таўчы́, таўку́, таўчэ́ш, таўчэ́; таўчо́м, таўчаце́, таўку́ць; тоўк, таўкла́, -ло́; таўчы́; то́ўчаны; незак.

1. што. Рабіць больш дробным, драбніць.

Т. соль.

2. што. Размінаць таўкачом, робячы мяккім.

Т. бульбу.

3. што. Ачышчаць таўкачом у ступе зерне ад шалупіння.

Т. проса ў ступе.

4. што. Біць, разбіваць шмат чаго-н. (разм.).

Т. талеркі.

5. каго. Наносіць пабоі, збіваць (разм.).

6. што. Мяць, нішчыць, вытоптваць што-н.

Т. пасевы.

Таўчы ваду ў ступе (разм., неадабр.) — дарма траціць час, займацца непатрэбнай, безвыніковай справай.

|| зак. стаўчы́, стаўку́, стаўчэ́ш, стаўчэ́; стаўчо́м, стаўчаце́, стаўку́ць; стоўк, стаўкла́, -ло́; стаўчы́; сто́ўчаны і растаўчы́, -таўку́, -таўчэ́ш, -таўчэ́; -таўчо́м, -таўчаце́, -таўку́ць; -то́ўк, -таўкла́, -ло́; -таўчы́; -то́ўчаны (да 1—5 знач.).

|| наз. таўчэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Кары́ць1ачышчаць дрэва ад кары’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 3., КЭС., лаг.). Сувязь з лексемай кара (гл.) відавочная. Аднак цяжка вызначыць тып гэтай сувязі. Прасл. koriti мае другасныя значэнні і значэнне, зафіксаванае на ўсх.-слав. глебе (укр. корити, рус. корить), не мае адпаведных паралелей у іншых славянскіх мовах. Аднак калі прасл. koriti разглядаць як карэлят да čьrtǫ črěsti (?) ’рэзаць’, то значэнне ’ачышчаць дрэва ад кары’ можна разглядаць як першаснае, а kora як ’штосьці зрэзанае’.

Кары́ць2, укр. корити, рус. корить, чэш. kořiti ’пакараць’, славац. korit sa ’пакарацца’, в.-луж. korić ’пакараць’, польск. korzyć ’карыць’, балг. коря ’тс’, макед. кори ’тс’, серб.-харв. ко̀рити ’тс’, славен. koriti ’тс’: koriti sę ’спрачацца’. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. carināre ’здзекавацца’, ірл. caire ’вымова, знеслаўленне’. Параўн. з апошнімі ст.-слав. корити ’знеслаўляць’, славац. koriťsa ’здзекавацца’, рус. коритись ’тс’. Семантычныя адрозненні двух радоў дзеясловаў вымушаюць нас дапусціць ідэю аб суіснаванні аманімічных дзеясловаў koriti1 і koriti2, якія, напрыклад, ва ўсходнеславянскіх мовах поўнасцю зліліся. Тады, магчыма, рэфлексацыі koriti1 са значэннем ’пакараць’ і адпаведна koriti sę1 ’спрачацца’ можна суаднесці з літ. kãras ’вайна’, гот. harjis ’войска’ (супраць Фрэнкель, 220 і Трубачоў, Эт. сл., 11, 76–77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашары́цьачышчаць’ (Касп.). Сюды ж кашэ́рыцца ’старанна мыцца, ачышчацца’ (Шат.); параўн. яшчэ кашэ́рны (БРС). Рус. кошерный, польск. koszerny ’рытуальна чысты’ (у ст.-яўр. рэлігіі), ’дазволены да ўжытку’. У Фасмера, 2, 360, рус. ко́шерный, бел. ко́шэр. Тэрмін яўр. рытуалу. Непасрэднай крыніцай запазычання Фасмер (там жа) лічыць ідыш (košer; адсюль ням. koscher; усё са ст.-яўр. kāšēr ’прыдатны’). Падрабязную гісторыю слова дае Слаўскі, 2, 542–543. Ён адзначае, што ст.-яўр. kāšēr (прыметнік) ужываецца ў дзвюх формах: у форме нязменнай (без афармлення) і ў форме славянскага прыметніка (з суфіксам *‑ьnъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарка́ць, смарка́ццаачышчаць нос’. Параўн. укр. сморка́ти, рус. сморка́ть(ся), стараж.-рус. смъркати, ц.-слав. смръкати, смръкъ ‘смаркачы’, польск. smarkać, smark ‘смаркачы’, в.-луж. smorkać, н.-луж. smarkaś, чэш. smrkati, славац. smrkať, серб.-харв. шмр́кати, славен. smŕkati, smŕk ‘соплі’, балг. смъ́ркам, макед. смрка, шмрка. Прасл. *smъrkъ, *smъrkati (або *smr̥kati) роднаснае літ. smùrgas ‘соплі’, smurkštinti ‘запэцкаць, забрудзіць’, лат. smurgât, новаперс. morg ‘соплі’; усё з і.-е. *smerk‑/*smerg‑ (параўн. сморгаць). Гл. Фасмер, 3, 691; Махэк₂, 562; Шустар-Шэўц, 1323; Сной₁, 586; Рэйзак, 586; Борысь, 562. Сюды ж смаркачы́ ‘соплі’, смарка́ч ‘малады нявопытны чалавек’, смаркуль ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чы́сціць, чы́шчу, чы́сціш, чы́сціць; чы́шчаны; незак.

