск. rzegot ’кваканне’, н.-луж. rjagot ’бразганне, звон, трэск, шум, кваканне, краканне, гогат’, в.-луж. rjehot ’іржанне’, чэш. řehot, řeht ’іржанне, смех’, славац. rehot ’тс’ — аддзеяслоўныя ўтварэнні з суф. *‑ot‑/‑ъt‑ са значэннем ’грукат’. Да paгатаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уда́р, -у, мн. -ы, -аў, м.

1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з кім-, чым-н. з сілай.

Гэты гадзіннік не баіцца ўдараў.

Нанесці ў.

У. электрычнага току.

2. Гук (звон, трэск, грукат) ад такога штуршка, а таксама наогул адрывісты гук, стук.

У. гадзінніка.

У. грому.

3. перан. Імклівы напад, атака.

Флангавы ў.

Штыкавы ў.

4. перан. Непрыемнасць, нечаканае гора, бяда.

Перажыць нечаканы ў.

У. лёсу.

5. Кровазліццё ў мозг; апаплексія.

Апаплексічны ў.

6. чаго. Пра біццё сэрца, пульсу.

Пад удар (ставіць) каго-што (разм., неадабр.) — у небяспечнае становішча.

Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у небяспечным становішчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

скля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. У маракоў — паўгадзінны прамежак часу, які абазначаецца ўдарам у звон, а таксама ўдар звона, што абазначае гэты прамежак часу. Недзе зусім побач на караблі прабілі склянкі. Шлег.

2. толькі мн. (скля́нкі, ‑нак). Старадаўні шкляны пясочны суднавы гадзіннік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)