Лук1, лучок ’ручная зброя ў выглядзе гібкай дугі, сцягнутай цецівой, для пуску стрэл’ (ТСБМ, Бес., Шат., Яруш., Сл. ПЗБ), ’абруч у кашы, калысцы, у рыбалоўных снасцях’ (навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ’ручка касы’ (баранав., уздз., полац., карм., бых., краснап., чач., ц.-палес., б.-каш., ДАБМ, 831; Янк. 1, Юрч., Бір. дыс., Сцяшк., Тарн., ТС; слуц., Нар. словатв.; петрык., Шатал.; ц.-палес., ЛАПП), жытк., стол. лычок ’тс’ (там жа), ’сагнуты дугападобны сук ці тонкі ствол’, ’драўляны каблук у рэзгінах’, ’дугападобная частка драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), лука́ ’тс’ (ТС). Укр., рус. лук, ст.-рус. лукъ ’лук’, ’лука’; польск. łęk і łuk, палаб. läu̯k н.- і в.-луж. łuk, чэш., славац. luk, славен. lǫ̂k, серб.-харв. лу̑к, макед. лак, балг. лък, ст.-слав. лѫкъ. Прасл. lǫkъ (< lękti ’гнуць, згінаць, крывіць’ < і.-е. lonk‑oвіцца, крывіць’), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. lañkas ’дуга, абруч’, lankùs ’гнуткі’, лат. lùoks ’выгін, выгіб’, luôks ’гнуткі’ (Бернекер, 739–740; Фасмер, 2, 531; Слаўскі, 5, 111–113, 302–303; Махэк₂, 343; Скок, 2, 280–281; БЕР, 3, 550–551; Аткупшчыкоў, Baltistica, X (I), 19).

Лук2 ’цыбуля, Allium cepa L.’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукъ — відочна, ’тс’ (з пач. XVI ст.). Укр. лук ’цыбуля’, ’часнок палявы’, ’часнок’; рус. лук ’цыбуля’, ст.-польск. łuk ’дзікі парэй, Allium ampeloprasum’, ’часнок, скарада’, domowy łuk ’скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum’, łuk polny wielki ’гіацынт усходні і інш.’, палаб. läu̯k ’часнок’, ст.-чэш. luk ’часнок палявы, Allium oleraceum L.’, славен. lȕk ’цыбуля’, ’парэй’, luk česnjak ’часнок, Allium sativum L.’; серб.-харв. лу̏к ’часнок’, bijeli lȕk ’тс’, crveni (crni) luk ’цыбуля’, luk čerljeni ’тс’, ’парэй’, макед. лук, луку(т) ’часнок’, балг. лук, лукът ’цыбуля’, ’часнок’, ’парэй’, ’цыбуля мядзведжая, Allium ursinum L.’, ст.-слав. лоукъ ’часнок або цыбуля’. Прасл. lukъ ’цыбульная расліна (цыбуля, часнок ці парэй)’ запазычана з прагерм. *lauka (ст.-в.-ням. louh, с.-в.-ням. louch, ст.-ісл. laukr, ст.-н.-ням. lōk ’тс’, суч. ням. Lauch, ст.-англ. léak), якое да і.-е. *leug‑ ’гнуць, згінаць’ (Покарны, 685–686 і інш.: Бернекер, 744–745; Фасмер, 2, 531; Скок 2, 327–328; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 495–498). Младэнаў (280) выводзіў лексему lukъ з і.-е. *leu‑k ’ясны’, ’асвятляць’, мяркуючы, што прасл. і прагерм. лексемы былі прароднаснымі, а Махэк₂ (Jména, 265) адносіць іх да мовы перадпраславянскіх неіндаеўрапейцаў. Да і.-е. *leuk‑ адносіць прасл. lukъ Мартынаў (Лекс. взаим., 168–170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

круці́цца, кручуся, круціліся, круціцца; незак.

1. Рухацца па кругу або паварочвацца вакол сваёй восі; вярцецца. Майстар націснуў на кнопку, і свярло з лёгкім гулам пачало круціцца. Кулакоўскі. Вялікі шліфавальны камень пачынае хутка круціцца. Асіпенка. // Варочацца з боку на бок. Хлопчык круціўся, трызніў, мабыць, снілася яму нешта страшнае. Чарнышэвіч. // Беспарадкава рухацца; хадзіць вакол чаго‑н.; кружыцца. — Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш, не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках. Лужанін. Хлопчык бездапаможна круціўся на адным Месцы, адмахваючыся ад сабакі сваёю шапкаю. Арабей. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа думкі, тэмы і пад. Размова Круцілася вакол незразумелых, чужых для слыху слоў: эканамісты, сацыял-дэмакраты, анархізм. Асіпенка. [Засмужац] паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Мележ.

2. Быць ахопленым віхравым рухам; кружыцца. Снег марудна круціўся ў сумным зімовым паветры. Гарэцкі. // Уздымаць снег, пыл і пад.; месці (пра вецер, завіруху і пад.). Доўга яшчэ круцілася, не магла нацешыцца завіруха. Васілевіч. // Узнімацца ўверх колцамі; віцца (пра пыл, туман і пад.). Застаўшыся ў кузні адзін, Міша глядзеў у задуменні, як над горнам круціўся сівы, гаркаваты дымок. Арочка.

3. Разм. Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., каля каго‑, чаго‑н. Вакол дзеда круціліся ўнукі. Колас. [Новікаў] круціўся ля канторы і ўедліва дапякаў кожнага, хто трапляўся на вочы. Дуброўскі. // Увіхацца каля каго‑, чаго‑н. Колышаў круціўся каля машыны, ламаючы галаву, відаць, над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды. Мележ. «Я так і ведаў! — узгарэўся Алесь. — Круціся адзін каля трактара». Шахавец. // Неадступна хадзіць за кім‑н., заляцацца да каго‑н. На гэтым спектаклі мядзведзіцкі настаўнік круціўся ўсё каля Зосі. Крапіва. Сёлета Ігнат Пацапень прыехаў адзін і зараз жа пачаў круціцца каля Вікторыі Аркадзеўны. Паслядовіч. // Перашкаджаць, замінаць. Круціцца пад нагамі.

4. Не могучы ўседзець на адным месцы, неспакойна паварочвацца то ў адзін, то ў другі бок; вярцецца. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

5. Разм. Быць у пастаянным клопаце. — І не адзін такі я: шумім, круціліся, а толку няма. Колас. Да вечара і да зары І ад зары да вечара Грукочуць МАЗы ў Мазыры і круцяцца дыспетчары. Грахоўскі. — А Сарока — жыве, круціцца цэлымі днямі ў працы, у клопатах. Такім калгасам кіраваць — гэта ж вам не жартачкі. Краўчанка.

6. Разм. Выкручвацца, хітрыць. Арлоўскі як ні круціўся, як ні муліўся, але такі здаўся. Чарнышэвіч.

7. Разм. Быць у любоўных адносінах з кім‑н.; любіцца. — А, усе яны такія, махнуў рукою Булаўка, — або замуж выходзяць, або круцяцца з другімі... Пальчэўскі. На начлезе [Марына], бывала, толькі з хлопцамі і круціцца. Скрыган.

8. Зал. да круціць (у 1 знач.).

•••

Галава круціцца гл. галава.

Круціцца ваўчком — вельмі хутка кружыцца, вярцецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)