1. каго-што. Рабіць чыстым, здымаючы гразь, пыл і пад. з паверхні чаго-н.

Ч. касцюм.

2. што. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, садавіны, рыбы і інш.; разм.).

Ч. бульбу.

Ч. рыбу.

3. што. Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што-н.

Ч. сад.

4. перан., каго-што. Абкрадаць, рабаваць (разм.).

5. перан., каго (што). Лаяць каго-н., сварыцца на каго-н. (разм.).

|| зак. вы́чысціць, -чышчу, -чысціш, -чысціць; -чышчаны (да 1 і 3 знач.), ачы́сціць, -чы́шчу, -чы́сціш, -чы́сціць; -чы́шчаны (да 1—4 знач.) і пачы́сціць, -чы́шчу, -чы́сціш, -чы́сціць; -чы́шчаны (да 1—4 знач.).

|| наз. чы́стка, -і, ДМ -тцы, ж., чы́шчанне, -я, н. (да 1—3 знач.) і ачы́стка, -і, ДМ -тцы, ж.

|| прым. чысці́льны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Ч. агрэгат.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чы́сціць, чышчу, чысціні, чысціць; незак., каго-што.

1. Рабіць чыстым, ачышчаць каго‑, што‑н., здымаючы гразь, пыл і пад. Чысціць дыван. □ Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі. Хто [з партызан] чысціў зброю, хто гатаваў ежу, у зямлянках сядзець нікому не хацелася. Сонца прыпякала. Новікаў. // Здымаючы які‑н. налёт (пылу і пад.) з паверхні чаго‑н., наводзіць бляск, глянцаваць. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты. Лынькоў. // Ачышчаць, вызваляць ад таго, што забруджвае, загрувашчвае што‑н. Ранейшыя зімы, калі ў Мсціжах стаяла аўтакалона, дарогу чысцілі трактарам. Пташнікаў. — Мо зноў нарад у мястэчку аэрадром чысціць? — спрабаваў выказаць здагадку бацька. Паўлаў. // Выдаляць, убіраць што‑н., расчышчаючы. Чышчу снег каля хаты, Што надзьмулі вятры. Смагаровіч.

2. Разм. Здымаць лупіны, скуру, луску і пад. (з гародніны, пладоў, рыбы і інш.). Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка. Свякроў і нявестка селі на ўслончык на панадворку і пачалі чысціць бульбу на вячэру. Пестрак.

