прама́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Ма́рыць некаторы час.

прамары́ць, ‑мару́, ‑мо́рыш, ‑мо́рыць; зак., каго-што.

Марыць некаторы час. — Дык і вы там былі? — здзівіўся Андрэй. — А як жа. Хіба ж магла без мяне абысціся такая кампанія? Месяцаў восем прамарылі і выгналі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прама́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Промах, памылка, недагляд у чым‑н. [Жэня:] — Глядзіце, каб у вас не выйшла якой прамашкі ці неасцярожнасці. Кулакоўскі. — І так прамашак багата: у адным месцы Лабановіч — Андрэй Міхайлавіч, а ў другім — Пятровіч. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусце́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў пустым; апусцелы. У раскулачаны спусцелы дом Прыйшоў Андрэй да кінутай дзяўчыны. З. Астапенка. Чахнуць спусцелым гнёздам Пахмурай парой асенняй. Грачанікаў. // перан. Які страціў маральныя сілы, адчувае душэўную пустату. Доўга ляжала [Ганна] без слёз, ціхая, стомленая, спусцелая. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уссу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Сунучы, падняць наверх. Уссунуць бэльку на зруб.

2. Разм. Абуць, надзець (звычайна наспех, часова). Андрэй устаў, не запальваючы лямпы адзеўся, уссунуў на ногі боты, зняў з крука кажух і шапку, апрануўся і пайшоў з хаты. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́фель, ‑фля, м.

Шырокая, глыбокая лапата, прызначаная, галоўным чынам, для перасыпання сыпучых рэчываў. Андрэй набраў шуфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі. Барашкін грузіў смецце на каламажку шуфлем. Шуфель быў шырокі, з вельмі зручна выгнутым дзержаком. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назбіра́цца, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Сысціся, з’ехацца, сабрацца ў адным месцы. Ніхто і не спадзяваўся, што .. будзе так урачыста і што столькі назбіраецца гасцей. Чорны.

2. Сабрацца, сканцэнтравацца ў нейкай колькасці (аб прадметах). За два тыдні .. у шэрай папцы назбіралася багата паперак. Асіпенка. // Паступова назапасіцца, накапіцца (пра веды, вопыт і пад., а таксама пра пачуцці, узаемаадносіны і пад.). Андрэй упершыню падумаў, што нядрэнна было б паступіць у вячэрні аўтатэхнікум, каб прывесці ў парадак свае веды, якіх, як спадзяваўся Андрэй, назбіралася ў яго ўжо нямала. Шахавец. За вячэраю ўзгарэлася тое, што назбіралася за цэлы дзень. Трэслася Верамейчыкава хата ад лаянкі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што і чаго.

Прыгатаваць для яды смажаннем; засмажыць або абсмажыць. Падсмажыць яечню. Падсмажыць каўбасу. Падсмажыць грыбоў. □ Андрэй звяртаўся да дзяўчыны за нарадай, як падсмажыць катлету ці зварыць крупнік. Дуброўскі. [Зося:] — Учарашняя [бульба] асталася яшчэ. Падасце ім. [Бацька:] — Халодную? Вазьмі падсмаж на масле. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадо́ўжыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

1. Працягнуць якое‑н. дзеянне; вярнуцца (пасля перапынку) да пачатага. Прадоўжыць следства. Прадоўжыць сход.

2. Зрабіць больш працяглым у часе; павялічыць. Жыццё прадоўжыў нашым дзецям Ён [Гастэла], ахвяруючы сабой. Панчанка. — Ты, Андрэй, — адзіны, хто прадоўжыць наш род Агнёвых. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамя́мліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што і без дап.

Сказаць што‑н. неразборліва, невыразна, нясмела, ціха. — Ты можа захварэў? — дапытвалася маці. — Я вырашыў... жаніцца, — прамямліў Андрэй. Гаўрылкін. Камбайнер Рыгорка, які ўпершыню выступаў на сцэне, ад разгубленасці не дачуў суфлёра і нешта прамямліў ад сябе. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычо́лак, ‑лка, м.

Абл. Скат чатырохскатнай страхі над папярочнай сцяной. Дагэтуль бачу блакітна-белыя сцены падлюблінскіх хат з адным акном на вуліцу, якое глядзіць з-пад шэрай чупрыны саламянага прычолка. Брыль. Андрэй з Вольгай і Верасам заехалі на падворак нізкай хаты з саламяным прычолкам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)