укла́сці 1, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., каго-што.

1. Пакласці спаць. Пакуль Каця супакоіла дачку, накарміла яе і ўклала спаць, дык ужо добра і сцямнела. Гаўрылкін. / у паэт. ужыв. Спаць дзяцей уклаў Цёплы летні вечар. Гілевіч. // Уладкаваць на начлег, адпачынак. — А як жа ты [Рыгор] нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго? Галавач. // Прымусіць або памагчы легчы. Утрох, з дапамогай Яругіна, .. [маёра] ледзьве ўклалі, і ён, знямогшыся, тут жа заснуў. Карамазаў. Старэйшая сястра Поля кінулася да .. [Сашы], абняла, памагаючы ўкласці на ложак. Шамякін.

2. Пакрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Укласці стол кнігамі. Укласці дарожку каменнем. Укласці прызбу саломай. □ [Купчын:] — Што мы да гэтага рабілі? Бетон укладзём пад цэх — пайшлі далей. А цяпер і сцены будзем самі выводзіць, і аконныя пераплёты ставіць. Мыслівец.

3. Палажыць у пэўным парадку, размясціць, скласці якім‑н. чынам. Дастаў [бацька] .. смольны аскалёпак, пашчапаў яго на лучыны, якія потым акуратна склаў на спод грубкі, а наўкруг уклаў. «зрубам» абярэмак дроў. Масарэнка. // Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Усё гэта [прадукты] разам з шуфлямі і іншым начыннем ледзь уклалі ў вазок. Чарнышэвіч. // Прычасаць пэўным чынам валасы. Укласці косы вакол галавы.

4. Укладваючы, складваючы, пабудаваць, зрабіць што‑н. Укласці шпалы, Укласці трубы. □ Сонца ўжо садзілася за сасновы бор, калі ўклалі апошні кубаметр. Лукша.

5. Палажыць, змясціць унутр. Следчы ўзяў .. астрожнае накіраванне, яшчэ нейкія паперы, усё гэта ўклаў у канверт і аддаў паліцыянту. Машара. // перан. Пранізаць, напоўніць што‑н. якім‑н. сэнсам, зместам, думкамі і пад. Столькі шчырасці хлопец уклаў у песню, што, здавалася, яна сама лілася з сэрца. «Маладосць». Пад такім доўгім .. празаічным загалоўкам нельга ўявіць таго зместу, які хочацца яму ўкласці ў свой твор. Якімовіч. // перан. Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. (сілу, здароўе, жыццё і пад.). Ну хто, скажыце, адважыцца не даць кватэры начальніку аддзела капітальнага будаўніцтва, чалавеку, які, можна сказаць, кавалак жыцця ўклаў у гэты дом! Арабей. Мо таму ты [мама] так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх. Дамашэвіч. Ён [Шайпак] у станцыю ўсё Сваё ўмельства ўкладзе, Каб стаяла, як лялька, Яна пры вадзе. Куляшоў.

6. Аддаць на захаванне, выкарыстанне (грашовыя сродкі, капітал). Укласці капітал у цяжкую прамысловасць.

7. Разм. Забіць. [Макар Аўдзеевіч:] — Са сваёй стрэльбы я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М. Ткачоў.

8. Разм. груб. З’есці. [Раўбіч:] — А потым зубр пайшоў за санкамі, і еў сена, пакуль не ўклаў усё. Караткевіч.

укла́сці 2, укладу, укладзеш, укладзе; укладзём, укладзяце, укладуць; зак., што.

Стварыць, напісаць што‑н., падабраўшы і аб’яднаўшы якія‑н. матэрыялы. Укласці слоўнік. Укласці зборнік практыкаванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайсці́, перайду, пяройдзеш, пяройдзе; пр. перайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. перайдзі; зак.

1. што і цераз што. Ідучы, перамясціцца, пераправіцца цераз што‑н., на процілеглы бок чаго‑н. Перайсці вуліцу. Перайсці цераз раку. □ «Не пайду ў сталовую, перакушу тут», — вырашыў Косця і перайшоў трамвайную лінію. Адамчык. Паласа рэчкі прыпыніла белых, і тады стала ясна, што калі яны пяройдуць на гэты бок, то пойдуць наперад на многа вёрст. Чорны.

2. што. Прайсці якую‑н. адлегласць, прастору. Да цэха было зусім блізка: перайсці скверык, .. перабегчы чорную, як пасыпаную вугалем, дарогу — і цэх. Карпаў. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Крапіва. Падаліся хлопцы з дзяўчатамі. Пяройдуць выган, ускараскаюцца на дамбу і там танцы пачнуць. Б. Стральцоў. Жыццё пражыць — не поле перайсці. Прымаўка. // што. Размясціцца, распаўсюдзіцца, перасякаючы якую‑н. лінію, прастору. Гэтым месцам да самай шашы падступаў лес, і, здавалася, далёка наперадзе ён зусім перайшоў дарогу. Пташнікаў.