3. перан. Разм. Рабіць праверку з мэтай вызвалення ад шкодных, варожых элементаў.

4. перан. Разм. Рабаваць, абкрадаць. Чысціць кішэні. Чысціць сумкі. □ [Семяняка:] — Сынок яго ў лесе хаваецца ды валасныя касы чысціць, а ён [Сядура] тут нас на вайну ўгаворвае? Лобан. У той ваколіцы шляхта мела многа лесу. Гарадскія купцы іх патроху чысцілі. Бядуля.

5. перан. Разм. Лаяць, сварыцца на каго‑н. І ў захапленні тут жанкі Так пачалі нас чысціць спраўна, Ціпун бы ім на языкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́яць, вею, вееш, вее; незак.

1. што. Ачышчаць збожжа ад мякіны веялкай. Бацька [сына] за вароты вывеў, махнуў рукою і пайшоў збожжа веяць. Каваль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць (пераважна пра слабы вецер). У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Гарэцкі. Вее ў твар Цёплы вецер вясны. Звонак. // Віхрыцца, круціць. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор. Купала.

3. пераважна безас., чым. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, паху і пад.). На дварэ зусім сцямнела. Цёплай вільгаццю веяла ад ракі. Чарнышэвіч. Зноў над роднаю зямлёю Вее водарам хмельным, вясновым. Гілевіч. // перан.; безас. Распаўсюджвацца, перадавацца. Ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лупі́ць¹, луплю́, лу́піш, лу́піць; лу́плены; незак., каго (што).

1. Знімаць, абдзіраць (скуру, кару і інш.) з чаго-н. або ачышчаць ад лупін; абіраць.

Л. кару з дрэва.

Л. бульбу.

2. Драць на часткі (разм.).

Нашто ты кнігу лупіш?

3. каго (што). Моцна біць, лупцаваць каго-н.

Л. каня пугай.

4. 3 сілай удараць у што-н., па чым-н.

Л. нагой у дзверы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ужыв. замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое адбываецца з асаблівай сілай (разм.).

Лупіць дождж.

Л. у бубен.

Лупіць скуру (разм.) —

1) браць празмерна вялікую плату;

2) моцна біць.

Лупіць як сідараву казу (разм.) — бязлітасна біць каго-н.

|| зак. аблупі́ць, -луплю́, -лу́піш, -лу́піць; -лу́плены (да 1 знач.), злупі́ць, злуплю́, злу́піш, злу́піць; злу́плены (да 1 і 3 знач.) і адлупі́ць, -луплю́, -лу́піш, -лу́піць; -лу́плены (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́ргаць ‘шморгаць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘абрываць са сцябла галоўкі ільну’ (Сцяшк.), ‘рваць лён; часаць лён на грэбень; шморгаць носам’ (Жд. 2), ‘часаць лён’ (Шатал., Нар. сл.), ‘часаць лён на грэбень’ (Касп.), ‘церабіць лён’, ‘рваць’, ‘шараваць’, ‘шморгаць (носам)’ (Сл. ПЗБ), смо́ргацца ‘прадзірацца ад носкі, трэння’ (Байк. і Некр.), смарге́ль — аддзеяслоўная часціца (Нас.), смэ́ргацца ‘смаркацца’ (Нар. словатв.). Няма падстаў разглядаць як балтызм, параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 72. Генетычна суадносіцца з укр. шмо́ргати ‘тузаць, торгаць’, рус. сморка́тьсяачышчаць нос’, польск. smarkać ‘тс’, чэш. smrkati ‘тс’, балг. смъркам ‘уцягваць паветра’ і інш., роднасным лат. smur̃gât ‘мазаць, пэцкаць’, літ. smùr̃gas ‘смаркачы’ і пад. (Анікін, Опыт, 283). Гл. шморгаць. Сюды ж смаржо́к ‘вузел (на нітцы)’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)