3. Перамясціцца з аднаго месца на другое. Перайсці ў другі пакой. Перайсці з залы ў залу. □ [Камандзір] пераплыў цераз Нёман і з ходу загадаў.. перайсці трошкі направа. Брыль. [Максім і Вера] перайшлі ў кабінет, запалілі верхняе святло і селі на канапу. Карпаў. // Змяніць месца свайго жыхарства, знаходжання. Перайсці на другую кватэру. □ Люба некалькі разоў парывалася ўстаць і сказаць старым аб сваім намеры перайсці да бацькоў. Васілевіч. [Тарэнта:] — Ён заўтра да цябе пяройдзе. Я сказаў яму, што больш трымаць яго не буду, няма на чым. Галавач. // Перавесціся, паступіць на другое месца працы, вучобы, змяніць месца службы, заняткаў. Усё ён рабіў усур’ёз, акуратна. Толькі вялікай радасці ад той работы ў яго не было... Зразумела, чаму з такой ахвотай перайшоў аграном з канторы МТС у калгас. Бялевіч. — Я тутэйшы калгасны каваль. Быў раней у тым калгасе, за лесам, а цяпер сюды перайшоў, тут каваля не было. Чорны. // Скончыўшы які‑н. клас, курс, стаць навучэнцам, студэнтам наступнага класа, курса. Навука ішла шмат тыдняў, месяцаў. Скончылі першы клас, перайшлі ў другі. Маўр.

4. Пакінуўшы каго‑, што‑н., прымкнуць, далучыцца да каго‑, чаго‑н. другога. На бок рэвалюцыйных рабочых перайшлі войскі Петраградскага гарнізона. «Весці». // Прыняць другое веравызнанне. Гэты вёрткі, танклявы мужчына служыў калісьці ў панскім войску капралам, дзеля чаго нават і перайшоў на католіка. Брыль.

5. Дастацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н., стаць чыёй‑н. уласнасцю. Улада перайшла ў рукі рабочых і сялян. □ Лісток за лістком Меер перагортвае стары пажоўклы псалтыр, які перайшоў да яго ў спадчыну ад.. дзеда. Бядуля. У паасобных мясцінах зямля перайшла да сялян без выкупных плацяжоў. «ЛіМ». // Апынуцца ў складзе чаго‑н., у распараджэнні каго‑н. іншага. У беларускую мову перайшло многа слоў з рускай і польскай моў. // Перадацца ад аднаго да другога; распаўсюдзіцца на іншых. Здавалася, што ленінская воля І сіла перайшлі ў мільёны сэрцаў. Грахоўскі.

6. Скончыўшы, пакінуўшы адно, пачаць другое. Перайсці да абмеркавання наступнага пытання парадку дня. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталізм, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы тым, што цвёрда верылі ў сялянскую рэвалюцыю. Ларчанка. Як кожны вечар, пасля дзённых турбот, гутарка .. [хлопцаў] перайшла да хатніх спраў. Маўр. // Прыняць іншы напрамак, пераключыцца на што‑н. іншае. Перайсці на гаспадарчы разлік. Перайсці на шматпольную сістэму земляробства. // ад чаго да чаго. Пазбавіўшыся ад аднаго пачуцця, стану, пачаць адчуваць другое. Ад злосці і лаянак Цыпручыха перайшла да шчырага смутку-тугі. Бядуля.

7. Змяніць спосаб, характар дзеяння, пачаць дзейнічаць іначай. Перайсці ад абароны ў наступленне. □ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Пачаць гаварыць, пісаць і пад. па-іншаму. Матка зірнула на гэта зусім проста, а потым адразу нейк перайшла на сур’ёзны тон. Колас. Рыбакоў .. працягнуў [сержанту] каробку «Казбека», невядома дзе здабытую, і адразу па-сяброўску перайшоў на «ты». Мележ. // Перамяніць умовы існавання, працы. Перайсці на малочную дыэту. Перайсці на нелегальнае становішча.

8. у што. Паступова мяняючыся, ператварыць ў што‑н. іншае, стаць другім. Колькасць перайшла ў якасць. Дождж перайшоў у снег. □ З часам вясна непрыкметна перайшла ў лета. Адцвілі сады. Даніленка.

9. што і без дап. Разм. Мінуць месца заходу, павароту, прыпынку. Каровы перайшлі свой двор.

10. Разм. Кончыцца, мінуцца (пра час). Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

11. Разм. Выйсці за які‑н. колькасны рубеж. Гарасіму Жураўскаму перайшло за пяцьдзесят. Чарнышэвіч.

12. Разм. Прайсці дзе‑н. вялікай колькасцю. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло... шмат народу. Колас.

13. перан. Разм. Уступіць, ахвяраваць што‑н. каму‑н. Няхай лепш маё пяройдзе.

•••

Перайсці (перабегчы) дарогу каму — захапіць, перахапіць тое, на што разлічваў іншы.

Перайсці Рубікон — прыняць беспаваротнае рашэнне, зрабіць адказны, рашучы крок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. □ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у знач. наз. чы́стае, ‑ага, н. Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала.

2. Разм. Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў.

3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула.

4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // Разм. Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў.

5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. □ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у перан. ужыв. Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў.

6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі.

7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак.

8. перан. Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. □ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. □ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава.

9. перан. Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх‑н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

10. Які застаецца пасля вылічэння чаго‑н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у знач. наз. чы́сты, ‑ага, м. [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач.

11. Разм. Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі.

12. Разм. Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго‑, што‑н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ.

13. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны. Чыстая тэорыя.

•••

Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (гл. мастацтва).

Чыстая вага гл. вага.

Ад чыстага сэрца гл. сэрца.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці чыстым гл. выйсці.

З чыстым сумленнем гл. сумленне.

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)